Выбрать главу

Пасля Прусіі сляды Пятра Шырокава на пэўны час губляюцца. Хадзілі толькі чуткі, што ён з’агітаваны савецкім афіцэрам вярнуўся да Басі Цыпінай і да сваёй дачкі Алесі. Але гэтае вяртанне шчасця яму не прынесла. У маі 1947 года Ваенным Трыбуналам войск МУС Мінскай вобласці па арт.63-1 КК БССР Шырокаў Пётр Фёдаравіч зноў быў асуджаны, але на гэты раз на 25 гадоў:

Алеся любая, Дачушка дарагая, Што так боязна Глядзіш ты на мяне? Сягоньня я Надоўга ад’яжджаю, А там, -- магчыма, стрэнемся... Мо’ не... Я ручкі кволыя Бяру сваёй рукою... Сягоньня я... Ты плачаш? Перастань!.. Пайду па вуліцы Пад моцным пад канвоем Твой бацька, Любы твой, А сёньня – арыштант... Я еду ў край Такі, што ты й ня сьніла, Дзе многа, многа Страшных мерцьвякоў, Дзе кожны дзень Капаюцца магілы Дзеля замучаных, Зьняволеных бацькоў...

У якіх раёнах Сібіры адбываў свой тэрмін беларускі пісьменнік Тодор Лебяда, пакуль невядома. Вядома толькі адно, што 30 жніўня 1956 года ён быў вызвалены з-пад варты, але ў Беларусь вяртацца яму не дазволілі, таму прыйшлося ўладкавацца цырульнікам у адным з пасялковых дамоў афіцэраў, а таксама працаваць на іншых работах. І толькі ў 1960 годзе ён прыязджае на Беларусь у горад Слонім. Адразу ўладкоўваецца працаваць рэзчыкам паперы на мясцовую кардонна-папяровую фабрыку “Альбярцін”. А ў вольны ад працы час Тодар Лебяда па-ранейшаму піша вершы, апавяданні і п’есы. Сёе-тое друкуе ў слонімскай раённай газеце “Вольная праца”. Але пра свой псеўданім Пятро Шырокаў нікому нічога не казаў, а таксама пра выдадзеную ім у 1944 годзе кнігу вершаў. Быў заўсёды маўклівы і даволі просты. Вельмі хацеў на фабрыцы стварыць драматычны гурток, каб ставіць свае п’есы. Дарэчы, у Слоніме ён напісаў п’есу ў трох актах “У нас, на Гродзеншчыне”, прысвечаную вясковаму жыццю моладзі. У гэты час было напісана і некалькі аднаактовых п’есак. Адна з іх — “Людзі ва Хрысце” — была надрукавана ў райгазеце “Вольная праца”.

Тодар Лебяда быў добры і апавядальнік. Асабліва яму ўдаваліся гумарыстычныя апавяданні і абразкі на маральна-этычныя тэмы.

Жывучы ў Слоніме, Пятрок Шырокаў пачынае шукаць і сваіх сяброў, найперш Уладзіміра Клішэвіча. Былы рэдактар беластоцкага беларускага тыднёвіка “Ніва” Георгій Валкавыцкі захаваў і перадаў неяк мне пісьмо Пятра Шырокава ў “Ніву”, дзе ён, у прыватнасці, пісаў: “Паважаная рэдакцыя! Праглядаючы архівы Вашай газеты за мінулыя гады, я знайшоў у ёй надрукаваныя вершы майго блізкага сябра па інстытуту Уладзіміра Клішэвіча, якога я лічыў загінуўшым у часы Другой Сусветнай вайны. А быў бы я Вам вельмі ўдзячны, калі б Вы паведамілі мне аб яго цяперашнім месцажыхарстве, альбо даслалі яму мой хатні адрас: БССР, Гродзенская вобласць, г.Слонім, пас.Альбярцін, вул. 17 верасня, д.3. З нецярпеннем чакаю Вашага адказу. З пашанай — Шырокаў Пётр Фёдаравіч. 2.V.61 г.”.

Просьба яго была рэдакцыяй выканана. Уладзімір Клішэвіч і Тодар Лебяда знайшлі адзін аднаго. Яны перапісваліся, бо ў адным з пісьмаў да Клішэвіча Пятро нават хваліўся перад ім, што стаў ужо дзедам...

1 студзеня 1962 года Пятро Шырокаў звольніўся з работы і назаўсёды пакінуў Слонім. Ён прыехаў у горад Чэрвень Мінскай вобласці і ўладкаваўся на працу сакратар-машыністкай у рэдакцыю раённай газеты “Уперад”. Піша вершы, фельетоны, гумарэскі. Друкуецца не толькі ў сваёй газеце, але дасылае творы і ў рэспубліканскія выданні. Праўда, падпісваецца ўжо другі псеўданімам — Клім Каліна.

У канцы 1962 года Тодар Лебяда пакідае Беларусь і ад’язджае на Разаншчыну ў Расію да знаёмай жанчыны. З ёю наш зямляк пражыў сем гадоў. Там ён пабудаваў дом, пасадзіў сад. Але гады сталінскіх рэпрэсій далі аб сабе знаць. Тодар Лебяда перанёс два інфаркты і напачатку 1970 года памёр. Яго пахавалі ў пасёлку Воршава Пуцяцінскага раёна Разанскай вобласці.

Да ўсяго сказанага пра двойчы рэпрэсіраванага беларускага пісьменніка Тодара Лебяду хочацца дадаць, што ў Чэрвенскім раёне на Міншчыне жыве яго дачка Ала (Алеся) Пятроўна Козел. Некалькі гадоў з ёю перапісваюся. Яна даслала незабыўныя ўспаміны пра трагічны лёс бацькі. У адным з лістоў Ала Пятроўна напісала: “Бацька быў цікавы і шчыры чалавек, валодаў вялікімі гуманітарнымі ведамі, добра спяваў, у яго быў вельмі нізкі густы бас. Спяваў толькі беларускія песні “Ці ўсе лугі пакошаны”, “Ой, у полі вярба”, “Ой, пайду я лугам, лугам” і многія іншыя народныя песні.Быў вялікім патрыётам сваёй Бацькаўшчыны, любіў усё беларускае: і зямлю нашу, і людзей, і народныя звычаі...”.