Зоська з асалодай апусцілася на гладкую дубовую лаўку, сцягнула ўшчэнт раскіслы бот. Хлопчык зноў заняў сваё месца за сталом.
— Што чытаеш? — запыталася Зоська, зазіраючы ў кніжку.
— Я? «Таямнічы востраў», — пераадольваючы ніякаватасць, адказаў хлопчык па-беларуску.
— Ведаю. Харошая кніга.
— Ага. Толькі канца няма. Канец тут выдраны, — сказаў і, мабыць, засаромеўся хлопчык.
— Канец, проша пані, выдраны, так ён яе чатыры разы прачытаў. Ужо амаль на памяць ведае, — загаварыла ад печы гаспадыня, і ў тоне яе Зоська пачула ледзьве прытоены гонар за поспехі сына. Што ж, увогуле гэта ёй спадабалася.
— Дык калі б канец быў, — сумна сказаў хлопчык, забаўляючыся з кніжкай. Зоська паправіла анучу і з натугай ледзьве надзела змакрэлы бот.
— Дык ты і не ведаеш, чым скончылася? Я зараз табе раскажу. Цябе як завуць?
— Вацык.
— Ану дай кніжку, Вацык.
Яна прысунулася бліжэй да капцілкі, узяла з рук хлопчыка кніжку. Гаспадыня адышлася ад печы і з яўнай цікаўнасцю назірала за гасцямі і сынам. Зазірнуў у кніжку і Антон. За іхнімі плячамі ў паўзмроку сцішыўся зарослы шчэццю гаспадароў твар.
— Так. На чым тут адарвана? Ага, выбух на востраве. Ну, а далей людзі кінуліся ў мора. Карабель жа дабудаваць яны не паспелі і ратаваліся на рыфах. Здаецца, усе павінны былі загінуць. Але ў самы апошні момант на гарызонце паявіўся карабель капітана Гранта. Грант плыў па Айртона…
— А, каб зняць яго з вострава? — здагадаўся Вацык.
— Во-во. Бо тэрмін ссылкі мяцежніка скончыўся, і капітан Грант плыў яго зняць. I ён выратаваў усіх.
З рэдкай для падлетка ўвагай у вялікіх вачах Вацык сачыў за кожным рухам на яе твары, лавіў кожнае яе слова, і гэты ягоны позірк і яго ўвага жыва напомнілі Зосьцы даваенных хлапчукоў у Скідзелі, якім яна часам таксама чытала кніжкі. Усяго паўтара года мінула з той мірнай і поўнай надзей пары, а як усё крута змянілася ў свеце. I, напэўна, змянілася яна сама. Куды толькі падзеўся яе малады запал, бесклапотная лёгкасць у жыцці. Усё прыдушыла, аплявала, растаптала вайна.
— Любіш кніжкі чытаць? — запыталася Зоська. Вацык працягла, па-даросламу ўздыхнуў і закрыў кніжку.
— Люблю, але дзе ж іх узяць? У Стасіка Кемпеля было тры, дык я іх прачытаў ужо.
— Проша пані прабачыць, — мякка ўмяшалася ў размову гаспадыня. — Вацык быў выдатнік у школе, грамату мае. Стэфан! — некалькі іншым, амаль начальніцкім тонам звярнулася яна да мужа. — Покаж пані грамату.
— Так, кохана…
Гаспадар паслухмяна кінуўся ў другую палову хаты, а гаспадыня з ранейшай мяккасцю ў голасе запыталася:
— Далёка пані ідзе?
— Не, недалёка, — адказала Зоська. — Тут блізка. Ды нагу намуляла.
— Ой, ой, так нядобжэ ў дарозе. Тшэба ехаць пані.
— Навошта? Мы пехатой…
— Пэўна, пані з панам есць хцо? — запыталася гаспадыня, і Зоська сумелася.
— Дзякуем. Але мы, ведаеце…
— А што? Мы не супраць, — падхапіў Антон. — Грэх ад яды адмаўляцца.
З другой паловы хаты выйшаў гаспадар з загорнутай у старую газеціну школьнай граматай сына, але не паспеў ён раскруціць газету, як гаспадыня распарадзілася:
— Стэфан, несь млеко, сало…
— Так, кохана, — звыкла адказаў Стэфан, амаль подбегам кіруючы з трысцена.
Зоська не вельмі ўважліва прабегла вачмі некалькі радкоў граматы выдатніка пятага класа і перадала грамату Антону. Здаецца, яны зрабілі правільна, калі завіталі на гэты хутар. Мяркуючы па першым уражанні, гаспадары былі добрыя людзі, а галоўнае ні пра што не пыталіся і, пэўна, мала цікавіліся тым, хто іх начныя госці. Толькі гаспадыня запыталася, куды ідуць, але гэта надта звычайнае ў такіх выпадках пытанне, за якім, мабыць, не было нічога, апроч простай цікаўнасці.
Гаспадыня тым часам пачала таропка накрываць на стол, разаслала кароценькі льняны настольнічак, дастала з пасудніка некалькі чыстых гліняных місак, драўляныя лыжкі. Пасля прынесла бохан жытняга хлеба і пачала кроіць яго, прыставіўшы да грудзей, гэтаксама, як некалі рабіла Зосьчына маці. Хусцінку яна ссунула з галавы на плечы, і яе белы, маладжавы твар з тонкімі зморшчынкамі каля вуснаў засвяціўся мілай спакойнай дабрынёй. Такія жаночыя твары здаўна падабаліся Зосьцы, хаця і сустракаліся яны ў гэтую пару не часта.
— Проша сядаць пані. I пана, — прыветліва запрасіла гаспадыня і Антона.
Зоська пасунулася далей за стол, з-за якога адразу, як толькі пачалі на яго накрываць, сціпла выбраўся Вацык, побач усеўся Антон. Цяжка дыхаючы, у хату ўваліўся гаспадар са стаўбуном малака і вялікім кавалкам сала ў заскарузлых руках. Гаспадыня, як здалося Зосьцы, з сарамлівай паспешлівасцю выхапіла ў яго гэты кус і на стале прыгожа адкроіла ад яго некалькі тонкіх лустаў.