Выбрать главу

Я ніколі не сказаў пра тое Юрасю — быццам і не распазнаўся... Ды і навошта, калі творчасць самога паэта шчасліва не зазнала тае «навукі», што знячэўку зляцела, «выскачыла» на свет з-пад «публіцыстычнага» пяра ды, здаецца, з той жа нататкай і заглухла, больш нідзе не азвалася...

І было ўсё так, бо паэт верыў жыццю, і жыццё давяралася яму, адкрываючы свае таямніцы, а не схемы. Непрэтэнцыёзная, натуральная філасафічнасць была, бадай, вызначальнай рысай ужо самых першых яго паэтычных выступаў і сталася асноватворным стрыжнем усяе творчасці. Аб гэтым дастаткова пераканальна сведчыць ужо сама настраёвая танальнасць, у якой гучаць назвы ягоных кніг: «Шэпчуцца ліўні», «Вечнасць», «Баравіна», «Крэўнасць», «Біяграфія памяці», «Ядранасць», «Паўшар'е блакіту», «Узаемнасць»... Усё ў паэта творыцца як бы насуперак таму «трыбуннаму закліку». Юрась Свірка не галёкае вершам, а даверліва перамаўляецца, іншы раз і таемна перашэптваецца, з жыццём, а гэта значыць — перш за ўсё з самім сабою... Такі закон творчасці, як зазначыў Мікалай Васільевіч Гогаль, нельга тварыць «міма сябе»...

Удумліва, нетаропка і засяроджана піша біяграфію сваёй памяці Юрась Свірка. Сцежкамі партызанскай Бягомельшчыны (куточак славутай зямлі няскоранасці і незямнога трагізму ў гады вайны з фашысцкай ардой) вядуць паэта землякі — людзі баладнага лёсу, а яшчэ — родныя лясы, прытулак яго ваеннага дзяцінства і калыска дум у дні сталасці. Ім нясе самыя запаветныя пачуцці, з імі — па-чалавечы вывярае паэт свае жыццёвыя пазіцыі. «Многім я абавязаны лесу, — прызнаецца Юрась Свірка. — Ён заўсёды неадступна ішоў са мною. І мне хочацца думаць пра яго, гаварыць з ім, як з чалавекам, услухоўвацца ў яго голас і настройваць свае думкі на яго вольны спеў». А вось як пра лес — у вершы:

Ён не любіць бедаваць. Ён да ўсіх з душою. Цягне рукі — аддаваць, А не браць чужое... —

Гэтая пазіцыя сардэчнай чуйнасці рашуча і непахісна супрацьстаіць «сытаму ныццю», дзе пануе «незадаволенасць жыццём і задаволенасць сабою»... Пазіцыя, падказаная лесам, але засведчаная і змацаваная душою паэта. Яны не ўяўляюцца адзін без аднаго. І заўжды ў крэўнай лучнасці: зямное прыцягненне лесу і нябесны ўзлёт яго вальнадумных кронаў... «Лясны камертон» ад самага пачатку вывярае мелодыю Свіркавай песні.

Пэўна, усе мы, з даўняй студэнцкай сябрыны, помнім «ціхае», але высокай канцэнтрацыі васьмірадкоўе Юрася Свіркі пра суніцы ў глухім, бязлюдным лесе:

Адцвілі, паспелі і завялі, І ніхто іх не прыйшоў сабраць...

Такія знаёмыя, такія з дзяцінства блізкія ўсім кропелькі лясной радасці — і такі нечаканы позірк на іх, такое зусім ужо не «лясное» шкадаванне... І ці не тое гэта самае, вечнае для паэзіі, «пытанне жыцця і смерці»?..

А вось яшчэ адно яго праяўленне — ужо ў глыбока асабістых, роднасных, стасунках (верш «Так думае мая сястра»):

Гляджу зайздросна я на вас: Вы — прыгажуні, каралеўны. А мой жа шчаслівейшы час Ужо далёкі — даваенны.
Муж-партызан любіў мяне Так, як ніхто на гэтым свеце... Сын і дачушка па вясне Асірацелі ў сорак трэцім.
Пакрыўдзіла я жаніхоў: Каханню здрадзіць я не ўмела І ў дваццаць пяць сваіх гадкоў, Нібы старая, пасівела.
Як жыць вам? — цяжка павучаць. Шкада не буду маладою, Не дай вам бог у дваццаць пяць Застацца вечнай удавою...

Гэта лёс роднай сястры паэта — гэта і лёс тысяч і тысяч беларускіх жанчын... Гэта лёс Беларусі, нарэшце... Верш-дакумент, што паўстае ў мастацкім вырашэнні, каб засведчыць трагедыю народа... Так паэзія Юрася Свіркі ўзнімаецца да маштабных абагульненняў...

І паўторым яшчэ раз сэнсавую паралель: «Адцвілі, паспелі і завялі, і ніхто іх не прыйшоў сабраць...» — «Не дай вам бог у дваццаць пяць застацца вечнай удавою...» — хіба гэта не вяртае нас ізноў да таго ж «пытання жыцця і смерці»?..

«Мне ў жыта хочацца ўвайсці, мне вечнасцю здаецца жыта», — сказаў выдатны наш паэт Аляксей Пысін. Дык вось тое самае Юрась Свірка мог бы сказаць пра лес. Так яно і ёсць:

Не ведае, ці будзе жыць, Але цвіце вярба...

І ў гэтай вечнасці, у несмяротным абнаўленні прыроды — недатыкальны запас жыццесцвярджальнай трываласці паэзіі Юрася Свіркі.