Выбрать главу
Мы хочам зразумець галактык мову. А хто мне скажа, думае аб чым Сцяжынка ў полі, спелы бор сасновы, Рачулка, што прыцмоквае ўначы?.. І зноў — як гаварыў Маякоўскі — «про это»: Яна ішла сцяжынкай вузкай Да вечаровага сяла. І ветразем над сіняй блузкай Касынка белая плыла.
Ах, незнаёмка, незнаёмка, Неспадзяваная бяда! І прыпыніць цябе няёмка, І адпусціць цябе шкада...

Ці не першымі з чытачоў нашы кампазітары здагадаліся, што крытыка нешта не дагаворвае пра Генадзя Бураўкін, заўважылі яго светлую — і з добрай усмешкай, і шчымлівую — лірыку, і ўзнялася яна на песенныя крылы, загучала і ў канцэртных залах, і на сябрынах, і проста так — на паўголаса, для сябе...

Патухаюць, цямнеюць высі, Зоркі ўспыхваюць над сінявой. Да пляча майго прыхініся Залатою сваёй галавой. Чуеш вецер і чуеш вечар? Чуеш, ціха бярозы рыпяць? На твае худзенькія плечы Асыпае звон зарапад. Гэта я з табой вечарую, Туманамі цябе чарую. Васількоў шапатліваю моваю Зачароўваю, зачароўваю. Роснай сцежкаю, рэчкай ціхаю Закалыхваю, закалыхваю...

Імгненне непаўторнае і высока-нябеснае, імгненне вечнасці. І — музыка, музыка: у радку, у дыханні, у цішыні...

А вось цяпер, пасля зробленых вытлумачэнняў катэгарычна пагодзімся і з тымі, хто сцвярджае: так, Генадзь Бураўкін — паэт, чуйна настроены на сучаснасць, паэт грамадзянскай наэлектрызаванасці, паэт-палеміст.

Добра помніцца, як усхвалявалі нас, і нязменна адчуваецца, як нясуць байцоўскую службу яго вершы «Адышлі ў нябыт панегірыкі», «Кампрамісы», «Не рабіце з людзей багоў...», «Уцякаюць хлопцы ў гарады», «Ад залысін да лысін...» Апошні з такой — па высокім рахунку — сённяшняй высновай: «Той сумленна рассудзіць, хто сабе не даруе...»

Ці заўважалі вы, што ўсё глыбей і глыбей карэніцца ў нашу размоўную практыку «сімбіёз»-неалагізм «жывое жыццё»? Першая рэакцыя была не вельмі прыхільная: таўталогія, стылёвая неахайнасць?.. Не кажам жа мы «мясное мяса» альбо «хлебны хлеб»... Аднак моўная рэальнасць — рэч упартая: нагадвае і нагадвае пра сябе «жывое жыццё»... Значыць ёсць яшчэ і другое жыццё — мёртвае? І міжволі задумваешся: а што ж яно тады такое?..

Грамадзянская пазіцыя Генадзя Бураўкіна ставіць звышзадачы: мала сказаць праўду (хоць і слова таксама справа), трэба і самому рабіць гэту праўду, змагацца за яе — кожнаму з нас і кожны дзень, кожным учынкам сваім... Паэзія, усё ж, не стырно, не руль, што адзіным паваротам можа рэзка мяняць кірунак чалавечай душы, наіўна чакаць ад паэтычнага слова імгненных вынікаў уздзеяння. Яна, паэзія, хутчэй, — плуг, што рыхтуе глебу, на якой узрастаюць духоўныя, маральныя шуканні чалавека.

Генадзь Бураўкін дапытлівы назіральнік, востра бачыць жыццё ў характэрных прыкметах. Пабачыў і паслухаў ён Ігру духавога аркестра ля ваенкамата, дзе маці праводзяць на службу ў армію сваіх сыноў, — і як шчымліва і трывожна падумалася паэту:

Духавыя аркестры, Паходныя трубы Папулярнымі робяцца Перад вайной... —

гэтая трывога ападае на сэрца тым — Хатынскім — снегам, што «ў памяці вечна стыне»...

Пра паэму «Хатынскі снег» цяжка гаварыць, цяжка яе пераказваць, як і наогул паэзію. Гэта незагойная рана, гэта боль людскі, які стаў болем асабістым:

...І бабы загаласілі: — А дзеткі! А вы ж не паспелі пажыць! А вашы ж ногі не паспелі нахадзіцца. А вашы ж рукі не паспелі напрацавацца. А вашы ж вочы не паспелі наглядзецца. А вы ж не паспелі ўнукамі парадаваць нас. Крывіначкі нашы! Сонейкі нашы! Дзеці! За што ж яны вас?!.

Словы такія — галашэнні — вартыя быць выбітымі на фасадах усіх ваенных міністэрстваў, — усіх, дзе яны ў свеце ёсць... Каб ведалі, каб не забываліся...

Праблемы лёсавызначальныя — небяспека знікнення, адыходу ў нябыт канкрэтнага народа — трывожна пранізваюць і сённяшнюю, мірную, атмасферу, адгукаюцца болем у сэрцы і думах паэта: