І лес адказвае ўзаемнасцю. Хапае ў абодвух і аднаго і другога — і шчасця, і бедаў... І асабліва балюча, калі віною таго выступае чалавечае варварскае стаўленне ці то да чалавека, ці то да лесу, да крынічкі, да журавіннага і жураўлінага балота, згубна асушанага...
І ўсё ж: не забывайма пра запас трываласці. Жыццё перамагае. Бо жыццё — вечнае. І на гэтай вечнай ніве галоўны араты і сейбіт — чалавек. Ён у адказнасці і за вечную душу прыроды, і за сваю ўласную:
Разам з жыццёвымі, несумненна ж, развіналіся, шырэлі і паэтычныя далягляды Юрася Свіркі. Дарогі і вандроўкі, блізкія і далёкія, прыносілі паэту багатыя ўражанні, цікавыя сустрэчы і знаёмствы, адкрывалі новыя характары і лёсы. Усё гэта і захапляла, і хвалявала. І пераплаўлялася ў паэтычныя радкі і строфы... Тут абжываюцца і Грузія з удзячнай памяццю за міласэрнасць: «Беларусь мая дала жыццё мне, Грузія ад смерці зберагла...»; і Крым з яго старажытнымі кімерыйскімі каранямі, татараханскім Бахчысараем; і Чувашыя з дзіўным калгасам, бо назву такую меў: «Самалёт» (амаль язычніцкае светаўспрыманне!..); і Латвія з такім настроем — нашым, сённяшнім, людска-памкнёным: «сосны любяць незалежнасць...» (гэта яны, юрмальскія сосны, а што ж мы, як жа мы? — людзі, народы, краіны?..)
Але — дзе б ні апынуўся паэт, з ім заўсёды быў родны лес.
І міжволі перакідваеш мосцік да паэтычнай згадкі: «на пуню залазіў, сядзеў на сасне», бо «некалі вельмі хацелася мне... пабачыць: а што там за лесам?..» Не толькі неба, але і «далеч паказвалі сосны...» І супастаўляеш сосны тыя, з узбярэжжа Балтыкі, і сосны нашы, з-пад Бягомля, што «паказваюць далеч» — і думаецца: а пэўна ж, «адрас любові» і ў тых, і ў гэтых супадае, адзін і той жа. З паэтычнага падтэксту вынікае глыбокі жыццёвы змест... Такія шматзначныя паралелі пабачанага і свайго сведчаць, дзе апірышча: паэтавы дарогі з непазбежным пастаянствам вяртаюцца дадому:
І зноў жа — якая знакавая паралельная ўзаемнасць: вёска — слоўнік жыцця, і захавальніца роднага слова — вёска. Самага значнага творчага плёну паэт дамагаецца на гэтым суладдзі і сумоўі: «...пяю пра вернасць зямлі і матулі, пра вечную мову сваю...» Тут невычэрпная крыніца творчасці — багатая і непаўторная...
Як трымае сейбіт на далоні зярняты, як любуецца, цешыцца нівай, слухае мову каласоў, так паэт з душой хлебароба песціць, абагаўляе роднае слова, захапляецца ім:
Якое шматгалоссе!.. Стаіш дзе-небудзь на ўзлессі — і слухаеш, слухаеш гэтую казачную сімфонію!..
А колькі такіх моўных іскрынак-россыпаў па ўсёй паэзіі Юрася Свіркі! Вось, прыкладам, толькі пра дождж: праліўны, патопны, грыбны, спорны, аблажны... І гэта ў адным толькі вершы!.. А то яшчэ: «праклюнуцца травы», «асака адскочыла», дуб «аджалудзіўся», «драмляк» — дрымучы лес...
Слова, нечакана пастаўленае ў кантэкст, стварае цэлы малюнак: «паабдымаліся з сасной» — гэта пра тое, «пакуль на воз яе мы клалі...» Ці гэты сэнсавы «перанос»: маці з таго свету пытае: «А як там, сынок, на тым свеце жывецца?..» — сапраўды, задумаешся: дзе ён, той свет, а дзе гэты?..
Юрась Свірка не толькі майстра ўштукаваць у паэтычны радок падслуханае, трапнае слова — ён умее ўдала скарыстаць, прыстасаваць традыцыйную фальклорную «форму» да самага сучаснага, надзённага зместу: