От жа напісаў у Нью-Йорку, падчас свайго «дыпламавання» на 40-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, вершы (усе яны «тамашнія», дома, па вяртанні, не было ні радка) і думаў на тым паставіць кропку... Так яно, відаць, і выйшла б. Ды вось — справа даўняя, а бач, адгукнулася сёння (як з тым «яблыкам»: каму верыць — таму, хто прымае яго, ці таму, хто адмаўляе? Нельга ж, немагчыма адразу двум кланяцца за адкрытую ісціну... Канешне, хочацца хутчэй у сэрца дапусціць прыемнае. Але ж...).
Але ж — пакарыстаюся парадаю Фёдара Яфімава і на гэты раз паспрабую пісаць пра Амерыку прозай (што, зноў жа, зусім не гарантуе ўдачу), бо, сапраўды, многія дэталі, «кавалкі» жыцця застаюцца па-за вершам. Гэта натуральныя, непазбежныя «страты» — можа, з іх «абчэсвання» (як у скульптара з каменнай глыбы ці дрэва) і «праразаецца» мастацкі твор. А тут жа — такі сверб «адкрывальніка»: і пра тое хочацца сказаць, і пра гэтае ўспомніць...
Пакарыстаюся яшчэ і таму, што жыццё падкінула мне, уласна, другое «адкрыццё Амерыкі». Я, праўда, не закрываў яе пасля першага наведвання (як гэта раіў зрабіць Уладзімір Маякоўскі: «...я б Амерыку закрыл, слегка почистил, а потом опять открыл — вторично...»).
Я проста ехаў сюды другі раз. І меў магчымасць праверыць свае «першыя» адчуванні, а галоўнае — пабачыць Амерыку цяпер ужо не з ААНаўскага НП, не вачыма, хай сабе і часовага, дыпламата, не вачыма нават «вечно гонимого» дэфіцытам часу турыста — з вечна задзёртай на небачосы галавою, а з «вышыні» звычайнай, сярэдняй Амерыкі, з НП першых і другіх паверхаў яе звычайных дамоў (аб прыярытэтных тонкасцях жылля: — крыху пазней).
Справа ў тым, што ў антываенным масавым руху з'явілася яшчэ адна плынь — «Фрэндшып форс» (што можна разумець і як «дружба — сіла», і як «сіла дружбы» — сэнс адзін). Нарадзілася яна ў ЗША, нарадзілася не сёння, але толькі зараз — у апошнія 2—3 гады — да яе далучыліся крыніцы нашай усенароднай міралюбнай ініцыятывы. Члены арганізацыі «Фрэндшып форс» запрашаюць да сябе гасцей — пажыць у сем'ях, проста, будзённа, без назойлівазалішняй афіцыйнасці...
Перад гэтым госці са штата Мінесота былі ў Беларусі, цяпер — запрашалі нас. Фарміравала групу Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі. І «выбар» нашай дзесяткі трапіў у «дзесятку». Ехалі: славуты калгасны старшыня двойчы Герой Сацыялістычнай Працы Уладзімір Лявонцьевіч Бядуля, рабочая Брэсцкага электрамеханічнага завода Таццяна Сцепанюк, народная артыстка рэспублікі Лілія Давідовіч, намеснік старшыні Ленінскага райвыканкома Мінска (сёння пасада ў яе іншая) Зоя Калантай, выкладчык Белдзяржуніверсітэта Уладзімір Панкраценка, інжынер вытворчага аб'яднання «Атлант» (а прасцей — камерсант па экспарце нашых халадзільнікаў) Уладзімір Барышаў, юрыст Алег Шаблыка, супрацоўнік Таварыства дружбы Уладзімір Паўловіч. Узначальваў групу Мікалай Вайцянкоў, тады загадчык аграрнага аддзела ЦК КПБ, зараз — старшыня Гомельскага аблвыканкома.
Тым часам звесткі пра нас дабраліся да Мінесоты, і адтуль пачалі прыходзіць пісьмы. Атрымаў і я — адразу два: запрашалі мяне сем'і Кэмпбел і Поп — Сюзана з Дзікам і Сюзана з Джэфам. Для першага знаёмства былі прыкладзены каляровыя сямейныя фотакарткі, а Дзік Кэмпбел прыслаў і здымак свайго дома, абвёўшы кружком акно «майго» будучага пакоя.
«Дарагі Васіль! — пісалі Сюзана і Джэф Поп. — Мы толькі што даведаліся, што ў ліпені, у час наведвання Злучаных Штатаў, вы будзеце гасціць у нас. Вы не ўяўляеце, як мы гэтаму рады!
Мы ўпэўнены, што дружба паміж людзьмі можа быць асновай міру паміж краінамі. Шэсць гадоў назад мы былі ў СССР, і гэта дапамагло нам лепш зразумець вашу краіну, у нас засталося шмат добрых успамінаў аб вашым народзе. Мы хочам, каб такія ж пачуцці засталіся ў вас пасля наведання нашай краіны...
Мы ўжо ўдзельнічалі ў чатырох турах па лініі «Фрэндшып форс» — ездзілі ў Заходні Берлін і Савецкі Саюз, прымалі гасцей з Заходняга Берліна і Англіі. Мы захоўваем ад усіх сустрэч самыя лепшыя ўспаміны і ўпэўнены, што вы таксама станеце нашым сябрам... Мы вывучым некалькі рускіх фраз, але думаем, што налаўчымся «размаўляць» і. жэстамі, і з дапамогаю слоўніка. Паспрабуем!..»
Атрымалася ж усё крышку інакш. Вельмі шмат пытанняў было «нарыхтавана» для мяне і Сказанай, і Джэфам, і таму вырашылі яны для «абслугоўвання» майго «высокага візіту» запрасіць (а дакладней, наняць) перакладчыка. Ім аказалася выхаванка мясцовага універсітэта Дэніс. Яе рэкамендавала Сюзане універсітэцкая адміністрацыя — як маладога спецыяліста русістыкі. Што праўда, як выявілася, — Дэніс больш маўчала, а перакладаў яе муж, Аляксандр Беранштэйн, які недзе ў сямідзесятых гадах эмігрыраваў з бацькамі ў ЗША. («Саня з Адэсы, — адрэкамендаваўся ён і дадаў: — Дамовімся адразу, што ў палітыку я залазіць не буду: я вас не пераканаю, відаць, а вы мяне...» — «Чаму ж, можна і ў палітыку...» — не пагадзіўся я. І выйшла, бадай, па-мойму: хіба ж утрымаеш Сашо з Адэсы ад «гарачанькіх», на яго думку, пытанняў?! Характар адэсіта не выправіць, напэўна, ніякая Амерыка — нават і дзве, і тры, калі б яны былі... Тут жа, пры знаёмстве, працягнуў мне Саня кавалачак праперчанага, праясненага, пракаляндранага, раскачанага ў лісіц гіку сушанага мяса — пакаштаваць, а разам з ім — квадрацік, не больш за пазногаць, гумкі-жвачкі, увярнуўшы: «Пасля пажуяце, каб з рота не пахла, — гэта ж вам не Расія — Амерыка...» Ах каб табе...).