Выбрать главу

А сцежка ўсё адно мроіцца: дужа ж многа мурашак тупацела па гэтай лясной істужцы ў пядзю-паўтары шырынёю. Тупату я, зразумела, не чуў, бо не дадзена чалавечаму вуху пачуць гэтакае. Але ж самі яны, мурашкі, пэўна, чуюць? І столькі ног! І такі шлях!.. Я намерыў ужо дзвесце пяцьдзесят крокаў. Маіх, чалавечых. А мурашыных?! Нават і злічыць не бяруся... А ім жа трэба дайсці... То схаваецца ручаёк у высокім версе, то, калі трапіцца на дарозе завал які з ламачча, дык пад яго, як у тунель, уліваецца. А з другога боку выплеснецца — і ўсё бяжыць, бяжыць. І ўсё — туды, туды... Туды? Не-не, пачакай, пачакай — толькі цяпер я прыгледзеўся як след: бягуць і адтуль, назад. Адно што вяртаюцца не так прытка, бо ўсе цягнуць паклажу нейкую. Іншы раз прыпыняецца такі «грузавічок», вусікі-антэны настаўляе і сустрэчнай мурашцы лёгкім дотыкам да ейных вусікаў штосьці скажа — сігнал падасць. І тады гэтая, што паражняком бегла, падхоплівае паклажу, разварочваецца і нясе ў бок мурашніка, а змораная — таксама мяняе курс і, уліўшыся ў агульны паток, ужо ўлегцы, кіруецца туды, адкуль толькі што бегла...

Тым часам неўпрыкмет разгарнулася перада мною маладая сасновая дзялянка з маткамі-старадрэвінамі. І тут заўважыў я, што мурашыная істужка як бы распыляцца пачала: разбягалася і ўвачавідкі радзела.

Ступіў я колькі крокаў у адзін бок, у другі — няма, знікла жывая «дарожка». Але затое позірк мой улавіў яшчэ нешта, больш нечаканае: на сасновай галінцы мурашак пяць ці шэсць «свежавалі» вялізнага, па мурашыных маштабах, зразумела, тоўстага, як абручыкамі перацягнутага, быццам падзеленага на кольцы, вусеня...

Вось гэтак я і дайшоў да разгадкі — праз дзвесце пяцьдзесят крокаў. Мурашкі вялі вайну з вусенем начніцы, соўкі, на гэты раз — хваёвай (наогул жа іх у Беларусі, совак гэтых, больш чым 330 відаў!..). Гэта матыль такі. Сам па сабе прыгожы і прывабны, харчуецца нектарам з кветак ды іншымі прысмакамі. А вось «дзеткі» ягоныя, вусені, барані бог, такія пражэрлівыя, столькі шкоды прыносяць і полю, і лесу... Бывае, як наплодзяцца — усю зеляніну з'ядаюць... Хоць і яны з выгляду не пачварныя: прыгажосцю сваёй многіх за пояс заткнуць, да таго ж і паяскоў тых не адзін, а з дзесятак, пэўна, у кожнага будзе. Бачылі ж: абручыкі якія ў вусеня. Гэта ўпоперак. А ўздоўж — залюбавацца: поверху, па спінцы, палоска зялёная, ніжэй — белая істужка ідзе, потым зноў — зялёная, спадыспаду — жоўтая плямка, на падбой, а паміж двух гэтых колераў, каб не зліваліся, чорная рыска надзелена — нітачкаю цягнецца... А дзеля чаго прыгажосць? Навошта расфарбоўка такая? А ўсё, каб непрыкметна схавацца на сасновай галінцы — усе колеры ёй у тон.

Ды ад мурашак не схаваешся! Не вокам яны бачаць, вусікамі-антэнамі: сігнал прымаюць ад сваіх разведчыкаў. І — у паход!..

І паўстае мурашыны заслон перад шкоднікам. Бягуць і бягуць мурашкі. Сюды і назад. Сюды і назад... Нясуць здабычу ў мурашнік.

Для лесу — санітарыя.

Для мяне — разгаданая загадка.

А для іх, для мурашак, — дарога жыцця.

Чуеце? — ножкамі, ножкамі — шамаціць Мурашыны шлях...

Дзесяць дзён другога адкрыцця

Абставіны патрабавалі ўдакладненняў. Нават праверкі. На ёй асабліва настойвалі некаторыя рэцэнзенты маёй паэтычнай кнігі «Вызначэнне», у якую ўвайшоў «амерыканскі цыкл»: ці ўсё і ці так я ўбачыў у ЗША? «Ці ўсё?» Безумоўна, не. «Ці так?» Прынамсі, ці так, як ім, рэцэнзентам, уяўляецца. Відаць жа, таксама — не. Бачыў я тое, што бачыў, — не больш і не менш. І пісаў пра тое, што бачыў — на свае вочы, на сваё разуменне, ні ў кога не пазычанае (іншая справа — як гэта выявілася ў вершаваных строфах, і ці той, ці прыдатны для «матэрыялу» выбраў спосаб выяўлення — паэтычны, які абавязкова канкрэтны малюнак, зафіксаваную з'яву ўзводзіць — прама ці ўскосна, у падтэксце, — да абагульнення?..). Аднак жа я і сам разумеў: мой НП меў даволі спецыфічны агляд: з калідораў і залаў ААН ды яшчэ з дарогі на пасяджэнні ці ў музейна-магазінныя «вылазкі». Безумоўна, нямала жывога матэрыялу давала і гэта. Бадай, фактычную аснову кожнага верша, пры жаданні, мог бы засведчыць калі не дакументальна, то пэўным прыкладам, што падкідваў кожны дзень. А яшчэ прэса ды тэле...

Пісаць жа пра тое, чаго не пабачыў, не перажыў, з чым не спатыкнуўся, не хацелася ды, здаецца, не меў і звычкі такой. А на гэта ж асабліва «націскалася» ў водгуках: не ўся Амерыка, не ў духу новага мыслення... Магчыма. Усё магчыма... Магчыма і тое, што недзе за спіной стаялі, і горкаўскі «Горад жоўтага д'ябла», і ясенінскі «Жалезны Міргарад»: традыцыя — сіла ўчэпістая (ды, скажам, — што, і ім недавер «прад'яўляць»?.. І прыкмецім, дарэчы: у іх таксама аб'ект даследавання быццам бы «абмежаваны»: Нью-Йорк...). Магчыма, і не хапіла магчымасцей (перапрашаю за міжвольны каламбур) — тых самых, творчых... Аднак... Нават тыя выпетраныя бярозкі на Чацвёртай авеню, якія я падгаворваў збегчы са мною з вышыні задушлівага даху да Наны, думаю, не пакрыўдзіліся на мяне за «негатыўны пафас»: мне так хацелася да родных пералескаў, так пэўнілася — лепшых мясцін і ва ўсім свеце няма, што сэрца падказвала: і ім, нью-йоркскім бярозкам, спадабаецца ў нас... А тут, аказваецца, Фёдар Яфімаў як бы хапае за руку: куды ж ты вядзеш іх — там жа, як сам сведчыш у адным з «дамашніх» вершаў, сваім дрэвам не соладка жывецца... Так, экалагічна крытык, што называецца, злавіў паэта. А псіхалагічна? Думаю, думаю...