Яе дыханнем і жыў ягоны палёт, трымалася вышыня. Бо, сапраўды: неяк адхіліўся ён крышачку ад клумбы і ціха пачаў асядаць... Тут я і падабраў яго. І ў карабочак асцярожненька паклаў (ці пасадзіў?)... Не таму што пустазелле, а каб спытацца ў дасведчаных людзей: чыё зярнятка такое разумнае?..
Выявілася: бадзякова... Што ж, бадзяк дык бадзяк. Не басяк... Той самы «татарнік», з жыццястойкасцю якога параўноўваў Леў Мікалаевіч Талстой у «Хаджы-Мураце» характар каўказскага горца, чачэнца: «Какая, однако, энергия и сила жизни... Как он усиленно защищал и дорого продал свою жизнь...»
Бачыў, як ішлі з лецішча на Лысай гары Аркадзь Марціновіч з жонкаю Леанілай Сымонаўнай. Не сказаць, што па-старэчы марудна, не спяшаючыся, — не, зусім не. Ішлі яны неяк далікатна, быццам на шпацыры. Як бы і не тычылася іх, што недзе там., за ляском, ёсць паўстанак Зялёнае, і ёсць (хутка будзе!) электрычка, і яе — ого! — ні ў якім разе нельга прапусціць. Трэба спяшацца, трэба паспець, трэба прыбавіць кроку!.. Гэтак і выжыльваліся, задыхана беглі, прыгорбіўшыся пад хатулямі і рукзакамі, «лысагорцы». Бег і я. Пакуль не пабачыў перад сабою іх — Марціновічаў...
А ішлі яны. сапраўды прыгожа — якраз у тым: рытме і тэмпе, што дыктаваліся настроем і музыкай летняга надвячорка. Ішлі — і любаваліся, і слухалі. Гаманілі паціху, прыпыняліся — ці то над квяцінкай з бухматаю чмялінай песняй, ці то перад берасцянкай, што на хвілінку выскачыла з гнязда, як звалілася, на сцежку — перахапіць што-небудзь дзеля вячэры... Здаецца, заміралі яны, гледзячы на птушку — каб не спалохаць. А можа, нават, каб і спытацца пра нешта — пра яе, птушынае. Хіба не цікава гэта чалавеку, тым: больш творчаму, а яшчэ больш — празаіку...
Прыпыняўся зводдаль і я. Зноў жа, каб не патрывожыць, але ўжо не птушку, а таемную думу Аркадзя Нічыпаравіча. Па сабе знаю: не варта ў такіх выпадках лезці ў вочы... І бачылася мне, як перагортваецца старонка — такой жа няспешнай, задуменнай, не заносістай, але грунтоўнай, як гэты схіл працоўнага дня, — ягонай прозы...
Так было, пакуль не выбраліся на асфальт — ёсць такая «цывілізаваная» гарлавіна паміж былымі піянерскімі лагерамі і чыгуначным паўстанкам.
Ось тут і пачалося...
Адна за адной, адна за адной, і насустрач, і наўздагонкі імчаліся, выгінаючыся на завоінах шасэйкі, то «Волгі», то «Жыгулі», а найчасцей — тыя, назвы якіх мне і ведаць не дадзена было. І рулявалі ў большасці — гэта я ўжо ведаў — нашчадкі былых (ды і тымчасовых) гаспадароў жыцця, што ўхапілі на «перабудовачнай дзяльбе» свой «кавалак» з партыйна-камсамольскіх (ды і не толькі) рахункаў — у якасці самых давераных асоб, каб «зберагчы» сродкі партыі для будучых «класавых баёў»... Збераглі, канешне... Толькі, выявілася, што для сябе. Бо «заначка» тая зрабілася як бы: «безгаспадарнай», а таму і асела ў «давераных» кішэнях. Заадно трапілі туды і «пазыкі», шчодра «прафінапсаваныя» за кошт укладаў працоўнага люду ў ашчадныя касы, — на «чорны» ці «смяротны» дзень. Сталіся «стартавым капіталам» для наваяўленых «бізнесменаў»...
Уся гэтая брація і газавала цяпер па асфальце, разганяючы, як раскідваючы ці распырскваючы, люд па абочынах... Дабаўляліся і «пралетарскія» «транспартныя сродкі»: лёталі дзікія матацыклісты-падшывальцы, не раўнуючы, як чэрці з чыгункамі-каскамі на галовах...
Зачуўшы маторны трэскат і вэрхал, Марціновічы — зноў жа няспешна — прыпыняліся, а потым ужо збочвалі з дарогі. Чакалі, пакуль, абдаючы газавым смуродам, пранясецца чарговая «тачка» з «рулявым», што заносіста і з неаспрэчнай перавагай кідаў касы позірк на пешых «дачных няўдачнікаў»...
Чакаў Аркадзь Нічыпаравіч, здаецца, цярпліва, але без почату. І нават вочы — не тое зусім, што перад берасцянкаю — убок адводзіў...
Шапку не знімаў. І не кланяўся...
Шмат песень, не меней ухвальных слоў праспявана і сказана сонцу. Яно — ясназорца, яно ўсё бачыць і ўсё бласлаўляе — усёдайнае: на квітненне і плён...
А люстэрка ягонае — месяц? Ахавальнік, абярэжнік — сакрэтны спадарожнік закаханых?.. Грахоўны сведка пачаткаў — у словах, у пацалунках, у смяротнай слодычы, імя якой — такое ж светлае — так і не прыдумалі людзі...
О, колькі разбілася нашых дум і парыванняў аб гэты начны бераг сонца...