І ўсё глыбей і выразней акрэсліваюцца — не цэнтрабежнаю сваёй, а цэнтрапамкненнем — дзве прынцыпова раўназначныя дамінанты паэтычнага таленту Рыгора Барадулін: лірычная і гумарыстычна-сатырычная. Невыпадкова паэт апошнім часам рашуча пайшоў (у адрозненне ад ранейшай практыкі) на аб'яднанне гэтых плыняў пад адзінаю кніжнай вокладкай (а як жа «супрацівіцца» іх крэўнай узаемазалежнасці?!). Такі падыход выглядае і слушным, і па-мастацку перспектыўным. Пра гэта сведчыць і кніга паэта з яскравым падзагалоўкам-вызначэннем — «і лірыка, і гумар» — «Амплітуда смеласці». Праўда, «дэмаркацыйная лінія» ўсё ж асцярожліва захоўваецца: дзве «жанравыя дзяржавы» выступаюць у выглядзе асобных раздзелаў — «Карэнне аблачын» («чыстая» лірыка) і «Загоншчыкі славы» («чыстая» сатыра). Думаецца, ці не варта было б пайсці смялей на «знішчэнне» граніцы? Бо прырода барадулінскага таленту — зноў падкрэслім! — такая, што ў тую «чыстую» лірыку абавязкова ўскочыць «чортава рабрына» гумару. Ставіць тут памежныя слупы вельмі цяжка. Ды й прыгадаем класіку (Пушкін, Гейне, Купала...) — штосьці не згадваецца там гэтай, спецыяльна выстаўленай, «памежнай службы»...
Аднак будзем «танцаваць» ад той «печы», якую склаў Барадулін.
Першы раздзел — «Карэнне аблачын» — вядзе нас шляхам паэтычнага роздуму над самымі рознымі — простымі і складанымі — праявамі жыцця, вядзе сцежкамі памяці, дарогамі сяброўскіх сустрэч.
Вось лірычны, вынашаны ў глыбінях сэрца, выпакутаваны маналог, што прамаўляецца як бы самому сабе, але звернуты перш за ўсё да іншых, тых, хто, магчыма, не спазнаў яшчэ перажытага аўтарам:
А цяпер — увага! — прыпынімся на хвілінку: мабыць, нават толькі дзеля гэтага аднаго варта было пабачыць «крыло амплітуды» — у палёце!.. І дзе тут утрымаешся, «аб не падказаць: глядзіце, як на «чатырох вуглах» асноўнай рыфмоўкі: жывыя — завые, бацькоў — слупкоў «кладзецца» яшчэ адно звяно — рэхам: бацькоў — вякоў, коміны — анікому ён (ды плюс яшчэ: «адчай вякоў — гайнёй ваўкоў»)... Не выпадковае «шматгалоссе» — а высвечванне слоў і думак асноватворных. Гэта тыя галоўныя зоркі, па якіх мы вызначаем сузор'е зместу...
А вось — побач са шчымлівым, па-народнаму стрыманым роздумам — публіцыстычна-трывожны, да болю напяты позірк на сённяшнія праблемы грамадзянскага кшталту:
Пытанне не выпадковае. Пытанне і асабіста-чалавечай, лакальнай, і агульнай, сацыяльна-гістарычнай важнасці. Былі гарачыя (а дакладней — бязглуздыя) галовы, што імкнуліся спісаць з рахунку многія тысячы вёсак з жывымі людзьмі ў катэгорыю «неперспектыўных», адміраючых. І паэт бачыць адзіна правільную выснову: «На ўсё, што будзе, што было, адкажа час без нашай спешкі...» Не ў асуджэнні жывой вёскі на «бесперспектыўнасць», а ў яе адраджэнні — шлях, які падказвае само жыццё. Шлях, адчуты таксама і сэрцам паэта.
«Хат болей, чым людзей...» Ёсць і яшчэ адзін бок з'явы, бо «дасюль у кожнай хаце яшчэ жыве вайна». Старэюць хаты, старэюць і адыходзяць людзі, ды не старэе памяць. Яна вяртае і вяртае паэта ў той трагічна-вогненны час. «Балада жаху» — усяго чатыры радкі — і жыццё, няздзейсненае, непражытае, як напамін, як заклік зрабіць усё, каб такое больш не паўтарылася:
Рыгор Барадулін стварае галерэю вёсак, людзей, лёсаў партызанскай Ушаччыны («Былая вёска Аралля», «...Мама, я паслухаю шпакоў...», «Цётча», «Партызанка»). Некаторыя з гэтых вершаў перарастаюць у вершаваныя апавяданні-партрэты («Піліп»), Вобраз музыкі Піліпа выпісаны ярка, каларытна, з дэталёвай, вартай узораў сапраўднай мастацкай прозы, увагаю:
Сапраўдная апавядальная гісторыя разгортваецца — з сюжэтам-лёсам. Рыса, характэрная для творчай асабістасці Рыгора Барадуліна: проза жыцця знаходзіць мастацкае выяўленне па законах высокай паэзіі: Красунь у лес ад плётак