І — «раптам шэрая мышка-палёўка глядзіць на мяне»... «маленькімі бубкамі-вочкамі»... «быццам пытае: «Вярнуўся? вярнуўся?.. У норках маіх — зернейка, зернейка, хопіць нам на дваіх...» Вось дзе яна — надзея на вяртанне да жыцця: у адным-адзіным «зернейку»...
Зернейку спагады...
Як па мне, то, мабыць, і хапіла б для верша гэтага «мышынага вочка». Але ж нешта «пацягнула» паэта на «апошнюю страфу» — «зняць» мае чытацкія пытанні ці што? А можа, лепей было б, каб яны засталіся са мною?.. Аднак — пацягнула. Як на «апошнюю чарку», «аглаблёвую»... Быццам «усё выпіта», хоць і не дапіта, а яшчэ хочацца нешта «ўзяць для душы», дагаварыць, давесці, здаецца, самае галоўнае...
А бывае — і часцей за ўсё — яно ўжо сказана? І не трэба высільвацца... Але ж уздымны чад натхнення!.. Ды і, зрэшты, апошняе слова за паэтам. Астатняе — засведчана няхітрай мудрасцю аднаго аўтара (з творча-рэдактарска-цэнзарскага фальклору): «Ведаеш, як напісаць, то вазьміся і напішы. А маё не чапай...»
І яшчэ адно маё чытацкае «адкрыццё», а дакладней, пра тое, як я «шукаў» у гэтым вершы рыфму. З самага пачатку і не думаў пра яе (сведчанне сапраўднай паэзіі — калі не заўважаеш «формы») — проста чытаў. А на апошняй страфе, саткнуўшыся на яе «патрэбнасці» ці «непатрэбнасці», раптам «адкрыў», што яна без рыфмы:
Ну, без рыфмы дык без рыфмы — што ж тут дзіўнага... Але вярнуўся да пачатку. І першая страфа без рыфмоўкі. Праўда, тут «працуюць» сугуччы, пра якія ўжо гаварылася, і, мабыць, не горш за рыфмы. У другой страфе першы радок «падаў» голас апошняму, чацвёртаму: «ляцелі — целам»; другі і трэці радкі ад рыфмы адмовіліся (насуперак чаканню!.. — І «адсутнасць», магчыма, «прагучала» мацней, чым «прысутнасць»). У трэцяй страфе рыфма перакрыжавалася: першы радок перагукваецца з трэцім ды яшчэ з дадатковым падгалоскам у чацвёртым радку (унутранай рыфмай): «цела - трымцела — хацела»... Другі і чацвёрты радкі «ціхенькім» асанансам (Ціха — пусцілі) як бы рыхтуюць нас да страфы чацвёртай, дзе гэты прынцып рыфмоўкі загучаў «на ўвесь голас»: «горла — горкі, радзіму — дзікі»...
Такое вось каларытнае рознагалоссе атрымалася: ад поўнай рыфмы да поўнай яе адсутнасці... А галоўнае... галоўнае — «мышынае вочка»! Яно свеціцца з верша...
Паэт — гэта лёс. Формула класічная. Ісціна неабвержная. І не толькі для паэзіі як літаратурнага жанру, але і наогул для мастацкай творчасці. Для рэалізацыі сваёй прыродны дар, божы праменьчык, мусіць знайсці перасячэнне з лініяй лёсу. Лёсу, наканаванага не стракатасцю анкетных штампаў, а духоўнымі папаўненнямі, вехамі на рубяжах жыцця і смерці, болем і радасцямі, адкарбаванымі ў сэрцы мастака.
Раман Тармола прыйшоў у паэзію поплеч з сябрамі-аднагодкамі, чыё дзяцінства было апалена вайной. Гэтым у многім, калі не ў асноўным, і былі прадвызначаныя тэматычныя абсягі, настраёва-душэўны лад і кірунак яго творчых пошукаў, што знайшлі выяўленне ад самага пачатку — з першай кнігі «Асколкі і росы». Яшчэ і сёння, праз ужо не адзін дзесятак гадоў, паэт з хваляваннем згадвае, як чытаў ён верш-баладу з гэтага зборніка на сустрэчы маладых беларускіх паэтаў — удзельнікаў усесаюзнай нарады з Міхаілам Ісакоўскім, верш пра страшэнную раніцу: пасля начной бамбёжкі — на травах — жалезныя росы...
Са шчырай ухвалай выслухаў знакаміты паэт верш маладога беларуса — як бласлаўляў на плённую творчую дарогу...
Так яно і было, усё ў рэчышчы лёсу, сугучнага лёсу літаратурных равеснікаў... Ды аднойчы... Аднойчы — і раптоўна — жыццё абарвала гэту трывалую, здавалася, назаўжды прадвызначаную хаду. Вось ужо, сапраўды, лёс Рамана Тармолы не паскупіўся на выпрабаванні. Цяжкая хвароба паставіла яго, як гаварылася толькі што, на рубяжах жыцця і смерці. Рубяжах — бо іх было не адзін, не два... Аперацыя за аперацыяй — і ніводная не давала трывалай надзеі...
Але Раман Якубавіч не схіліўся перад навалай хваробы ў пакоры і разгубленасці. З нязломнай верай у жыццё ён аб'яўляе ёй вайну, у поўным сэнсе гэтага слова. Ён змагаецца са смерцю, каб перамагчы. І перамагае. І ў гэтым яго чалавечая мужнасць. І мужнасць яго паэзіі. Бо і яна разам з дактарамі ўвесь час была побач з ім і дапамагала выстаяць — Духоўная Сястра Міласэрнасці.