Выбрать главу

Відаць, гэткім жа чынам быў пакліканы Генадзь Рымскі і багдановічаўскай «Веранікай». І зноў жа, заўважым: перакладаецца не ўсё вершаванае апавяданне, а толькі фінал ягоны (той «пастскрыптум» — «Ізноў пабачыў я сялібы...»), пакладзены на музыку Ігарам Лучанком і акрылены «Песнярамі»...

Давайце ж прачытаем: Увидел вновь края родные, Где годы первые прошли: Там стены мхом уж поросли, На стеклах — радуги чудные. И все в пыли. Так стало мне Печально, грустно в тишине. Я в сад пошел... Все глухо, дико, И все травою заросло. Что было раньше, то прошло, И только росчерк «Вероника» На липе, врезанный в коре, Мне говорил о той поре. Расти же, наливайся, древо, Как монумент живой вставай И к небу надпись поднимай. Извечна истина напева: Чем дальше даль уходит дней, Тем имя милое родней.

Вось так — Багдановіч па Рымскаму: пераклад у шэрагу іншамоўных прачытанняў паэта — дастойны. Чытачу, які не ведае арыгінала, які душою не зросся з кожным яго словам, рускамоўны пераказ даносіць сэнс багдановічаўскага тэксту. А вось перабоі ў дыханні (тут ужо, дзеля справядлівасці скажам, пачынаюцца вечныя «пакуты» і «прычэпкі» да перакладу з боку тых, хто мае магчымасць чытаць арыгінал...), ну хоць бы тыя ж «сялібы»... — «камень спатыкнення» для любога перакладчыка... Браніслаў Спрынчан, да прыкладу, скарыстаўся аднакарэнным, але, здаецца, неадэкватным: «селенье» («Ізноў пабачыў я сялібы» — «Я вновь увидел то селенье»). А Генадзь Рымскі, наогул, «абышоў» гэты «камень», «абмінуў»: «Увидел вновь края родные», — не «спатыкнуўся», утапіўшы ў «агульным» такое — на вагу золата — канкрэтнае, трапяткое, не «заезджанае» слоўца... Калі б гэта мой быў выбар, то я «адважыўся» б пакінуць яго «жыўцом», — чым кепска: «Я вновь увидел те селибы...»?.. Не варта ў такіх выпадках баяцца парушыць «рускамоўную стэрыльнасць»: коранем сваім слова сэнсава даступнае, зразумелае, а дадаткова — якім дыяментам ззяе яно!.. Як вакол сябе гуртуе фразу, не проста аздабляе, а стварае паэтычны вобраз. (Дарэчы будзе заўважыць, што сучасныя рускія пісьменнікі — і паэты ў тым ліку — усё часцей і часцей «зазіраюць» у нашу моўную «кладоўку», дзе, на зайздрасць іншым славянскім мовам, захаваліся самыя першародныя лексічныя залацінкі.)

А вось багдановічаўскаму «Няма таго, што раньш было» перакладны адпаведнік, здаецца, знойдзены ўдала: «Что было раньше, то прошло»...

Дзесьці паўкрокі да мэты — «Чым болі сходзіць дзён, начэй...» — не хапіла перакладному радку «Чем дальше даль уходит дней...» Дастаткова было б замест «уходит» сказаць «ушедших» — і ўсё загучала б натуральна, і знікла б гэтая коснаязыкая інверсія... Радок — хоць стаўляй у рад класічных: «Чем дальше даль ушедших дней...» (Але гэта ўжо, як кажуць, на тэму «Калі б я быў рэдактарам»...)

І гэтак — страфа за страфой, верш за вершам, аўтар за аўтарам... — цікавыя знаходкі, удачы, і — не-не ды й «выскачыць» агрэх, часцей за ўсё нязначны, лёгкі для: выпраўлення...

Зноў — Максім Багдановіч:

Привет, морозный, звонкий вечер! Привет, скрипучий, мягкий снег! Метель не веет, замер ветер, И волен легких санок бег. Мечтая, белые березы В голубизне ночной стоят, А в небе звезды от мороза Похолодевшие дрожат. Оттуда месяц прямо в поле Прозрачный светлый столб спустил И ризой шелковой раздолье Снегов синеющих накрыл. Взорвите ж санями их, кони! Залейся бубенцами, медь! Вокруг леса летят в погоне, В груди кровь начала кипеть.

Каб пацвердзіць, што гэта здорава і ў перакладзе, так і карціць працытаваць арыгінал: «Здароў, марозны, звонкі вечар!», аднак, зацікаўленыя адшукаць яго, думаем, магчымасць знойдуць. А вось заўважыць, што хораша лягло ў радок скарыстанае і Багдановічам слова — багдановічаўскае! — «прывет» («Прывет табе, жыццё на волі!..»), варта. Варта адзначыць з'яўленне ў перакладзе і яшчэ аднаго — знакавага — слова Максіма Багдановіча — «пагоня»: «Вокруг леса летят в погоне». Хоць у арыгінале яго няма: «Вакол лятуць бары і гоні». Такую «замену» можна толькі вітаць.

І ўсё ж можна было б унікнуць такога прачытання ў арыгінале «Як мары, белыя бярозы...» — «Мечтая, белые березы...» Багдановічавы «мары» — багіні, німфы нашай старажытнай, язычніцкай міфалогіі, — «асучаснены» ў «мары» — «мечты». Браніслаў Спрынчан «улавіў» гэты нюанс: «Как привидения, березы...» пераклаў, быццам вычытаўшы ў Буніна: «Как привидение, береза стоит, серея за окном...» — ёсць у славутага празаіка верш з гэтакім жа малюнкам, нават з тою ж рыфмай «береза — мороза»... Чымсьці падобная да названай і яшчэ адна моўная «пастка», што напаткала перакладчыка ў іншым вершы. «Заснаваная» яна на «даверы» таму сэнсаваму значэнню слова, якое «ляжыць на паверхні». Гэта здараецца, калі нейкі спецыфічны, рэдка скарыстоўваемы ў сучастай моўнай практыцы тэрмін (архаізм) і назва агульна- і шырокавядомая перадаюцца адной і той жа лексемай (словы-амонімы: аднолькавыя па гучанні, але розныя па сэнсе). Вось так і ператварыўся ў адным з перакладаў «зямны шар» — «куля» ў кулю звычайную, тую, што вылятае са ствала агнястрэльнай зброі...