Сюжэтныя павароты-нечаканкі, дэталізацыя — усё гэта, штрых за штрыхом, распавядаюць жыццяпіс простага чалавека ў самых лепшых традыцыях (няхай не будзе гэта «абразай» у трактоўцы сённяшніх модных літкрыкуноў) рэалізму...
Трапнымі характарыстыкамі і назіраннямі пазначаны і літаратурныя вершаваныя партрэты, створаныя Рыгорам Барадуліным. Адзін пералік імёнаў, да якіх звяртаецца паэт, унушальны і выклікае цікавасць: Броўка, Панчанка, Куляшоў, Пысін, Быкаў, Караткевіч, Бураўкін, актрыса Марыя Захарэвіч... Вядома ж, не ўсе вершы, прысвечаныя гэтым і іншым дзеячам літаратуры і мастацтва, раўназначныя і па задуме, і па спосабах і глыбіні яе вырашэння. Але заўважым галоўнае: тэндэнцыю руху, «вырастання» звычайнага літаратурнага і сяброўскага экспромту-паслання з тае ці іншае прыватнай прычыны да грунтоўнага псіхалагічнага высвятлення вобраза, да аналітычнага абагульнення, зразумела, сродкамі паэзіі, а не крытыкі. Як гэта бачым, напрыклад, у адным з такіх твораў — «Чытае вершы Захарэвіч», дзе зліліся ў непарыўную мастацкую цэласнасць і штрыхі біяграфіі гераіні, і яе творчае акрэсленне, і лёс...
А якая канцэнтрацыя вобраза (тая, барадулінская, шматступеньчатая, пра што гаварылася напачатку) у двух радках пра Пушкіна:
Сатырычна-гумарыстычны пласт кнігі — «Загоншчыкі славы» — склалі вясёлыя мініяцюры, сяброўскія пажаданні, вершаваныя гумарэскі, гнеўныя рэплікі — словам, Барадулін у сваёй стыхіі. Гэта шматаблічны, усмешлівы і насмешлівы, казытлівы і бадлівы, прыбарысты і прыпірысты свет: знаёмых — названых па імені, і знаёмых — «інкогніта», здагадайся, маўляў, сам. Тут ёсць знаходкі непаўторна-трапныя — раз і назаўсёды. Адно слова — і закончаны вобраз-характарыстыка са знакам «Зроблена Барадуліным». Вось як, скажам, дзьме ў барадулінскую сатырычную дудку слова звыклае, пастаўленае ў пэўны кантэкст, высвечанае сугуччам са словам іншым (за якім стаіць адпаведны «крык» моды і ўяўнага прэстыжу):
Удала зажылі — цяпер ужо сваім асобным жыццём — усмешкі-перасмешкі да спектакля купалаўскага тэатра «Ажаніцца не журыцца». Права ў іх «на самастойнасць» бясспрэчнае і пацвярджаецца хаця б вось так:
Бліскучая, непараўнальная тэхніка (просьба дараваць «патэтыку», але ж іншым спосабам захаплення не выказаць) і такая трывалая жыццёвая прадметнасць!..
Багатыя на разнастайнасць нізкі вершаў, навеяных сустрэчамі ў іншых краях. Пра барадулінскія «радкі дарог» колькі слоў было ўжо сказана. Падкрэслім жа цяпер найперш тое, дзеля чаго і разгарнулі мы кнігу «Амплітуда смеласці»: ва ўзбуйненым, набліжаным плане пабачыць самае дабраіснае і дабратворнае, самае вызначальнае і, скажам, барадулінскае ў паэзіі Рыгора Барадулін. Так, яно выразна бачнае і тут, у «замежных» паэтычных вандроўках «Амплітуды смеласці»: паэт і захапляецца пабачаным вачыма падарожніка, і паглыбляецца ў далёкія пласты гісторыі народаў, але — з неадменным «фірменным знакам»: палёт паэтычнай фантазіі заўсёды знаходзіць трываласць зямнога грунту. І ў лучнасці з імі. — сур'ёзная ўсмешка, назавём гэта так. Вось яна, гэтая еднасць — у вершы «Сем адказаў рэха» (з балгарскага цыкла «Восень на Віташы»):
так і не знайшлося месца, каб «перапыніць» верш! Ды і дзе ты яго, гэтае рэха, перапыніш, зловіш на паўдарозе, пакуль яно само не ўпадзе на дол — і рассыплецца іскрамі хараства, падгалоскамі-перазвонамі: хо-ра-ша!..