Выбрать главу

19 лістапада

Радзіма расце разам з чалавекам. Чым болей даведваешся аб ёй, тым шырэй рассоўваюцца межы роднага, блізкага. І яно, гэтае роднае, блізкае, цаглінка за цаглінкай выбудоўвае душэўную раўнавагу, упэўненасць у дні сваім прышлым, гонар за свой народ.

10 снежня

У раёнцы - мой “Першы снег”. Запісаўся быў амаль адразу начыста: “Яго чакалі ўсе: застыўшая зямля, паніклыя лясы, разбітыя дарогі. І ніхто не згадаў, як у паветры закружыліся белыя матылі, далікатна крануліся зямлі. Яму былі рады ўсе. Рады гэтаму доўгачаканаму, увайшоўшаму так непрыкметна госцю - выпаў першы снег. Неспакойныя матылі ўлягліся на дзіва роўным дываном, апранулі ў пухнатыя футры лясы.

...Раніцою гэтага дня прачнулася ў цудоўным настроі. Неяк па-святочнаму было светла ў хаце. Прадчуваючы штосьці незвычайнае, зірнула ў вакно. Дзіўнае святло прымусіла зажмурыць вочы. Там, за вакном, у цудоўным убранні застылі, беражліва трымаючы на разгалістых галінах серабрыстыя крышталі, яблыні, вішні. Выбегла з хаты. Гарэзлівы ветрык шпурнуў у твар цэлую жменю іскрыстых сняжынак. А хаты! Бы эскадра караблёў, стаяць яны сярод бякрайняга белага мора. Парканы, пчаліныя вуллі ў садзе прыдбалі сабе за ноч прыгожыя белыя шапкі. Мая ж любімая бярозка каля плоту, здаецца, вырашыла паспрачацца з чысцюткім снегам. Маўляў, хто бялейшы, хто прыгажэйшы?! Суцішылася пад цёплай коўдрай гаманлівая Пціч. Нязвыклыя спакой і ціша прыйшлі са снегам.

...Вось і зноў закружыліся над галавой белыя матылі. Халодным пацалункам апяклі твар. Яны, як мне здалося, шапталі: Зіма прыйшла... Зіма прыйшла...”

31 снежня, 22.45

Гэта апошні запіс у 1969-ым годзе. Шкада дзядульку. Прамільгнуў зусім непрыкметна. Аднак след у жыцці пакінуў. Камсамол, старшыня савета дружыны, юнкор, рабселькор - усё гэта звязана з ім, зараз сівенькім 69-ым... У хаце цёпла, утульна, на табурэце ўладкавалася прыгажунька-елачка. Сяджу ў зале адна. Люблю такія вось хвіліны самоты і асабліва ў апошнія гадзіны года. Спадзяюся, што надалей буду часцей звяртацца да дзённіка. Найперш дзеля самавыхавання, каб выгаварыцца...

Заўважаю, што стамляю сваімі размовамі нават маму. Сшытак жа мой усё сцерпіць, не запярэчыць, не выдасць.

1970

13 студзеня

Вярнулася з Магілёва - са з’езда (!) пачынаючых паэтаў і празаікаў. Хіба, усё ж не заслужаны поспех: грамата аблкама камсамола, выбар у праўленне літаб’яднання “Дняпроўскія ветразі”, запіс на беларускае радыё, публікацыя ў альманаху і хвалілі-хвалілі - зашмат для аднаго чалавека на нейкіх два дні. А адказнасць?! Страшна!

Мама толькі і паўтарае: “Не зазнавайся, не за­знавайся...” А я і сама не магу паверыць, што са мной усё тое было.

2 лютага

Вось ужо і люты - мой месяц, хутка мне - 15... Усё ведаць! Усё паспець! Выкараніць з сябе лішняе, разбуральнае самалюбства, не хваліцца, быць стрыманай, уважлівай да кожнага.

15 лютага

Сёння праводзілі “Зарніцу”. Перамога за “зялёнымі” - за класамі “Б”. “Сінія”, як звычайна, узбурыліся: “Зараз снегам закідаем судзей! Знайшліся такія, самі б па снезе палазілі!” - ледзь не аглушылі суддзяў. Ну так, абурацца “ашнікі” можа і мелі падставы, але не так бурна. Вось жа паўсюль: на сустрэчах КВЗ, у дружыне, у Спартландыі - паўсюль яны першыя, а гэта і кепска. З’яўляюцца пыха, дурацкае самалюбства, пагардлівыя адносіны да сяброў з паралельных класаў. “Якія мы слаўныя! А вы ніжэйшыя гатункам”, - аж капае з “ашнікаў”. Ад “бэшнікаў” жа толькі і чуеш: “А што нам з імі цягацца. Усё адно яны выйграюць”. Ды на “Зарніцы” мне “бэшнікі” спадабаліся. Арганізаваныя, стрыманыя (у меру магчымасцей). Хоць, зразумела, стараліся і адны, і другія. “Сінія” наступалі, а “зялёныя” трымалі абарону. Каму было складаней?

Па праўдзе, я, “ашніца”, са сваім пачуццём віны, увогуле не хацела нікому аддаваць перавагу, але мус было вызначыць пераможцаў. І не магла пакрыўдзіць “бэшнікаў”.

20 лютага

Момантамі, аглядаючыся навокал, страшна становіцца, як будзе жыць наша пакаленне без загартаваных вайною, цяжкімі іспытамі людзей. Беспрынцыпнасць, нядбайныя адносіны да справы праяўляюцца літаральна ва ўсім. Пасяджэнне савета дружыны. Дзяўчаты, якія паступаюць у камсамол, дамовіліся, якія пытанні ім будуць задаваць члены савета дружыны. І вось лепшыя піянеры, нават камсамольцы, устаюць і падчас рэкамендацыі, як па пісанаму, апытваюць кандыдатаў. А дзе ж сумленне? Хіба асоба, якой такім чынам удасца праслізнуць у камсамол, будзе прыкладам для беспартыйнай моладзі? Захоплена, урэшце сумленна, будзе выконваць даручанае? Не. Такія паступаюць проста так, каб не адстаць ад іншых, а потым аўтаматычна выбываюць з камсамольскіх шэрагаў. І такіх, на жаль, большасць. Я лічу, што ў камсамол, як і ў партыю, трэба прымаць таварышаў, якія вытрымалі кандыдацкі стаж. І не з 14, а з 16 гадоў.