Выбрать главу
Засынай, маленькая трывога, Засынай, лянотная знямога; Засынай, няясная задума, Засынай, і здзек, і прага глуму; Засынай, жаданне — браць чужое, — Паслушэнства рабскае, сляпое; Засынай, няшчырасць і зазнайства, Засынай, і зайздрасць, і нядбайства...

Гэты верш «безыменны». Але з поўным правам ён можа называцца: «Калыханка». Калыханка-заклінанне, калыханка-адмаўленне, калыханка-пратэст супраць усяго, што стаіць насуперак светлай плыні жыцця.

Паэзія Юрася Свіркі, што пачыналася ад тае сасны дзяцінства, разраслася ў шыракадумны бор. І лёс у іх неразлучны, і наканаванне адно. Скажам пра гэта радкамі з верша «Бор»:

Праменяцца яго ствалы, як медзь. Імхі і верасы пасланы гожа. Разгневаны, Ён можа пашумець, І засланіць слабейшага ён можа...

2003

ДАЛЯГЛЯДАМІ «НОВАЙ ЗЯМЛІ»

Пакліканне перакладчыка, і асабліва паэзіі, яго прафесійнае стаўленне да перакладу ў вызначальнай сутнасці сваёй дужа нагадвае шлюбныя стасункі. Адбываецца шлюб альбо па каханні, альбо па разліку. Гэтак і пераклад: бывае альбо па сардэчным захапленні, альбо па меркантыльна-выдавецкіх замовах, што выліваецца — і нярэдка — у канвеерную гонку радкоў з перакладам на лічбы ганарарнай ведамасці...

Усім, хто ў той ці іншы час меў дачыненне да выдання сваіх кніжак у былых саюзных выдавецтвах, знаёмае ў большай ці меншай меры прыкрае адчуванне, што перакладаюцца твае творы не на рускую, а на нейкую «маскоўскую»: творчасць саступае месца «вытворчасці» — падрахунак вёўся на працадні. І калі пакутавалі ад такіх перакладаў празаікі (Іван Мележ, Васіль Быкаў ды й іншыя), то што ўжо гаварыць пра паэтаў... Заўважалася толькі адна пастаянная акалічнасць: паэзія, ну, скажам так, не самага высокага гатунку «падцягвалася» да пэўных выдавецкіх «стандартаў», набывала «таварны» выгляд, а вось паэзія сапраўды дастойная губляла штосьці самае важнае, тую таямніцу «між радкоў», што, уласна, і рабіла яе паэзіяй...

Не ўнікла падобнага лёсу і выдатная паэма народнага паэта Беларусі Якуба Коласа «Новая зямля». Да нядаўняга часу мела яна адзіны пераклад: на рускую мову. Параўноўваць яго — хаця б «в назидание» — не было з чым.

І вось — адзін за адным — з'явіліся і грунтоўна заявілі аб сабе, займеўшы пачэсны пасад, два пераклады: спачатку — на польскую мову, цяпер — на ўкраінскую. З'явілася і магчымасць для параўнання...

Дзесяць гадоў шчыраваў над польскім перакладам Чэслаў Сенюх; перакладчык на ўкраінскую мову Валерый Стралко «ўправіўся» значна хутчэй. Але ў абодвух выпадках — і адзін, і другі — працавалі па закліку сэрца, ніякіх выдавецкіх гарантый не маючы. Усё рабілася па любові. І гаварылася аб ёй з паэтам на яго роднай мове — гэта не малаважны, а то і вызначальны момант: перакладчыкі — і Сенюх, і Стралко — валодаюць мовай арыгінала.

І цяпер як бы мы ні шукалі прыкметы вартасцяў рускамоўнай версіі, настойліва карціць сказаць: пераклад гэты здзейснены па прынцыпе нейкай «калектыўнай любові», калектыўнага «падраду» — калгасны, адным словам...

Ажно паўдзесятка перакладчыкаў былі «привлечены к делу» (сярод іх і таленавітыя паэты, і... ніякія). А ў выніку — губляецца адзінства стылю, навідавоку выдавецкае памкненне да «залатой» сярэдзіны, дакладней: «усреднен ности»...

Таму і выкажам спадзеў: рускамоўны чытач чакае яшчэ сапраўднай сустрэчы з «Новай зямлёй» Якуба Коласа.

Польскі і ўкраінскі — ёсць падставы сцвярджаць — дачакаўся. Факт выключнай важнасці не толькі ў літаратуры, але і грамадскім жыцці братніх народаў. Бо сусветная паэзія (падкрэсліваю — паэзія) тэму Пошуку Зямлі — як пошуку народам свайго лёсу — раскрыла з такой глыбінёй і мастацкай дасканаласцю, пэўна, толькі ў нас, на Беларусі, паэмаю «Новая зямля». А гэты — і чыста зямны, і ўзвышана-нябесны, філасофскі — узлёт беларускага духу, мастацкае даследаванне душы чалавека працы, натуральна, не мог не адгукнуцца ў душы сусветнай — праз яе канкрэтныя праявы: польскую і, асабліва, украінскую. Чаму «асабліва»? А таму, што гістарычныя шляхі народаў нашых і сёння ў Пошуку — Сваёй Зямлі, Зямлі Запаветнай.

І таму гэтакі натуральны быў уваход перакладчыка Валерыя Стралка ў цудоўны свет Коласавай «Новай зямлі»...

Жыццёвы лёс яго склаўся так, што пасля доўгіх блуканняў і пошукаў ён знайшоў і прытулак, і працу на беларускай зямлі. Беларусь адкрыла яму і яшчэ адну сцяжыну — да сваёй мовы, да свайго мастацкага слова... Сам Валерый Стралко згадвае, як адразу ж, без лішніх перадумоў, з беларусамі стараўся загаварыць па-беларуску. Як мог. І старанне не сталася марным. Пэўна, выявіліся тут, далі аб сабе знаць і карані Чарнігаўшчыны, дзе нарадзіўся Валерый Стралко, зямлі, дзе на поўныя грудзі дыхае ўкраінска-беларуская крэўнасць. Можна толькі парадавацца цяпер, паслухаўшы, як нязмушана, натуральна размаўляе ён па-беларуску ў прыклад усім тым, хто дзесяцігоддзямі жыве ў Беларусі — і ні слова не можа (і не хоча) сказаць на мове яе народа...