Выбрать главу

Гэтая паэзія склала кнігу Рамана Тармолы-Мірскага «Прычасце».

Калі чалавек ідзе да прычасця, то найперш збірае думы і нясе — нялёгкія і непад'ёмныя для самотнай душы — да чалавека другога, вернікі — да святара... Прычасце паэта Рамана Тармолы-Мірскага — споведзь перад сабою і людзьмі. І нясе ён не роспач, а тую кропельку, тое зерне надзеі, назавём яго словамі паэта: «не стала яшчэ горш...», зерне, што, прарастаючы, зноў поўніцца, паўстае жыццём:

Сягоння гнаў ад сябе скруху, Пачаў бязволле дакараць: Душа не любіць слабых духам І памагае паміраць...
Я не скажу, што стала лепей. Варочаўся хваробы смоўж. Але адчуў я, болю злепак, Што мне не стала яшчэ горш...

І тут жа — вершы побач у кнізе — як першы ўздых на ўсе грудзі, як адхланне пасля здушанасці, як вокліч удзячнасці:

Госпадзі, як добра жыць на свеце, Нават як нядобры гэты свет... Гэй, хто лішні прадае білецік На другі сеанс жыцця?...

Паэт Раман Тармола-Мірскі і чалавек Раман Якубавіч Тармола — гэта і ёсць той лёс, за якім «выжыве не цела, выжывае наш дух...». Непазбежнасць, вызначаная чалавеку як фізічнай існасці, уступае ў супрацьборства з яго існасцю духоўнай, і якая з іх выходзіць у пераможцы, вырашаецца — сведчыць і ўпэўнены ў гэтым сведчанні паэт — не ў апошнюю чаргу чалавечай воляй:

Жыццё у смерці адваёўваць Цаной уласнага жыцця, —

такім коштам (здавалася б, круг замкнуўся: за жыццё плаціць жыццём) гатовая адстаяць чалавечая душа сваё высокае наканаванне. І сцвердзіць тым самым права на жыццё.

Паэтычныя роздумы Рамана Тармолы-Мірскага не даюць падставы ні на момант усумніцца ў яго непахісным аптымізме. Сучаснасць і мінуўшчына, вечныя пытанні быцця і простыя людскія радасці, непазбежнасць і выпадковасць у асабістых і грамадскіх дачыненнях, далёкая зорка і расінка на кветцы — усё хвалюе, усё клопатам турбуе паэта. «Я ў жыцці, нібы ў разведцы...» Тэматычныя далягляды кнігі «Прычасце» вымяраюцца даляглядамі, перад якімі стаіць краіна наша і наш народ.

Голас паэта, як і душа, падуладны толькі жыццю. Голас-лёс. У ім лунае і змагарны, барыкадны заклік, і пяшчотна-закаханы шэпт. Дарога не ўсыпана кветкамі — на ёй больш церняў. Ды заўсёды з паэтам — шляхавызначальнай зоркай — родны вобраз:

І які ні прымярай куток Да мае вандроўнае натуры, Беларусь адна мне вочы жмурыць І слязіць і ясніць часта зрок.

З такою зоркай у вачах і ў сэрцы ідзецца надзейна і ўпэўнена...

КНІГА ЯК ХРАМ

Пры сяброўскіх сустрэчах-бяседах Янка Сіпакоў іншы раз не-не ды і прыгадае з пэўнай доляй шкадавання, як спазніўся ён з-за нейкага «бала» патрапіць на наш журналісцкі курс — і ўжо вучыўся годам пазней, чым Генадзь Бураўкін, Міхась Стральцоў, Юрась Свірка, Сымон Блатун, Мікола Гіль, Алесь Дзятлаў, Герман Кірылаў, Алесь Станюта (прыкметны быў набор!..)...

Але тут жа і суцяшэнне знаходзілася: у аднакурсніках Янкі Сіпакова былі Барыс Сачанка, Віктар Дашук — кампанія таксама пашанотная...

А зрэшты, усе мы тады — і курсам-другім старэй, і маладзей, і журналісты і «чыстыя» філолагі, скажам, Рыгор Барадулін ды на год «ранейшыя» Анатоль Клышка, Кастусь Цвірка — жылі адною дружнаю інтэрнацкай сям'ёй, штодня сутыкаліся то ў лекцыйных аўдыторыях, то ў бібліятэчных «чыталках», то на тлумных рэдакцыйных парогах. Так-так, ужо з першых дзён першакурснага жыцця купкамі і ў адзіночку наляталі мы ў Дом друку з адвечнай рэпарцёрскай надзеяй: прабіцца хоць бы адзіным інфармацыйным радком на газетную паласу. Выкладчыкамі гэта віталася і заахвочвалася: а як жа! — прафесійная жылка!... Ну а тыя, хто яшчэ і «рыфмаваў», нясмела неслі да строгіх рэдактарскіх сталоў і свае паэтычныя надзеі...

Такіх была ці не большасць. І можа, думаецца сёння, з адлегласці дзесяцігоддзяў, практычная журналістыка нашая шмат страціла, не далічыўшыся ў сваіх шэрагах творцаў, што цалкам і незваротна змянялі рэпарцёрскія пёры на пісьменніцкія «вечныя» самапіскі. Янка Сіпакоў у гэтым сэнсе выявіў добрае і выйгрышнае выключэнне. Бо жывая газетна-журналісцкая справа сталася для яго не прафесійнай адзнакай у дыпломе, а неад'емнай, сутнаснай пазіцыяй творчасці.