Самыя патаемныя прызнанні былі не пры сонцы — пры месяцы. І самыя чароўныя закляцці былі пры ім. І праклёны — чорныя і пякельныя — бласлаўляліся светлай поўняю...
Не раз я лавіў сябе на падманлівым — і неадступным загадкавасцю сваёй — адчуванні: глядзіш на адлюстраванне месяца ў рачной плыні і здаецца, што не вада рухаецца, бязмоўна ўсхліпваючы, сутыкнуўшыся з якім-небудзь прыбярэжным асаковым мыском ці падмытым коранем алешыны, а месяц плыве, пакалыхваючыся на лёгкім, без хваль, спружыністым люстэрку...
Так і на небе: хмаркі ляцяць, то засланяючы, то абмінаючы светлую, разгорнутую месячную поўню, а выдае, што гэта ён, месяц, так імкліва праносіцца ў міжзорных вышынях... І ты ўжо міжволі пачынаеш сачыць позіркам гэты лёт, нават галаву паварочваеш, падуладны гэтаму ўяўнаму руху, пакуль не спахопішся... Хоць, па сутнасці, так яно і ёсць: месяц імчыць — вечны спадарожнік зямлі — у касмічнай прасторы. А ты стаіш, нерухомы, зачараваны гэтым, відавочным, а не тым, сусветным, летам, і здагадвацца не хочаш, што гэта час твой ляціць — такі імклівы, імгненны, прывідны на гэтай зямлі, пад гэтым месяцам, пад гэтым небам...
пытаўся Максім Танк. Пэўна, згадваўся яму шаўчэнкаўскі Дняпро з месяцам, што «неначе човен в синім морі, то виринав, то потопав...» А недзе — у іншым вымярэнні — у д'ябальскім кручэнні завірухі: «невидимкою луна освещает снег летучий» — з пушкінскіх «Бесов»...
Кажуць, усе амерыканскія астранаўты, якія пабывалі на Месяцы, вярнуўшыся на Зямлю, былі адзначаныя неадэкватнымі паводзінамі: хто замкнуўся ў сабе, хто падаўся ў беспрасветную містыку, хто наогул псіхічна зламаўся да вар'яцтва...
І — да ведама, адносна біярытмікі, — адна з высноў астралогіі: асабліва моцна рытмы Месяца выяўляюцца ў жанчыны...
Павучок быў маленькі, нават вельмі маленькі. Але апетыт меў павучыны і есці хацеў, як і. ўсе павукі. Таму і сядзеў ад самага ранняга ранку, як толькі сонца збольшага збіла расу, у маркотным і самотным чаканні. Сядзеў на беразе свайго, па ягоных мерках, вялікага павуціннага возера, закінуўшы ў затоку сець, зразумела, таксама павуцінную. А як жа інакш: сам ён павук, хай сабе і маленькі, і ўсё ў яго мусіла быць з павуціны. Нічога іншага ён не меў: ні вады, ні пяньковых нітак, ні капронавых, як цяпер павялося, каб сплесці сетку. Не кажучы ўжо пра які-небудзь перамёт з учэпістымі сталёвымі кіпцюрамі-хапунамі ці хаця б вуду з жылістай лёскай і джалістым кручком... Сядзеў, як сядзіць, бывае, малы хлапчук з самаробнаю вудачкай-свісцёлкай: вудзільна арэхавае, а то і лазовае — амаль што дубчык, лёска — з конскага хваста, паплавок — з гусінага пяра-пішчыка, — сядзіць у чаканні якога-небудзь печкурка ці верхаводкі-уклейкі... І раптам ухопіцца за нажыўку што-небудзь вялізнае і здаравеннае...
Гэткая нечаканая ўдача надарылася і павучку. Затрымцела не толькі ягоная сетачка, але і ўся азярына ўскалыхнулася.
Павучок адразу аж спалохаўся, але беспамылкова вызначыў, адкуль накочваюцца гэтыя ўраганныя, як дзевяты вал, хваляванні. Падхапіўся ён, слізгануў па нітачцы павуцінкі да месца здарэння. Сам дробненькі, як чорная расінка, а перад ім — страшыдла разоў у пяць, а то і ў дзесяць, большае за яго, ды і сківіцы — абцугі-кусачкі — не раўня павучковым: драціну сталёвую, здаецца, умэнт перашчыкнуць, а не тое што павуцінку. Ды і сам павучок такому на зуб не пападайся... Ён адразу ж і зразумеў гэта: пастаяў на бяспечнай адлегласці, прыкінуў, ацаніў свае баявыя магчымасці і ціхенька адкаціўся, слізгануў назад, на ранейшую пазіцыю.
Павучок ведае: цяпер яму спяшацца не варта ды і сэнсу ніякага няма. Цяпер усё зробіць павуцінка. Танюсенькая яна, кволая: махне заграбастай лапкаю ці сківіцай зачэпіць страшыдла — і як не было той павуцінкі... Так то яно так, але замест яе, парванай, ужо вісне на той лапцы ці на сківіцы дзве альбо тры новыя павуцінкі. І чым больш размахваецца, бушуе страшыдла, тым шчыльней заблытваецца ў павуцінні. Як бач: ужо і на дзве нагі спутаны, і на чатыры, і на ўсе шэсць... А там, глядзіш, і ўжо махаць нечым... Толькі сківіцы яшчэ то разыходзяцца, то сцінаюцца, аж рыпяць, здаецца...
Падбяжыць павучок, калі трапятанне сунімецца, паглядзіць: не, яшчэ ранавата набліжацца... Так і цікуе, так і цікуе раз за разам...
А страшыдла тым часам знямогла прыбілася ў куточак і варухнуцца не можа, адно толькі як ад сораму схавалася: з такімі сківіцамі і так ганебна ў палон здавацца!.. Ды яшчэ каб у палон... Павучок жа быў галодны...
Калі б павучок пазнаёміўся са страшыдлам, то даведаўся б, што гэта не хто іншы, як скакун палявы... Яшчэ б і пасябравалі, можа...