Выбрать главу

Гэткая ж зямная, па сутнасці, малітва і ў прозе Янкі Сіпакова. Як мастацкай, так і публіцыстычнай, хоць, помнім, «кітайскай сцяны» пісьменнік паміж імі не ўзводзіць. «Нарыс, на маю думку, — гэта своеасаблівая аповесць, споведзь з лірычным, настраёвым або проста дарожным сюжэтам, дзе галоўная дзеючая асоба — канкрэтнае «я» — мае магчымасць выказацца...» — гэтае сведчанне аўтара сцверджана і яго творчай практыкай. Цяжка (ды і ці трэба?) вызначыць, што пераважвала ў «Крыле цішыні»: «прыцягненне» жывога, непасрэднага факта, уражання ці доля мастацкага дадумвання, «закруглення», «падгонкі»... Важна іншае: мы маем непаўторна-арыгінальную, таленавітую «Кнігу вёскі» (так: Кнігу), пад крылом якой утульна і мастацкай, і дакументальна-мастацкай, і проста дакументальнай стыхіі, дзейным асобам — і рэальным, і літаратурным.

Прыгадаем яшчэ «Пяць струн» — «Кнігу настрояў» (І. Лірычная струна. 2. Дарожная струна. З. Апавядальная струна. 4. Літаратурная струна. 5. Іранічная струна) ды «Жанчыну сярод мужчын» — апавяданні, што ў сумоўі сваім: супернічаюць з жанрава «чыста»-раманам (і ні ў чым не саступаюць яму!) аб жаночай долі-нядолі...

А вось — калі ласка: жанр спецыфічны газетны — «Інтэрв'ю з міс Палон Іяй» — разрывае свае рамкі, перарастае ў якасна новую існасць — паэму ў прозе:

«Ага, вось у каго я вазьму інтэрв'ю — у пані Ірэны, дырэктара гэтага магазіна.

— Пані Ірэна, што гэта такое — кветка?

— Гэта радасць.

— Таму вы займаецеся імі?

— Не! Я іх проста люблю. А я, заўважце, нічога не раблю ў жыцці, чаго не люблю. — А за што вы любіце кветкі?

— За справядлівасць...»

Ах, ды што яшчэ можа нагаварыць пані Ірэна! Заслухаешся. І зачытаешся... О, гэта пані Ірэна... О, Палонія...

Ад уласных лірычных мініяцюр — праз выдатна ўзноўленыя па-беларуску вершы ў прозе Івана Тургенева — да жанру, дзе сінтэзаваліся і паэзія, і проза, і журналістыка са знакам майстра: Янка Сіпакоў — прыйшла да нас кніга паэм у прозе «Ахвярны двор».

Літаратурны пошук у форме вартасны мацуецца тут дастойнай змястоўнасцю. Мастакоўскі позірк Янкі Сіпакова заўсёды высвечвае штосьці вельмі важнае для чалавечай душы. Гэта, скажам, і мудрасць стагоддзяў, застылая (але з жывым дыханнем! у каменнай легендзе армянскіх храмаў (паэма ў прозе «Ахвярны двор»):

«Чалавек ідзе далёка, а яго душа ідзе яшчэ далей. Чалавек залежыць ад дарогі, а душа ні ад кога і ні ад чога не залежыць. Яна вольная. І на зямлі, і на небе вольная...»

Гэта і наш чарнобыльскі боль (паэма ў прозе «Одзіум», пранізаная і радыяцыяй, і промнем надзеі і ўратавання: радок за радком — праз увесь твор — малітваю «Ойча наш...»):

«Усё лета я хаваўся ад радыяцыі», — хваліцца хлопчык з той страшнай зоны, бо пакуль яшчэ не ведае, што схавацца ад радыяцыі нельга.

«Доктар сказаў, што ў мяне дужа многа радыяцыі», — сумуе дзяўчынка з той жа самай зоны, бо ўжо ведае: тое, што з ёй, з ёй назаўсёды — радыяцыя не прастуда, яна не выводзіцца.

«Бабулечка, родненькая мая, я так хачу да цябе ў вёску, але напішы мне, калі ж ты выганіш са свае хатачкі радыяцыю?!» — рыдае малое, бо здагадваецца: не бабулечка выганяе радыяцыю, а радыяцыя выганяе бабулечку з хаты...»

Такі вось «рэпартаж з радыяцыяй у крыві»...

Пачалі мы ўспамінам. І закончым тым., чым канчаецца «Журба ў стылі рэтра» Янкі Сіпакова: пытаннем-сцверджаннем. Пытаннем-журбой перад мінулым і сцверджаннем-надзеяй перад будучыняй: «Што такое жыццё? Гэта адзінства, узаемаразуменне і садружнасць зямлі, вады, паветра і агню.

І яшчэ думкі. Але думка можа і не адбыцца, калі няма папярэдняга ўзаемаразумення.

А можа, наадварот, думка якраз і з'яўляецца насуперак такому адзінству і такой садружнасці?»

Вечны закон і сакрэт жыцця і мастацтва: у садружнасці і — насуперак...

1997

«ДЗЯЛЮСЯ З ЛЯСАМІ...»

Не, крыўды і тады не было, і пасля... А от пэўнае здзіўленне было. Удумлівы, не крыклівы, шчыры і трапяткі паэт — а пацягнула ж на такую «статутную ранжыроўку»: у публіцыстычнай «лімаўскай» нататцы Юрась Свірка сарамаціў творцаў і заклікаў раўняць песняю творчыя шыхты ў камуністычным паходзе (а гэта быў самы; росквіт «брэжнеўшчыны» — застою і паказухі) і ў якасці адмоўнага (як не трэба «спяваць») выстаўляўся верш, у якім аўтар замест узнёслага аптымізму ўпадае ў недаравальны песімізм, яшчэ пры жыцці замаўляючы сабе пахавальную музыку... Прозвішча «песіміста», праўда, не называлася... Як каму, а мне здагадацца было няцяжка — гэта пра радкі з майго верша «Сплывае гук, а думка застаецца...»: «...Не трэба слёз. І слоў не трэба плоскіх... Над пылам: прыдарожнае травы, над ростанню хай прагучыць Чайкоўскі...» і далей: «Праз небыццё ўсплывуць акорды Шостай...» (у тым вершы, навеяным Шостай сімфоніяй Чайкоўскага, думалася пра жыццё і смерць, пра іх сэнс думалася...)