Выбрать главу

27 жніўня

Хаджу штодня ў грыбы. Мае спаконныя баравіковыя мясцінкі чакаюць і адорваюць. У лесе адчуваю сябе лепш, чым дзе. Мне проста неабходна быць перыядычна адной. Каб вакол - толькі дрэвы, маўклівыя, занятыя адно сабою...

30 жніўня

Сёння апошняя нядзеля лета, перадапошні дзень яго. Яно, здаецца, не прайшло дарэмна. Ніколі не паўторацца злёт, лагер, само наэлектрызаванае пачуццямі паветра...

Пацверазела, стала патрабавальней да сябе. І нарастае момантамі нейкая дзіўная туга, якой не ведала раней, пасялілася нібы настала дзесьці ў глыбіні душы...

Заўтра арганізацыйны дзень у школе. Ужо засумавалася па рытму ўрокаў, віхурыстай мітусні на перапынках. Хочацца акунуцца ў плынь работы. Гэта для мяне таксама выратаваннем, выбаўленнем з нейкіх унутраных лабірынтаў, у якіх сябе не ве­даю... Адразу ж праводжу пасяджэнне камітэта камсамола. Парадак дня, вядома, беспамерны. Але нічога не зробіш, трэба вызначыць напрамак дзейнасці арганізацыі, скласці план мерапрыемстваў хаця б на першую чвэрць.

1 верасня

Зноў, як хіба яшчэ ў маміны школьныя тутэйшыя часы, застылі ў святочным страі вучні. Па традыцыі першым выступае дырэктар. Асаблівая ўвага, вядома, першакласнікам і ім, дасягнуўшым апагея ў школьным жыцці - дзесятым класам. Нават зайздросна крыху. Але як падумаеш, што праз год таксама вынясе на парог самастойнасці - і чамусьці здрадніцкі пачынае пяршыць у горле. Нарэшце і ён - школьны жаўрук! Пяе ва ўсё “горла” званок, быццам і не было летняй ростані. І ў песні гэтай кароткай - радасць, нецярпенне, надзея.

Сёння хадзіла па класах, шмат гаварыла з камсоргамі. Вырашыла з першых дзён патрабаваць безвалакітнага, дакладнага выканання даручанага. На жаль, сустракала іранічныя позіркі, маўляў, дзеля чаго стараецца, высоўваецца, больш чым іншым, мабыць, ёй трэба. І я павінна, проста абавязана зрабіць усё, каб у вачах камсамольцаў не было шэрай пустаты, скептыцызму, абыякавасці. А перш за ўсё трэба заваяваць аўтарытэт, давер кожнага. Каб слова камітэта і маё, сакратара, не было звонкай фальшывай манетай.

10 верасня

Паміж добрым і нікчэмным існуе нейтральная паласа, але яна хутчэй прыводзіць да подласці, чым да высокай стваральнасці. Чалавеку, які гуляе са сваім сумленнем, вельмі цяжка рабіць дабро. Людзі ж прамыя, прынцыповыя не маюць паняцця аб тым, як можна прайсці міма таго, хто ў бядзе, зманіць, скрывадушнічаць...

Учора пускала ў цемнаце месячныя зайчыкі. Вусцішнавата і заманліва. Слабае святло, у якім мігціць надзея на світанне, да якога цэлая начная вечнасць...

13 верасня

Як добра ў лесе! Мае сцежкі, мае дрэвы, сярод якіх прасторна пачуццям, думкам... Сёння бачыла журавоў. Паволі плылі яны геаметрычным клінам па сіне-пеннаму небу. Смуткам адазвалася ў сэрцы жалобна-развітальнае: “Курлы, курлы”, “Прабач, прабач”. Вецер кідаўся на калматыя сосны, футболіў жоўтае лісце. А жураўлі не хацелі пакідаць Радзіму. Апусцелыя палі, халодныя лясы бліжэй ім цёплых, прыветліва зялёных паўднёвых краін. Радзіма... Слова, якое ўбірае ў сябе кліч гэтых добрых птахаў і маю любоў да зямлі, дзе нарадзілася, неба над ёй, да кожнага лісцейка клёна над вуліцай... Якое гэта шчасце - жыць на Радзіме, сустракаць і праводзіць журавоў.

18 верасня

У апошнім нумары “Журналиста” падарункам мне артыкул пра Ларысу Рэйснер з яе фатаграфіяй - строгая, прыгожая! Чытала ўжо раней пра бясстрашную журналістку і захапілася - яна вартая быць ідэалам. Вернасць Радзіме, любоў да жыцця з яго вялікім і недарэчным, гераічным і смешным, крыштальная чысціня, вялікая сіла волі, стойкасць, аптымізм - вось тое, за што я люблю і паважаю Ларысу Рэйснер. Хачу быць на яе падобнай!

25 верасня

Некалі ўся зямля была суцэльным акіянам? Тады “вадзе была дадзена цудоўная ўлада стаць сокам жыцця на зямлі”. Не ўкладаецца ў галаве. На біялогіі праходзім паходжанне відаў па Дарвіну. Дык вось адкуль узяўся чалавек?!

А сакратаром быць цяжка. На пасяджэннях камітэта камсамола ўзнікаюць сітуацыі, калі я трапляю ў раку з дзвюмя плынямі - двума меркаваннямі членаў камітэта. У які бок падацца, ці зусім прышвартавацца да берага?! Імкнуся быць аб’ектыўнай, цвяроза ацэньваць падзеі, але ж гэта, на жаль, не заўсёды ўдаецца.

1 кастрычніка

Як шмат я ўсё ж упусціла ў сваім жыцці! Пятнаццаць з лішнім гадоў жыву на Зямлі. І колькі кніг не прачытала, як мала ведаю, як тапчуся на адным месцы, марнуючы магчымасці самавыхавання. Сорамна дарэмна раскідацца каштоўным чалавечым часам! Дасканаласць толькі мроіцца. Мушу працаваць і працаваць.