І вось — «узнікла аддаленая постаць... (не-не, не сябра. — В. З.)... Гэта была дзяўчына, гімназістка.
Знаёмы з ёю, я не знаў пра яе нічога (запомнім гэта, каб неўзабаве прыгадаць. — В. З.). Пэўна ведаў хіба што адно — з усіх існых еўрапейскіх местаў найбольш ёй падабалася Прага...» І як выснова — яе прызнанне, заключанае ў двухрадкоўе, на якім, фактычна, і трымаецца «рыфмаваны жарцік», экспромт у дзве страфы: «З табой у Менску разам будзем, а ў Празе буду я адна» — юная «ўзнагарода» ўмудронаму «вопытам». Свет інтымна-асабісты для яго закрыты, пазначаны пячаткай таямніцы. Туды доступу няма. І не будзе. Бо — старонні. Ён выштурхоўваецца глыбінёю на паверхню — на хвалю лёгкай гульні... І таму — зноў проза: «Мне было няўтульна, нават колка, нібыта маю шыю абвівала шыпшынавая галіна...» Такія «абдымкі»... І яшчэ адна спроба «папетушыцпа»: «Ведай, самыя лепшыя мужчыны — паэты...» — на што гімназістка, здаецца, і брывом не павяла...
І ўсё ж гэта яшчэ пакуль што толькі светлае прадвесце. Светлае, бо: «Яна ішла, кульгаючы, проста на мяне. Абязвечаная Неферціці. Адкрыты змест беспараднасці. Надламаная жалейка. Лебедзь на лёдзе...»
Гэта набліжалася не тая, набліжалася іншая — прыгажуня з адметным фізічным калецтвам — кульгавасцю...
«Я не быў з ёю знаёмы, але ведаў пра яе ўсё (акрамя, вядома, яе любімага еўрапейскага места)!»
Вось цяпер і ўспомнім тое «няведанне» ў шчасці і гэтае «веданне» ў няшчасці.
Для шчасця можна не ведаць нічога.
У няшчасці будзеш ведаць усё. Усё спазнаеш воляю няўмольнага лёсу.
І паэт сведчыць гэта: той, гімназічны, па сутнасці, «жарцік», тая невідушчасць шчаслівага, руйнуецца, закрэсліваецца відушчасцю чалавечай трагедыі:
Вось так: выяўляецца, што і ў паэта ёсць пытанні, хоць сказана было: «Я... ведаў пра яе ўсё...» Дарэчы, і пачыналася сустрэча з пытання: «...Хто ты?.. Адкуль?..» — пытання зусім не абавязковага, дзяжурка нікчэмнага перад усім, што ведае яна ў сваёй трагічнай прыгажосці...
Асцярожна заўважым: ці не варта было б памяняць гэты неаспрэчны клічнік на знак пытальны?.. «Існы момант» — ён «ад паэта». А існасць, у прыватнасці яе існасць, несумненна ж мае і тое, што было, і тое, што будзе. Існасць жанчыны бязмежная — не сваёй зямной асуджанасцю, а зорнай непрадказальнасцю, касмічнай верай у сваю наканаванасць.
І ці не таму на шкадобнае паэтава: «Добры вечар, спадарыня... Дайце руку... Будзе добра нам тут, у «Іспанскім кутку...» было «ў адказ усё тое ж — маўчанне і боль...» Не — зусім не з прычыны, што «скрыпка змоўкла, і пахне адно каніфоль»... Тут тоіцца штосьці іншае... Яна — не для шкадавання. Яна — самавыява разумення, нашаптанага Богам: прыгажосць не бывае кульгавай... Прыгажосці кульгавай няма.
А паэт? Сустрэўшыся з сябрам, з якім «не бачыліся сем доўгіх месяцаў», не стаў (прадчуванне яе прыгажосці!) «расказваць пра шчаслівую гімназістку і кульгавую красуню...» «Мы доўга не размаўлялі як паэты, таму гаворка наша адразу ж набыла паэтаграфічныя рысы»...
Што ж, гаварыце, гаварыце, паэты...
А прыгажосць з пагардаю не падала руку... Не будзьце ў крыўдзе: прыгажосць вышэй таннага жалю. І таму — вышэй паэзіі...
Зрэшты, № 26 ёсць непасрэднае сведчанне таго, што існуе яшчэ і нумар 27, а там... і 100, і 100 ў эннай ступені...