Разумею і не адмаўляю права любога чалавека, чытача — у тым ліку і крытыка — успрымаць паэзію так, як яму дадзена. Вольны ён чытаць ці не чытаць (як гэта выявілася ў нашым выпадку) і сённяшняга, «публіцыстычнага» Еўтушэнка і «ўчарашняга» Аляксандра Блока (знойдуцца ж і такія?..). Турбуе іншае: імкненне ўзвесці каменную сцяну паміж «эмоцыё» і «рацыё» ў паэзіі, сканструяваць нейкае сіта, якое адсарціроўвала б: гэты матэрыял для паэзіі, а гэты — для іншых жанраў, адмовіць тым самым права на існаванне паэзіі публіцыстычнай (толькі — лірычная!), як быццам і яна не можа быць (ды і павінна быць!) глыбока асабістай... Аднак жа паўторым: вольнаму воля — ніхто не імкнецца тут навязваць свой тавар. Прынамсі ў мяне такіх патуг ніколі не было. Ніколі не адчуваў я «неабходнасці» пісаць у рыфму з тае прычыны, што анкетна залічаны па ведамстве паэзіі. Былі і маўчанні, а калі і пачыналася «вершаванае» пісанне, то па нейкіх іншых прычынах (часта і. неўсвядомленых), а не па тых, у якіх «уличает» рэцэнзент (здаецца, не толькі мяне). Не будзем «обольщаться» і атаясамляць настраёвае пабуджэнне і яго рэальнае здзяйсненне, выдаваць жаданае за сапраўднае, суб'ектыўнае аўтарскае адчуванне за аб'ектыўны творчы вынік. Аднак жа мушу сказаць і Фёдару Яфімаву — не крытыку, а паэту: як нараджаецца твой верш, часцей за ўсё цяжка растлумачыць. Кожны па-рознаму: то нейкі настрой «справакуе» яго, то пачнецца ён з выпадкова пачутай ці ўспомненай фразы, слова, то прарасце яго сцяблінка на глебе нейкай неадчэпнай, пакутнай думкі (што, па Яфімаву, — ужо «крымінал»?). Не гавару пра вынік. Але нейкія таямніцы мне — знутры — вядомыя і бачныя па-іншаму, чым рэцэнзенту. А таму прызнаюся шчыра: тое, што яму падабаецца, я лічыў (бо ведаю, як яно пісалася, як рабілася, з чаго пачыналася) нават не вартым параўнання з тым, што рэцэнзент начыста адмаўляе. З гэтае зачэпкі згадваецца і нейкае дзіўнае адчуванне ад яфімаўскай ацэнкі верша «Ніхто не пачуў...» у яго даўняй рэцэнзіі. Пра метафару, што ляжыць у аснове гэтай замалёўкі — яблык упаў ля Халопеніч, на Беларусі, а шар зямны здрыгануўся, — зазначана было: «Образ получился умозрительный: в нем есть то, чего в действительности нет...» Адчуванне прыкрае, бо я ж такі знаў, з чаго «пачынаўся» гэты верш — якраз не з «умозрительности», а з чагосьці зусім супрацьлеглага: з гука, з таго «гупання», з якім яблык падае на дол: (ноччу, калі спіш у будане пад яблыняй і раптам падхопліваешся ад гэтага «выбуху» — спрасонку такога землятруснага, — няўжо не чуў, Фёдар Архіпавіч?..).
Менавіта так прачытаў гэты кароценькі верш Уладзімір Караткевіч, калі пісаў у маладосцеўскім водгуку на «Крэсіва»: «Гэта не ілюстрацыя да закону фізікі. Дзеля гэтага трэба было самому ляжаць пад той яблыняй і адчуць, як яблык упаў у траву, як азвалася — гулка на дасвецці — зямля. Трэба было, каб... здрыгануўся не толькі шар зямны, але і сэрца таго, хто чытае...»
Іншыя асацыяцыі — аб трывожнай напружанасці, аб ваеннай памяці пакутнай зямлі — узніклі ў сербалужыцкага паэта Кіта Лоранца, які выкарыстаў згаданыя радкі ў якасці эпіграфа да сваёй паэтычнай нізкі з падарожжа па Беларусі.
З тым аршынам «умозрительности» пайшоў, здаецца, Фёдар Яфімаў і цяпер. Паўтараю: не мая аўтарская справа хапацца загрудкі з чытачом, даказваючы, магчыма, і сумнеўныя вартасці таго ці іншага свайго верша. Гаворка аб іншым: я на свае вочы бачыў хілыя, зачахлыя, задушаныя смогам бярозкі на даху шматпавярховік — і мне было іх (не «умозрительно») шкада, я клікаў іх да сябе — збегчы на бераг Наны; бачыў я (зноў жа — не «умозрительно») і «блюдалізаў», і «плюралістаў» з дыпламатычнай усмешкай і воўчай хваткай — я іх і меў на ўвазе, а не амерыканскі народ, і не хацеў тым самым запярэчыць добрым павевам «плюралізму»... Аднак жа — хопіць, бо вось тут якраз і пачынаецца сапраўдная «умозрительность» не толькі з боку рэцэнзента, але і аўтара.