Выбрать главу

Але, здаецца, не на жарты ўваходжу я з ролі чытача ў ролю друкара: пачынаю перапісваць вершы — страфу за страфою. А што зробіш — калі падабаецца!..

А зрабіць застаецца толькі адно: пажадаць паэту спрыяльнай дарогі і сустрэч з людзьмі — тымі, між якіх (наіўная мроя!..) адсутнічалі «не тыя»...

І закончу страфой, аб якой друкары яшчэ і не ведаюць. А я — ведаю. І ведаю, чаму Уладзімір Някляеў зрабіў на «Прошчы» надпіс:

Мы сам-на-сам з прошчаю высільваемся. З начаю выжыльваемся, крэсівам, А тым часам, дарагі Васіль Васільевіч, Міма йдзе жыццё — і, бляха, весела!..

Здагадваюся і я пра гэта, Уладзімір Пракопавіч... І разумею...

1996

КАМП'ЮТЭР З ДУШОЙ ВАСІЛЬКА

Ён уваходзіў у сталае творчае жыццё — будзем пакуль што мець на ўвазе яго навуковыя штудыі і пошукі — у той час, калі паэт Барыс Слуцкі ні то сцвярджаў, ні то пытаўся: «Что-то физики в почете. Что-то лирики в загоне...»

Дык вось, зробім цяпер карэкціроўку і, зноў жа «пакуль што», выкажам здагадку: гэты малады «тэхнар» да самых драбніц (асабліва паводле знешніх прыкметаў: абранай прафесіі, вучобы...) быў апантаны памкненнем стаць як бы жывой антытэзай тым словам паэта. Бо, сапраўды, як паказаў час, як сцвердзіў лёс, гэты «фізік» быў захоплены, а дакладней сказаць, душа гэтая была прасякнутая — да самых глыбіняў, да самых патаемных куточкаў — «лірыкай»...

Кажуць, што навукоўцы — у самых нават абстрактных сферах іх дзейнасці — перажываюць адчуванне эстэтычнай асалоды, штосьці блізкае паэтычнаму натхненню. Кожнае навуковае адкрыццё суправаджаецца высокай радасцю творчасці...

Пра гэта гаварыў мне аднойчы і наш славуты беларускі матэматык акадэмік Уладзімір Платонаў. Нагадаю: ён пачуваўся сапраўдным следапытам у лабірынтах алгебраічных праблем, рашаў задачы, што не паддаваліся атакам не аднаго матэматычнага «генерала». Творчае азарэнне спадарожнічала Уладзіміру Платонаву. На маё пытанне, у чым. сэнс тых праблем, як перакласці рашэнне, хоць прыблізна, схематычна, на мову, даступную чалавеку, далёкаму ад матэматыкі, Уладзімір Пятровіч толькі спагадліва (і як гэта ў яго зазвычай атрымлівалася — быццам выбачальна-саромеючыся) усміхнуўся: на жаль, вось гэтая задача якраз і не вырашальная — не ўсім матэматыкам, хоць і не апошняга рангу, адкрыецца, бадай, сутнасць рашэння... Але паэзіі ў прыгажосці формул — для дасведчаных — не менш, чым у вершах самай высокай пробы...

Чалавеку, дзейнаму ў гэтай сферы, нельга не паверыць. Але ўсё ж, думаецца, «матэматычнае натхненне» чымсьці розніцца ад «паэтычнага» — дужа ж яны далёкія па сваіх вытоках, па генетычных каранях... Яно, канешне, няма «неадольнай» мяжы паміж правым і левым паўшар'ямі мозга, «адказнымі» кожны за сваю сферу разумовай дзейнасці — эмацыянальную і лагічную. Ды толькі факт, як кажуць, застаецца фактам: не кожны матэматык — паэт, як не кожны паэт — матэматык.

І тым большае выклікаюць захапленне праявы чалавечага духу, якому даступныя адразу два гэтыя сусветы інтэлектуальнай дзейнасці.

З такім выключэннем мы маем справу і ў нашым выпадку. І ўжо неяк міжволі «здагадка» наша перарастае ў загадку: як мог адзін чалавек, гэты самы «тэхнар», здзейсніць такую аб'ёмную працу, зусім іншай, здавалася б, душэўнай, настраёвай арыентацыі. Вось: «Антология белорусской лирики XIX-XX веков. Составление и перевод с белорусского Геннадия Римского» — важкі том, скажам так, у фірмовым, класічна-простым, сціплым, дакладным паліграфічна-мастацкім афармленні «Беларускага кнігазбору». А перад гэтым быў як бы томік-разведчык, плён супрацоўніцтва перакладчыка з маскоўскім выдавецтвам «Русский двор». Там жа паўстае і двухтомнае выданне беларускай паэзіі ў перакладах Генадзя Рымскага... Як паэтычны манумент над яго заўчаснай магілай...

Калі ў тым, «разведным», томіку загаварылі з рускамоўным чытачом 59 аўтараў, дык ужо ў «кнігазбораўскім» томе іх кола пашырылася аж да 135: ад Яна Чачота і Яна Баршчэўскага да Сыса, праўда, не Анатоля, а Сяргея. А паміж гэтымі адзнакамі — і асабовымі, і часавымі — сустрэнем «між імён, праслаўленых на свет», і такія: Ігнат Канчэўскі, Уладзімір Дудзіцкі, Сяргей Крывец...

Словам, праца прароблена, паўторым, аб'ёмная і карпатлівая. Праца не аднаго года.

Праца, якую «між іншым» не зробіш, калі залічыць у «міжіншае» «Сістэмы пераўтварэння многаканальнай графічнай інфармацыі ў электрычныя сігналы», «Аўтаматызацыя даследаванняў дынамічных сістэм», «Каранёвыя метады даследавання Інтэрвальных сістэм». Гэта толькі некаторыя з манаграфій Генадзя Рымскага. А яшчэ — доктарская дысертацыя на тэму «Агульная тэорыя каранёвых траекторый і аўтаматызацыя даследаванняў сістэм кіравання на яе аснове». А яшчэ — 31 аўтарскае пасведчанне на вынаходствы новых прылад і сістэм, на некаторыя з якіх былі выдадзены патэнты найбольш развітых краін: свету: ЗША, Англіі, Францыі, Італіі, Японіі...