І нават той, «прапушчаны», год, які закінуў выпускніка вясковай школы ў раённую газету, вунь як адгукнуўся сёння: каларытнымі, багатымі на жыццёвыя малюнкі і характары, са слязою і ўсмешкаю, эсэ, якія чыталі мы нядаўна ў «Полымі» (і пра сваё першае, і няўдалае, абітурыенцкае падарожжа ў Мінск на вагоне, зайцам, і пра далучэнне да жыцця-быцця газетчыка-раёншчыка)...
Журналісцкі дапытлівы характар, «учэпістасць» да дэталі, імкненне «дакапацца» да сутнасці факта, як пабачым, заўсёды скіроўвалі, выводзілі, можа, нават і «падштурхоўвалі» Янку Сіпакова да не сказаць што сенсацыйных, але не стандартных, не трафарэтна-прадвызначаных крокаў і ў паэзіі, і ў прозе.
Ды, хутчэй за ўсё, і да прозы павярнула паэтычную сцежку Янкі Сіпакова будзённае журналісцкае «паляванне» на факты, сюжэты, калізіі, характары. І тут яго чакала несумненная ўдача.
Хоць сустрэчы з ёю былі і ў паэзіі.
Быў «Сонечны дождж», быў «Лірычны вырай». І была, выяўлялася задума, прасочвалася, прарастала імкненне — ад «проста» зборніка да Кнігі: вершаў, паэзіі. Кнігі, кампазіцыйна выверанай, змацаванай адзінствам задумы і мастацкага вырашэння. І калі ў «Лірычным выраі» толькі нясмела вызначаецца «пастаноўка задачы»: запеў — «Пачатак палёту» (лірычны ж вырай!) і фінал — «Заканчэнне палёту», а перад усім — эпіграф з Максіма Багдановіча, своеасаблівы паэтычны анонс, а можа, і творчае крэда, прамоўленае следам за класікам: «З нізкага берагу дно акіяна вачам недаступна, — глуха ўкрыла яго сіняя цемень вады. Але ўзбярыся ўгару на вяршыну ўзбярэжнай страмёны, — кожны каменьчык на дне, пэўна, пабачыш ты стуль», — так, усё, як з вышыні птушынага палёту, то ўжо далей Янка Сіпакоў вызначэнне дае катэгарычна і небеспадстаўна: Кніга. «У поўдзень, да вады», прыкладам, «Кніга вершаў», а «Усміхніся мне» — «Кніга трывогі» — твор цэласны, кампазіцыйна складаны, але распрацаваны па-мастакоўску дакладна і выразна.
Аднак, пэўна ж, самы адметны пасад займае тут «Веча славянскіх балад» — кніга, нібы храм, узведзены талентам дойліда. Архітэктоніка яе строгая, жанрава «замкнутая», завершаная, але адзінства не пагражае перайсці ў аднастайнасць дзякуючы багатай фактычнай напоўненасці, гістарычнай шматфарбнасці сюжэтаў, іх славянскай «шматмоўнасці», агучанай беларускім словам, — сапраўднае славянскае веча на скрыжаваннях стагоддзяў і лёсаў.
Толькі што ж мы ўсё аб форме, аб форме... Яно так — збудаванне цешыць вока. Аднак храм робіцца храмам, калі ён духоўна абжыты, напоўнены святлом не толькі знешняй, але і змястоўнай прыгажосці. Якія ж малітвы ўзносяцца тут, якія гучаць прароцтвы? Ці, прамаўляючы словамі Мікалая Забалоцкага, спытаемся: «...что есть красота... Сосуд она, в котором пустота, или огонь, мерцающий в сосуде?..»
А малітвы ў храме Янкі Сіпакова гучаць зямныя, напоўненыя адвечным людскім клопатам. Бо і сам ён — з гэтых малітваў-песень:
І, відаць, нездарма з'явілася тут імя і паэтычная формула Мікалая Забалоцкага. Прыгледзімся ды прыслухаемся хоць бы да «Веча славянскіх балад»:
Гэта — «Базары. Балгарская балада. XX стагоддзе». І ці не згадваецца ў разгорнутым малюнку размах знакамітых «Столбцов» Мікалая Забалоцкага? Як, дарэчы, і другога паэтычнага куміра — Уолта Уітмена, кнігу якога «Лісце травы» Янка Сіпакоў пераклаў на беларускую мову. І яшчэ раз заўважым: Кнігу — так было ў Уітмена, так было ў Забалоцкага: «Столбцы» — Кніга!..