Выбрать главу

Знікла гармонія, музычныя галосныя ўступілі ў супярэчнасць самі з сабой, адшукаўшы сабе іншую, няхай і чужую, адпаведнасць, жорсткая «неадушаўлёнасць» зычных цягне ў хаос, каб стварыць новую паэтычна-гукавую рэальнасць...

Гучанне само па сабе ўражвае, аднак сцверджанне аб прычынах, аб непасрэдных яго вытоках гучыць не зусім доказна і пераканаўча. Вернемся ў час «даатамны», умоўна кажучы, «час Андраеўскага», пачытаем Аляксандра Блока, хаця б «Снежную маску», і пабачым, якая разнастайнасць рыфмаў:

Не видать ни мачт, ни паруса, Что манил от снежных мест, И на дальнем храме безрадостно Догорел последний крест...

Тут і асананс, і дысананс — побач, у добрым хаўрусе. І немагчыма яшчэ не заўважыць, што трэці радок у страфе «выбіваецца» з «гладкага» рытму — «укліньваецца» лішні склад. Выпадкова? Бясспрэчна — не. Гэта прыкладна такі ж выпадак, што быў і з Сяргеем Ясеніным, калі «выпраўлялі» яго радок «Запрокинулась и отяжелела золотая моя голова», патрабуючы выкінуць злучнік «и», які «ўчыняе» збой рытму, падагнаць радок пад памер астатніх. Ясенін катэгарычна не пагаджаўся. І правільна рабіў: паэт адчуваў, што «лішні» склад зусім не лішні: якраз ён і нясе галоўную сэнсавую службу — падкрэслівае той цяжар, што зваліўся на галаву: «запрокинулась... и... отяжелела».

Блокаўскі ж радок, «выбіты» з роўнага рытму, як бы паглыбляе, «адсоўвае» перспектыву, павялічвае, працягвае далячынь...

Аднак сочым далей за рыфмай «Снежнай маскі»:

Мы летим в миллионы бездн... Ты смотришь всё той же пленной душой В купол всё тот же — звездный...

«Бездн—звездный...» — глыбінная рыфма: і па сэнсе, і па гучанні (слова «бездн» ураўнаважваецца ў паўнагучнасці са словам «звездный», кампенсуючы «адсутнасць» галоснага пасля «д» прыдыханнем, падобным на гук, што абазначаўся калісьці на пісьме знакам «ъ» — рэдукаваным галосным... Наяўнасць гуку ў безгукавой прасторы — касмічнай, міжзорнай...).

Яшчэ адзін узор: Тихо смотрит в меня Темпоокая. И, колеблемый выогами Рока, Я взвиваюсь, звеня... —

рыфма з пераносам часткі гучання ў наступны радок: «темноокая — Рока, я...» — ламаная рыфма...

Гэта Блок. А што ўжо казаць пра Валерыя Брусава — майстра рыфмы, шукальніка — і тэарэтыка, і практыка. Тут, бадай, лепш паслухаць аўтарытэтнага эксперта, таксама знакамітага майстра ў паэзіі, Інакенція Анненскага: «Але найбольш характэрная для паэта яго «Вулічная» са здзіўляючай зменай няпоўна-адгучных рыфмаў, якія быццам для таго і прызначаныя, каб жывое здавалася прывідам, выдумкай вулічных ліхтароў ці надыходзячым трызненнем...» Вось гэтыя рыфмы Брусава: «арии— тротуаре, локоном—к окнам, зеркало—померкло»...

Што ж, то паэты. Ім, як кажуць, і карты ў рукі — рыфма на кручок...

А вось які трапіўся паэтычны «ўлоў» патрыярху прозы Льву Мікалаевічу Талстому (па сведчанні мемуарыста В. Булгакава): «Я надоечы ехаў цераз мост і ўспомніў прымаўку: «Какой черт тебя нес на дырявый мост». «Нес» рифмуется с «мост»... — аж з нейкай дзіцячай радасцю паведаміў Леў Мікалаевіч. — «...вельмі ўдзячная рыфма: па сугуччы...» І заўважыў яго, сугучча тое, Леў Мікалаевіч без «прымусу», без «спецзададзенасці», лёгка і натуральна, можа, і не падазраючы, якая падтрымка ў рыфмы «нес—мост» «тоіцца» дадаткова за папярэднімі двума «т» («черТ Тебя»): «...Т Т... неС — моСТ» («ттс—ст»)...

Асалоду ад жывога слова, захапленне яго паэтычнай насычанасцю засведчыў Талстой. І хоць вядома, што не «жаловал» Леў Мікалаевіч паэтаў (асабліва сучаснікаў), скептычна ставіўся да вершаванай мовы наогул, не след забывацца, з якім вялікім — да слёз — хваляваннем чытаў ён у сямейным коле пушкінскі «Успамін» («І, з прыкрасцю чытаючы свой лёс, // хвалююся і праклінаю, // і горка скарджуся ў палоне горкіх слёз, // ды слоў самотных не змываю...»); як захапляўся фетаўскім «Шепот, робкое дыханье...» Пушкіна ж асабліва вылучаў і падкрэсліваў: «Які малайчына Пушкін!.. Гэта адзіны паэт, у ім няма намаганняў і натугі ў рыфме і рытме...»

З-за гэтых «намаганняў» і «натугі» адносіны Льва Талстога да паэзіі былі неадназначныя і з цягам часу мяняліся, трэба сказаць, не ў лепшы бок. І ў канцы жыцця, праўда, не публічна, а ў асабістым пісьме (да Е. Озеравай), ён катэгарычна прызнаваўся: «...Я не люблю вершаў наогул...»