Выбрать главу

Генадзь Бураўкін (а ён якраз і ёсць адзін з дзейных удзельнікаў таго вераснёўскага юнакавання і роздумаў), сын старажытнай Полаччыны, з першых паэтычных крокаў адчуваў, дзе яно — вечнае:

Не шукайце красы за морамі, Узбярэжжаў з крыштальнымі зорамі, — Прыязджайце да нас на Полаччыну, Пахадзіце яе прасторамі.

Гэтае запрашэнне-заклік (праўда, чамусьці ўпарта — ці не з першага чытання? — сядзіць у памяці: «Не шукайце экзотык за морамі» — замест «красы»...) мае ўсе падставы, бо «тут пад кожным курганам і каменем — ці быліна, ці казка чароўная», а яшчэ «тут на кожнага закаханага салаўёў па чатыры тузіны»!.. Так. яны сыходзяцца — вечнасць-гісторыя і вечнасць-юнацтва. І для Генадзя Бураўкіна гэта паэтычная еднасць дзвюх стыхій стане вызначальнай. Прыгадаем: Скарына, Каліноўскі, Купала, Чэ Гевара, Гагарын, Хатынь, Асвея... — зоркі і вехі на шляхах гісторыі сталі зоркамі і вехамі натхнення паэта, як і лёс яго аднагодкаў, пакалення дзяцей вайны, сэрцам і вуснамі якога сказана тэстаментнае — да роднай зямлі, да Беларусі: «Сто разоў кожным нервам сваім, кожнай жылкаю перажыў я твой мужны і велічны лёс... Я — пясчынка твая. Я — крывінка твая...» І сонечна-юнае: «Сёння я незвычайна радасны, ну, не хлопец — усмешка адна: цеплынёю дваццаціградуснай абагрэла мяне вясна... Я іду — дваццацігадовы, і дзяўчаты глядзяць на мяне...»

Такі дыяпазон душэўнага настрою Генадзя Бураўкіна — ад верша-прысягі да верша-гарэзніка — хочацца асабліва падкрэсліць яшчэ і з прычыны звыклага ў крытыцы нашай «ярлыкавання»: як пайшла з чыёйсьці «лёгкай» рукі гуляць па рэцэнзіях ды артыкулах атэстацыя, што ён паэт адкрытага грамадзянскага пафасу, трыбуннага напалу і гучання (што само па сабе і някепска, і небеспадстаўна), дык і па сёння трымае ў «крытычным цені», бадай, ці не палову зробленага ім у творчасці.

Я не знаю, удаўся ў каго я такі: Цягне дзіўная сіла мяне да ракі.
Цэлы дзень у прадоннях крынічных віроў Бачу гульні язёў, чуйны сон шчупакоў.
Я не знаю, удаўся ў каго я такі: Цягнуць, нібы магнітам мяне саснякі...
Чую: гліцу і мох прабіваюць грыбы... Каб не быў чалавекам, я б жаўранкам быў
І спяваў бы нястомней за ўсіх і званчэй, Каб рабілася людзям ад песні лягчэй...

Радаслоўная? Ці творчае крэда? Відаць, і тое, і другое. А мы сабе прыкмецім яшчэ адну акалічнасць: адчуванне паэтавай сувязі і еднасці з жыццём не толькі ў сферы «надбудовачнай», але і «базіснай».

Асцерагаючыся зноў жа «аднабокасці» ці «аднавокае^», толькі з іншым, супрацьлеглым, знакам, схілім усё ж увагу да Генадзя Бураўкіна «нечаканага», не запраграмаванага крытычнымі стандартамі. І пабачым свет шырокі і шматфарбны, свет, які дадзены нам і які мы ствараем, свет, які паглынае нас і які творыць нас, свет — зямны і нябесны, свет — як быццё і вечнасць. Свет просты і складаны — як жытні колас:

Хто раней, хто пазней, Толькі ўсе Зноў і зноў Мы прыходзім Да простых, як хлеб і паветра, Высноў: Што жыццё чалавеку — Любому — Даецца адно, І што, як ні надточвай, Кароткае вельмі яно, І што праўда на свеце Адна — Без крупінкі маны, І што шчасця на свеце Няма Без сваёй стараны...

І свет — як міг кахання:

Ты не ішла — асыпаная зорамі, Хмурынкай лёгкай да мяне плыла — Уся з адчаю, чысціні і сораму, З даверлівасці, страху і святла. Цямнелі, аддаляліся і чэзнулі Зямныя і нябесныя агні. І я ступіў насустрач цёплай бездані Здіўлення, шчасця, тайны, цішыні...

Такая яна — і немалаважная! — асаблівасць востра-публіцыстычнага Бураўкіна: піша ён на тэмы інтымныя ці не сама больш з усіх паэтаў-равеснікаў (якасць у нашай паэзіі ох якая дэфіцытная) і вершы пра каханне займаюць у кожным ягоным зборніку (як бы паэтычны контртэзіс спрошчанаму тэзісу крытыкі) добрую трэць, а то і палову. І ці не з доляю палемічнага падтэксту выдаў ён нарэшце кнігу «Пяшчота» — з вызначэннем «Лірыка кахання». Нібы сказаў: паэт — гэта сэрца, насцеж адкрытае жыццю, гэта свет з усімі яго радасцямі і трагедыямі, з яго пяшчотаю і суровай барацьбой, гэта космас — і далёкіх зор, і вясновай травінкі, і слязы на шчацэ каханай...