Выбрать главу

30 мая

Закончыўся навучальны год. Ды не для вось­мых і дзесятых класаў! Наперадзе хваляванні, трывогі - экзамены! Як здаць, не падкачаць?.. Ахопліваюць незразумелыя пачуцці. Нейкая я не такая, як іншыя. Што за характар у мяне? Так, кепскага стараюся пазбаўляцца, імкнуся ляпіць новае, хіба ёсць і штось добрае... Не магу мірыцца з падманам, пошласцю, хамствам, але змагацца па-сапраўднаму з усім гэтым не хапае не тое, што духоўных, унутраных сіл, а фізічнага здароўя і часу... Мыць падлогу - гультайка!

3 чэрвеня

Ура!!! Па нашай чыгунцы пусцілі дызель. Такі сімпацяга вясёлага малінавага колеру, а які спрытны. Цяпер час на дарогу да Мінску эканоміцца аж на дзве гадзіны. Вось яны - змены на вачах. А восем гадоў назад у нас яшчэ ў Дараганаве не было і электрычнасці і сядзелі даўжэзнымі зімовымі вечарамі пры лямпах, нават у школе.

11 чэрвеня

Экзамены здадзены - усе пяцёркі. Гадавыя ж дзве чацвёркі. Здорава - наперадзе лета. Перш за ўсё ныраю ў кнігі. Сонца, рэчка, лес - усё маё зараз да 1 верасня!

22 чэрвеня

Ніколі не ехаць

Хлапцу маладому

Да блізкага дому,

Да роднага гаю.

Над ім асыпаюцца

Слуцкія краскі,

Абсмалены колас

Схіліўся да каскі.

Ляжыць ён, як віцязь,

У стоптаным жыце.

Маці спаткаеце -

Ёй не кажыце...

Колькі іх, такіх маладых, палегла “у стоптаным жыце”, як і сам паэт Мікола Сурначоў, не вярнулася да мацярок, каханых... Трагічны дзень, а сонечна, прыгожа, нібы ніколі страшнай вайны не было. Для маміных братоў Васіля і Яўхіма гадзіны перад світаннем 22 чэрвеня сталіся апошнімі мірнымі ў іх жыцці. І як крыўдна - нават магіл іх, каб прыйсці паплакаць дзецям, якія без бацькоў выраслі, няма. Адзін у Бабруйскім канцлагеры смяротна адпакутаваў, другі пад Варшаваю недзе лёг...

30 чэрвеня

Тры дні была на абласным піянерскім злёце. Наш раён прадстаўлялі вучні гарадскіх, Дараганаўскай і Градзянскай школ. Злёт распачаўся ў Магілёве, дзе адбылася святочная лінейка, прысвечаная 26-й гадавіне з дня вызвалення горада. Выступіў афіцэр В.І. Шаўчэнка, які адным з першых у чэрвені 1944 года ўвайшоў са сваімі падначаленымі ў Магілёў. Жылі мы ў рознакаляровым палатачным гарадку на зялёнай паляне. Парад піянерыі вобласці, канцэрт мастацкай самадзейнасці, праца секцый. Запомнілася, як пошукавыя сабакі дэманстравалі ўменне знаходзіць парушальнікаў, выконваць загады. Было цікава! А ў Асіповічах, ужо развітваючыся, я нават паплакала. Так зраслася за гэтыя дні з Ірынкай. Ну, нічога, будзем бачыцца і надалей. Абавязаная гэтаму злёту яшчэ адной сяброўкай.

10 ліпеня

Раскашую на беразе ракі... Здаецца, нейкаму асілку надакучыла забаўляцца іскрыстым мячом, і свавольнік з усіх волатаўскіх сіл шпурнуў яго ў дах блакітнага шатра, раскінутага над зямлёй. Таму ж надта спадабалася ў вышыні, ад лішку пачуццяў гарачыня ахапіла, шчаслівец выбухнуў жменяй золата, якое рассыпалася гарэзлівымі промнямі над светам. І ўтульна, хораша стала ўсяму. Задаволены і бусел, які з плячэй ветрыку любуецца наваколлем. Прыемная гарачыня спавіла водарны луг, зрабіла флегматычнай раку. Па ёй плывуць снежна-белыя, мабыць, салодкія воблачкі, жывы самалёт-бусел - Пціч фатаграфуе неба. Углядаюцца ў ваду, як у люстэрка, алешыны; дубы палошчуць у няспешным цячэнні кучаравыя кроны. Дубы... Побач з імі робяцца малазначнымі турботы, крыўды, усяляецца ў душу трывалы спакой. Каржакаватыя постаці з глыбокімі маршчынамі, ранамі, пакінутымі шурпатымі далонямі часу, унушаюць упэўненасць у свае сілы... Гарачыня. Ляніва пералятаюць з лотаці на лотаць празрыстакрылыя стрыкозы. Паветра нібы кагосьці калыша. У жоўтым пяску можна яечка спячы. Лета ў зеніце. Хочацца, каб гэты час доўжыўся бясконца! Я нібы сабе незнаёмая, а свая, родная таму, што навокал...

12 ліпеня

Час расслойваецца на дні і становіцца мінулым разам з адарванымі лісткамі календара, пакідаючы па сабе падзеі, думкі. Збіраюцца, збіраюцца... До­бры чараўнік гэты час: узнагароджвае разважлівасцю, вопытам жыццёвых сітуацый, прымушае разважаць, крытычна глядзець на сябе...

25 ліпеня

Кахаю, кахаю - у сэрцы, у душы музыка, лагоднае полымя пяшчоты. І гэтаму цудоўным вінаваўцам Ён, які і не падазрае аб тым, што тры гады ўжо зусім побач па ім хтосьці сумуе, радуецца бачачы і баіцца быць раскрытым... Раптам дзіўнае пытанне: калі б не было тут Яго, пра некага іншага марыла б?!

13 жніўня

Вярнулася з “Арлянят”, абласнога лагера вучобы камсамольскага актыву. Спісала, канспектуючы лекцыі, агульны сшытак. З’явілася шмат знаёмых. І праблема сакратарства стала яшчэ вастрэйшай. Ці вартая таго, каб заўсёды быць наперадзе? Вядома, пастараюся зрабіць усё магчымае. Мае верасы зацвітаюць!