Выбрать главу
Пад вакном за выцвілай, за брамай Расцвітаў ізноў прыгожы май. Трэці год, як сына ўжо забралі, Трэці год, як роднага няма. Як забралі — весці не пачула... І на твары роспач і адчай. Трэці год, як бедная матуля Перастала спаці па начах. Поўнач. Стукнуў хтосьці. Хто там? Гэта сон ... Але ж пасля сама Выбягае хутка за вароты, — Прыглядаецца... глядзіць вакол... няма. Той жа ночы дзесьці на чужыне Родны сын яе навек спачыў. І дарма матуля варажыла Пад акном сядзела уначы.

У 1944 годзе, падчас адступлення немцаў, Тодар Лебяда вырашыў уцячы на Захад. Ён добра ведаў і адчуваў, што яго зноў чакае турма, зноў чакаюць сталінскія рэпрэсіі. Таму спачатку быў Берлін, а пасля Прусія, дзе ён, разам з жонкаю Верай Жгут, уладкоўваецца на працу да адного баўэра. Як жылося і працавалася ім там, сведчыць адзін ліст Тодара Лебяды да Масея Сяднёва. Гэтае пісьмо пры жыцці Сяднёў прыслаў мне і яно захоўваецца ў маім хатнім архіве: “Здароў, Масей! Сёньня атрымалі ад цябе першы ліст і былі бясконца рады. Малайчына, што не застаўся ў Беластоку! Аб нас ты ўжо напэўна тое-сёе чуў. Жывем з Валодзькам (Клішэвічам — С.Ч.) у аднаго баўэра, працуем у яго: косім, чысьцім гной і г.далей, за што маем ад яго кавалак хлеба. Калі казаць аб нашым жыцьці, дык пра ўсё можна выказаць адным словам – сытыя. Больш нічога. Ніякай духоўнай стравы. Рана ўстаем, ідзем на працу, прыходзім з працы – вячэраем і кладземся спаць, каб заўтра ісьці зноў на працу. Гэтак сама жыве і Віцьбіч. Ён толькі за чатыры вярсты ад нас. Пісалі мы некалькі лістоў у Бэрлін, але адказу не атрымалі, чым яшчэ раз пацьвярджае думку аб нашых беларусах: калі сам сыты, дык аб галодных не спагадае. Я гэта адчуў яшчэ на Бацькаўшчыне, а цяпер гэта лішні раз толькі пацьвярджаецца. Мы – беларусы такімі адносінамі (панскімі) да людзей дабіліся таго, што нам ужо мала хто й верыць, аб чым-бы мы не казалі.

Вось мы сёньня радуемся з Валодзькам, што ты зараз у Бэрліне. Ты – не такі, як нашыя астатнія беларусы. Будзем спадзявацца, што ты дзе-небудзь, калі-небудзь і закінеш там за нас слова. Галоўнае – гэта каб ты не забываўся пра нас і пісаў-бы нам лісты, дасылаў газэты (як мага акуратней) і па магчымасьці іншую літаратуру, бо мы зараз анічога ня маем. Атрымалі адзін нумар “Раніцы” ад сп.Караленкі, за што вельмі шчыра яму ўдзячны.

Учора я пахаваў сваё дзіця. Пасьля ўсяго вельмі дрэнны настрой. Мы з Валодзькам разабралі наш ложак і зрабілі майму сыну маленькую дамавіну. Цьвікоў нацягалі са сьцен і з старых дошак.

Яшчэ раз просім цябе – пішы нам. Мы будзем пісаць як найчасьцей. Бывай здароў! Твае Пятрок і Валодзя Клішэвіч.

Калі ты ўведаеш аб нашых паэтах Л.Случчаніну, Золаку, Алесю Салаўю, або ўведаеш, дзе зараз П.Манькоў, не забывай паведаміць. Устрой, Масей, для мяне, калі ласка, у “Раніцу” аб’яву: шукаю дачку Аляксандру Шырокаву – 8 год і маці Настассю Паедаву, якія апошнія часы знаходзіліся ў мястэчку Лентварова Віленскай акругі. Паведаміць праз газэту “Раніца” – Тодару Лебядзе. Аб’яву гэтую перарабляй як хочаш. Я падаў толькі сэнс. Тодар Лебяда”.

Цяжка сказаць ці была гэтая аб’яўка ў “Раніцы”, а вось невялікая рэцэнзія М.Сяднёва на зборнік “Песьні выгнаньня” была ў свой час надрукавана ў “Новай (беластоцкай) дарозе”.