Выбрать главу

«Індустрыя дэмакратыі» працуе нястомна і з невычэрпнай фантазіяй. Вось — побач з Белым домам — падыходзь і сфатарафуйся з «самім прэзідэнтам Рэйганам». Фанерны, у натуральную велічыню, ён стаіць на тратуары з характэрнай: рэйганаўска-акцёрскай усмешкай, а ля яго — увішны фатограф: заклікае кліентаў. Падмывала і нас з Уладзімірам Лявонцьевічам Бядулем (як любіўся — жартам і ўсур'ёз — паўтараць: «Для гісторыі...») стаць пад той аб'ектыў. Ды — старая наша «трагікамедыя»: ні я, служка беларускай паэтычнай музы, ні ён, старшыня калгаса-мільянера, не мелі ў кашальку тых лішніх долараў, якія выстаўяліся за «гістарычную» таксу прадпрымальным фатографам...

Вернемся, аднак, да гісторыі. Вось яе «кавалачак» у сённяшняй падачы, своеасаблівы гістарычны абразок у сучасным выкананні — форт Снэлінга. Галоўная брама прапускае цябе ў жыццё 150-гадовай даўніны. Пабудаваны форт у 1820-1825 гадах трымастамі салдатамі пад камандаваннем палкоўніка Джосая Снэлінга пры зліцці рэк Місісіпі і Мінесота, за 1000 кіламетраў ад больш-менш цывілізаваных асяродкаў і дарог. Мэта збудавання? Ну, ясна ж: форт ёсць форт... Усе землі належалі тут двум вялікім індзейскім плямёнам — аджыбіва і дакота. Яны, на той час, ловяць баброў, андатраў, абменьваюць пушніну на еўрапейскія коўдры, мушкеты, розны рыштунак. Тут жа скрыжаваліся інтарэы дзвюх пушных кампаній. Ваеннае начальства выдае ліцэнзіі, інспектуе прадметы гандлю. І, як тлумачыць музейная даведка, ухіляе войны паміж плямёнамі, не дае новапрышэльцам захопліаць землі індзейцаў, займацца лесараспрацоўкамі, закладваць руднікі. Толькі праз некалькі год, пасля перамоў з індзейцамі, тэрыорыя будзе адкрыта для пасялення. Гэта афіцыйная версія. А мы зробім папраўку: ішло асваенне, пакарэнне, каланізацыя ноых прастораў і своеасаблівай, непаўторнай індзейскай цывілізацыі.

Сёння жыццё форта выглядае ідылічна. Гістарычнае таварытва Мінесоты адрэстаўравала яго. Абслуга носіць грамадзянскае адзенне і ваенную форму 1827 года, ілюструючы ў малюнках і сцэнах «жывую гісторыю». Салдаты стаяць на варце, піляць і колюць дровы, пякуць хлеб, вырабляюць мэблю, рамантуюць у майтэрнях зброю і рыштунак. Жанчыны кухараць, шыюць, мыюць... Бойка ідзе гандаль у краме прадметамі ў стылі тых часоў. Ля прылаўка тоўпяцца цікаўныя, перакідваюцца жартамі і рэплікамі з прадаўцом — ён таксама ў адпаведным касцюме, і ў абліччы — настрой эпохі. Вось унук угледзеў дудачку, цягне бабулю да прылаўка, тая ў чымсьці сумняваецца. Тады прадавец бярэ дудку, гучыць мелодыя. Сумненні развейваюцца: бабуля вымае з сумачкі долары — зусім сучасныя...

А ў цэнтры пляца каманда бамбардзіраў зараджае гармату: рытуал разлічаны па секундах, выкрыкваюцца камандзірскія загады; нарэшце — кульмінацыя: стрэл! Натоўп наведнікаў рассейваецца — тым больш, што афіша заклікае: «Агледзець усе будынкі і задаваць пытанні персаналу». Апошняе падкрэслім спецыяльна: абслуга, не пазбаўленая і акцёрскіх здольнасцей, «уцягвае» на сваіх аб'ектах у дзею, уступае ў дыялог з наведнікамі: ідзе далучэнне да гісторыі, выхаванне гісторыяй. А будынкі, дарэчы, «Круглая вежа» і «Дом палкоўніка Снэлінга» - «самы стары будынак» і «самы стары дом у штаце Мінесота»... А гэтае «самы стары» — усяго толькі... з 1825 года. Прыгадаем і нашу Белую вежу і наша «маладое» Траецкае прадмесце ў Мінску і пагодзімся: як не хапае нам гістарычнага напаўнення на гэтых астраўках гісторыі. Хай бы ў тым жа прадмесці запанаваў і побыт, і касцюм эпохі — як бы прыцягвала гэта людзей, як бы выхоўвала! А на чарзе ж грунтоўная распрацоўка праграмы дзейнасці гісторыка-этнаграфічнага музея пад адкрытым небам. Дык ці не прыдасца тут вопыт далёкага форта Снэлінга ў штаце Мінесота?

Ведаючы, што ў Мінску распрацоўваецца праект заапарка, заўважу і такую дэталь — як гэта зроблена ў Дэтройце: там гледачы, наведнікі не тоўпяцца ля вальераў і клетак, а праходзяць над імі па спецыяльна абсталяванай паветранай дарозе-памосце. Гэты маршрут «праводзіць» над самымі цікавымі мясцінамі, дазваляе зазірнуць у самыя патаемныя куточкі, не турбуючы звяроў і птушак, — як бы ў натуральных умовах (небяспечныя месцы дарогі падстрахаваны засцерагальнай сеткай у дадатак да звычайных парэнчаў-бар'ераў).

Размах музейнай справы ў ЗША проста здзіўляе. Збіраюць усё і экспануюць усё — ад шаманскіх масак эскімосаў да навінак суперсучаснай тэхнікі, дзе, як да прыкладу, у Вашынгтонскім муеі авіяцыі і касманаўтыкі, можна нават зайсці ў кабіну касмічнага карабля, прымерацца ды прыкінуць ва ўяўленні сваё пачуванне ў палёце, а то і стаць пад касмічны душ спецыяльнай камеры-лазні — праўда, без вады. І не здзіўляйцеся, калі дазнаецеся, што амаль усе музеі тут бясплатныя (білеты прадаюцца толькі на якія-небудзь спецыяльныя, часовыя экспазіцыі ці дэманстрацыі — хоць бы касмічнага кінападарожжа, дзе звычайнае крэсла ў зале, дзякуючы аптычным, гукавым і іншым эфектам, раптам сапраўды пачынае здавацца крэслам «Чэленджэра» — таго самага «шатла» — касмічнага апарата шматразовага выкарыстання: ілюзія тваёй прысутнасці ў яго кабіне, побач з астранаўтамі, такая, што пачынаеш сапраўды адчуваць нешта накшталт бязважкасці — крэсла як бы выплывае з-пад цябе...).