Выбрать главу

Ён і з жыццём у своеасаблівых, як бы тут сказаць, не «гераічна»-наступальных, а ў медытатыўна-засяроджаных стасунках:

О не, яшчэ не думаем аб смерці. Адкуль жа прысмак смерці на губах?

На што Кацярына Варанцова, як вастрыё стралы, скіроўвае: «і лёгка так згаджаешся на смерць...», — адрасаванае асенняму лісту, а між тым і (невядома-незнаёмаму) Ігару... Хлапечая хватка ў гэтай Каці!..

Не хацелася б вышукваць нейкія праекцыі, скажам, на Каменнага госця, Камандора, у выпадку з «каменнымі людзьмі», я толькі пра тое, што прачыталася мне, мінуючы ўсялякую папярэднюю зададзенасць. Я і чытаў гэта, каб проста чытаць у штодзённай маёй электрычцы «Мінск — Зялёнае»... А вось хацеў бы парадавацца і з вамі, усімі, хто любіць паэзію (ёсць паэты — жыве надзея!). Парадавацца, калі б не горкія думы, прамоўленыя юнымі — мудрымі і абцяжаранымі (?) жыццём...

Р. S. (2008). Хацеў бы парадавацца і цяпер — праз «тузін» гадоў: як узмужнелі тыя паэтычныя парасткі?.. Нічога нідзе не давялося прачытаць... Маўчанне?.. Спытаўся ў Алеся Масарэнкі, натхняльніка і кіраўніка (усё, на вялікі жаль, у былым...) як суполкі юных паэтаў, так і часопіса «Першацвет». Нічога не ведае і ён...

Застаецца пэўным толькі адно: думкі, выказаныя тады юнымі, гучаць падзённа, горка, балюча і сёння — прыкмета сапраўднай паэзіі...

МАСНІЧКА Ў СВЕТ СУНІЧНЫ...

Здаецца, лёс ад самага пачатку творча спрыяў Алене Якаўлевай — яе паэтычныя мроі шчасліва супалі з паэтычнай аўрай роднай вёскі Ігрушка...

Прамовіш адно толькі назву — і ўжо ва ўяўленні адразу ўзнікаюць белыя сады ў вясновай квецені. І дзесьці на ўскрайку поля, на мяжы, — летуценная, задумная, светлай аблачынкай — ігруша...

Я сам мог бы засведчыць гэта. Не злічыць, колькі разоў мой шлях дадому, у Мачулішча, і з дому — то на закалыханым аўтобусе, то на спадарожнай машыне, а то, здаралася, і пешкі (два дзесяткі кіламетраў) — перасякаў гэтую вёску: так — папярок Ігрушкі — ляжыць дарога, калісьці брукаванка з каркаломнымі выбоінамі, цяпер — асфальтаваная шасэйка...

Дык вось: мог бы засведчыць... А чаму ж і не: сады тут ёсць — нават усцяж дарогі, вялізны, калгасны, праўда, запушчаны, амаль здзічэлы... І ўсё — яблыні, яблыні... А вось ігрушы — не давялося ніводнай пабачыць...

І тады ўяўленне міжволі скіроўвала развагі да іншай «этымалагічнай каляіны»: а можа, «Ігрушка» зусім і не ад «ігрушы» найменнем абзавялася?.. Ёсць жа тут, у нашых мясцінах, і яшчэ адна вёска — Ігрышча. А цераз, так скажам, поле ды балота ад Ігрушкі — Шчаўры, дзе гасцяваў калісьці Дунін-Марцінкевіч і засведчыў (у «Шчароўскіх дажынках» (цікава толькі: а чаму не «шчаўроўскіх»?..)), як «Дойка на ігрышчы з Талеркай танцуе»... Ды і дарога да Шчаўроў спрадвек. называлася ў нас Пагулянкай: па ёй ішлі і ехалі святочныя людзі на кірмаш...

Дык ці і не тут, дзе Ігрушка, — а месца падыходнае якраз: круты пагорак спадае да (калісьці ж, пэўна, бруістай) рачулкі, а хутчэй, крыніцы, — збіраўся ў даўніну навакольны люд — абмыцца жыццядайнай, асвечанай рачнымі багамі, вадой, ці не тут наладжваліся язычніцкія вясновыя ігрышчы?..

Так ці інакш, а Ігрушка — вёска паэтычная.

Тым больш, што і тая самая, чаканая, ігруша зацвіла ў гэтым куточку. Не магла не зацвісці. Яна аб'явілася паэтычным словам. І слова гэта прамоўлена было вучаніцай Ігрушкаўскай школы Ленай Якаўлевай...

Падрастала дзяўчынка. Вясновая квецень прыносіла першы плён: вершы Алены друкаваліся ў часопісах «Маладосць», «Першацвет», «Бярозка», «Вясёлка»... Пазнаёміў з яе паэзіяй штотыднёвік «Літаратура і мастацтва»...

За гэты час Алена Якаўлева скончыла сярэднюю школы — са срэбраным медалём, прайшла вучобу і ў рэспубліканскай школе «Юны літаратар» пры акадэмічным Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы. Натуральным быў і выбар далейшага шляху: Алена паступіла на вучобу ў Літаратурны інстытут (Масква).

Год атрымання дыплома супаў з выхадам у выдавецтве «Юнацтва» кніжкі вершаў Алены Якаўлевай для дзяцей. А неўзабаве яна прыйшла да чытача дарослага — са зборнікам лірыкі.

Паэтычны голас Алены Якаўлевай не гучны, але шчыры і пранікнёны, па-народнаму просты і мудры:

— Часцей глядзі на полымя, унучка, — Казала мне бабуля не аднойчы. — Ураз згарыць хай у агні гаючым Ліхое ўсё, што нехта насурочыў...

Асветленая дзяцінствам, сагрэтая, як вясновым сонейкам, матчынай пяшчотай і любоўю, цеплынёй яе сэрца, яе рук, позірку, прарастаюць зярняткі паэзіі:

Драўляныя маснічкі — Бы сцежачкі. Калісьці Па іх у свет сунічны Спяшалася я выйсці.