На гэтай глебе, на своеасаблівай чуйнасці і схільнасці да іншых моў, а яшчэ і душэўнай адкрытасці да іх спасціжэння, абудзіліся і творчыя памкненні Валерыя Стралка: ён, чалавек тэхнічнай прафесіі, пачаў перакладаць беларускую паэзію спачатку на рускую, а неўзабаве і на ўкраінскую мову. Потым творы ўкраінскіх паэтаў загучалі ў яго перакладах па-беларуску... І адразу ж, першымі публікацыямі ў перыёдыцы, ён засведчыў: гэта ў яго атрымліваецца. І заўважым — да ўласнага яго здзіўлення: што адкуль узялося, у даволі паважаным узросце, — як бы наноў адкрыў сябе. І зразумеў, што не можа цяпер і ўявіць сваю штодзённасць без гэтага творчага захаплення...
Дастаткова нагадаць, што ў Валерыя Стралка набыў рускамоўнае жыццё шырока вядомы «Сказ пра Лысую гару», следам быў зроблены пераклад і на ўкраінскую мову. Перакладзена ім на ўкраінскую і рускую мовы і славутая папярэдніца «Лысай гары» — паэма «Тарас на Парнасе»... Сведчаннем яго перакладчыцкага шчыравання сталася кніга «Непагасны агонь». Гучыць яна адразу на дзвюх мовах: Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч гавораць па-ўкраінску, Тарас Шаўчэнка, Іван Франко, Леся Украінка — па-беларуску.
Знакавыя постаці і знакавыя творы выбраў для перакладу Валерый Стралко. Янка Купала — «Курган», «Свайму народу»; Якуб Колас — «Новая зямля» («Лесніковая пасада» і «Раніца ў нядзельку»); Максім Багдановіч — «Раманс» («Зорка Венера...»), «Слуцкія ткачыхі», «Пагоня»; Тарас Шаўчэнка — «Запавет», «Раве ды стогне Днепр шырокі...», цыкл: вершаў «У каземаце» (з Петрапаўлаўскай крэпасці); Іван Франко — «Каменяломы» (нагадаем: Камянярам назваў народ паэта — тым, хто руйнуе, крышыць скалу няволі...); Леся Украінка — цыкл вершаў «Мелодыі»...
Гэта не пералік — гэта сведчанне таго арэола, той аўры, што ўзыходзіць над кнігай. Кожная з назваў — сімвалічная, абуджае ў сэрцы столькі дум і памкненняў кожнага, хто ведае, шануе, любіць беларускую і ўкраінскую паэзію, хто ідзе з імі па жыцці. А такіх — не адзін мільён...
Згаданыя толькі што коласаўскія «Леснікова пасада» і «Раніца ў нядзельку» перакладчык абраў для сябе як бы тэставымі, праверачнымі на подступах да ўсяе «Новай зямлі».
Выбар быў беспамылковы: тут ёсць на чым і самому пераканацца і пераканаць іншых, што «замах» на перакладчыцкі плён не беспадстаўны.
І гэтак далей, і гэтак далей... Чытаеш — і палонішся ўражаннем, што так яно было сказана і на самым пачатку, самім Якубам Коласам. Тэкст чытаецца лёгка, арганічна, і праз некалькі ўжо старонак забываеш, што гэта пераклад. А вартасці яго звычайна правяраюцца на момантах хрэстаматыям-крылатых, афарыстычных. Пакарыстаемся гэтым, спосабам і мы, каб яшчэ раз пацвердзіць: лексічная роднасць, дыханне і рытмічны лад украінскай мовы даюць перакладчыку выключную магчымасць быць арганічна блізкім да арыгінала, захаваць яго амаль што ў першародстве:
(Так і падмывае зазірнуць у рускамоўны пераклад, Я. Мазалькова:
Па-першае, рыфмуюцца словы аднаго кораня: карапузы — пузе; а, па-другое, — куды ж дзяваўся каларытнейшы «пупік», на якім і сапраўды «ваўчком» можна закруціцца?..)