Выбрать главу
...Як ты стамілася, любая, як ты стамілася Побач са мной!.. ...Мы самі сваё прадказалі. Блукалі — кругамі сляды На дэкарацыйным вакзале... Блізкая спіць на плячы — Сніцца далёкая...

Такая — побач з метафізікай — дыялектыка... Ці — тэхналогія?..

І сапраўды, хочацца ўсклікнуць: Не азірайся, каханая, гэта не мы!.. Тады — хто ж? Зноў цені? Так: Прывіды нашы, спалохаўшы нас, праплылі...

Сапраўды — «час настаў спасцігнуць Веду»... І. пытанне з адказам правакуюць новыя пытанні:

А па кім жа я заплачу На мяжы, дзе цёмны стаў? А па Той, якой не бачыў, Той, што ў свеце не застаў. Па адной нецалаванай, Той, якой не цалаваць, Па адзінай, не спатканай Той, што Бог не даў спаткаць...

А «сюжэтны крыж» тым часам разгортвае крылы: яшчэ адзін «радок у Апакаліпсіс» — «Зона»... А яшчэ, да ўласна зоны, да чарнобыльскай, — «Беларуская песня» з дзіўным прароцтвам: «Можна ведаць наперад толькі тое, што помніш назад...» Трэба азірнуцца (як вярнуцца!..). І азірнуцца боязна. Бо там:

Разбой. Вайна і зноў вайна. Хапіла і крыві, і болю. Усё было — чаго ўжо болей? Скажы, у чым твая віна, Адкрый, у чым віны прычына, Мая самотная Айчына?.. Там: Хто паспеў звар'яцець — звар'яцеў, Хто прадацца хацеў — той прадаўся... Там: Прарокі страявым шыбуюць крокам, І ў кожнага на шыі нумарок Матляецца... А ў існага Прарока Без нумарка зацягнуты шнурок... Там: Сусед і брат не ведаюць віны. Нібы не мы, нібыта не яны — Народ, што прамаўчаў сваю дзяржаву...

І гэта ўсё — шлях да Зоны, яе злавеснае прадвесце. Гэта перадспеў «Зоны», уступ, у паэму, тую, ужо згаданую, дзе паэт палуднуе з богам і закурвае па-зямному...

Зона — як страта цяжарная Стратай. Просяцца хаты: хоць клямку пакратай! Самі — пад ногі — сцежкі — як змеі!.. Той, хто праз гэта стане вар'ятам, — Паразумнее. Чыстая смерць.. Без ніякіх прыкмет. Пуста. Чарнобылем пахне Сусвет...

Гэтыя апакаліптычныя строфы пераказваць немагчыма, нельга. Іх трэба чытаць, а значыць — цытаваць, без купюр, цалкам. Што зноў жа — немагчыма. А таму абмяжуемся:

Вочы дарослыя — поўныя зонаю. Вочы дзіцячыя — зонай пустыя...

Зона — гэта Чарнобыль. І зона нашага быцця, нашай духоўнасці наогул...

І нарэшце, па закону жанру пісанага і жанру дадзенага Прыродай: пасля псіхалагічнага піку, стрэсу, чарнобыльскага разлому — адхланне «Саракавіны засяроджаны роздум, суцішная і суцешная медытацыя на саракавой вярсце:

У сферных люстрах плаўных небасхілаў Абвалы зор і роўны рух снягоў Пад поўняю, што вёслаў не згубіла Над водамі, што выйшлі з берагоў.
Свет шырыцца да незанятых ніш І пустату закідвае насеннем, Што прарасце маланкамі паміж Самаз'яўленнем і самазнікненнем.
Бясконцае ствараецца бясконца — То скручваецца ў ніць на вераценца, То рвецца на спіралі і кругі,
Як гэта высь халодная нямая, Як гэта плынь, што берагоў не мае І шырыцца — шукае берагі...

І я раптам, мо ў дзесяты раз перачытаўшы радкі (штосьці такое шчымліва прасілася з падсвядомасці, нагадвала пра сябе), страпянуўся: «Дык гэта ж, здаецца, санет?!» Так і ёсць — ён самы... І пахваліў я паэта: форма незаўважная — найвышэйшая з формаў!..

Саракавіны... Сабраліся сорак гадоў. Сорак — паэтавых. Сабраліся да паэта — памужаваць, пагаманіць... А што ім скажа паэт? Паплача? раскаецца?.. О не — не дачакаецеся. Хоць яшчэ ўсе сорак гадоў! Паэт толькі тады і паэт, калі жыве ўсведамленнем — як абнаўленнем:

Не з тымі пайшоў і дарогай не той. Дарэмна дарога прасіла: «Чакай. Азірніся. Падумай. Пастой». Вяла невядомая сіла. Дарозе казаў: «Ты не тая. Маўчы». Ні д'яблу не верыў, ні Богу — І крочыў, і крочыў удзень і ўначы, Пакуль не адолеў дарогу. І рушыў далей — на цалік, і сляды Пакінуў, што сцежкаю сталі. А тыя, што з ім не пайшлі, хто куды Пазбочвалі і заблукалі. Глядзелі яны — хто з дупла, хто з нары, Аброслыя мохам з карою — Як ён пад гарою, як ён на гары, як знік і прапаў за гарою...