Выбрать главу

2000 г.

Кандрат Лейка на Украіне

Жыццё дзейнасць беларускага празаіка, паэта, драматурга і педагога Кандрата Лейкі, які жыў у канцы ХIX — пачатку XX стагоддзяў яшчэ зусім мала даследаваны. Асабліва яго ўкраінскі перыяд жыцця з 1884-га да 1921 гадоў. Таму сёння хочацца расказаць пра гэты ўкраінскі час нашага суайчынніка, тым больш што нядаўна на Харкаўшчыне ўдалося знайсці пра яго шмат новых звестак.

Кандрат Лейка нарадзіўся ў 1860 годзе ў вёсцы Збочна на Слонімшчыне. Спачатку вучыўся ў Азярніцкім народным вучылішчы, а пасля скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю.

Пяць гадоў малады настаўнік адпрацаваў настаўнікам у Косаве. А ў вольны ад педагогікі час пісаў па-беларуску вершы для дзяцей. Да сённяшняга часу захаваліся яго паэтычныя творы “Сарока”, “Песня ластаўкі”, “Бусел” і іншыя, датаваныя 1883 годам.

Яшчэ ў маленстве Кандрат Лейка застудзіў ногі, якія ў яго пастаянна балелі. Аднойчы доктар параіў памяняць месца жыхарства і пераехаць туды, дзе клімат больш сухі і цёплы. І ў 1884 годзе наш зямляк пакідае Беларусь і пераязджае жыць на Украіну ў Харкаўскую губерню. Тут ён спачатку працуе настаўнікам у Лініўскім пачатковым народным вучылішчы, а пасля праз год яго пераводзяць у Аснавянскае народнае вучылішча.

У 1887 годзе ў двухпавярховым доме сваякоў украінскага пісьменніка Грыгорыя Квіткі-Аснаўяненкі ў Харкаве адкрылася вучылішча для сляпых дзяцей. Праз пяць гадоў вучылішча пераехала ў новы трохпавярховы корпус на Сумскую вуліцу. Гэты корпус быў пабудаваны па ўзоры дрэздэнскай школы для сляпых дзяцей, на грошы, сабраныя жыхарамі Харкава, а таксама за кошт мясцовага універсітэта. Начальнікам вучылішча ў новым корпусе быў прызначаны беларус Кандрат Фёдаравіч Лейка.

З вялікай любоўю Кандрат Лейка ўзяўся за справу выхавання сляпых дзяцей. Ён уважліва вывучай іх псіхалогію, распрацаваў сваю методыку навучання. Для дзяцей, якія не бачылі, праводзіліся экскурсіі ў поле, у лес, ажыццяўляліся паездкі на экскурсіі ў Палтаву і Кіеў. Найбольш таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак на свой страх і рызыку ён пачаў навучаць музыцы.

Шмат увагі наш зямляк удзяляў фізічнаму выхаванню сваіх гадаванцаў, бо лічыў, што з дапамогаю гімнастычных практыкаванняў можна пазбавіцца дэфектаў каардынацыі цела дзіцяці. На кожным пасяджэнні папячыцельскага савета Кандрат Лейка паўтараў адно і тое: “Гаспада! Прашу вас асігнаваць дадатковыя сродкі на спартыўныя снарады для вучылішча”. А яму адказвалі: “Еще чего придумали! У нас приют для слепцов или обезьяний цирк”. Але сродкі Лейка знаходзіў. І на пляцоўцы каля вучылішча з’явіліся турнікі.

Становішча навучальнай установы пагоршылася тады, калі старшыня папячыцельскага савета прафесар К.А.Андрэеў быў пераведзены на службу з Харкава ў Маскву. З ад’ездам прафесара на вучылішча пачалі менш выдаткоўваць сродкаў. Тады Кандрат Лейка вырашыў прыдбаць свой агарод. Выхаванцы самі саджалі градкі, а восенню збіралі ураджай бульбы, морквы, капусты, буракоў, цыбулі, якіх хапала на ўсю зіму.

У 1897 годзе вучылішча выпусціла 6 першых вучняў. Але ўсе яны паехалі да сваіх бацькоў, і далей вучыцца ніхто з іх не пайшоў, а дома былыя вучні займаліся пляценнем карзін. Усё гэта бачыў іх начальнік і вельмі перажываў. Ён пачынае выношваць новыя планы падрыхтоўкі сваіх выхаванцаў і рыхтуе іх да паступлення ў гімназіі і ва універсітэты. Вучылішча пачынае працаваць па праграме пачатковых класаў гімназіі.

Працуючы ў Харкаўскім вучылішчы для сляпых дзяцей, Кандрат Лейка прайшоў спецыяльныя курсы ў Пецярбургу, а таксама слухаў лекцыі ў Харкаўскім універсітэце. Ён вельмі часта выступаў у друку з артыкуламі на розныя педагагічныя тэмы. Друкаваўся ў пецярбургскіх часопісе “Слепец” і газеце “Южный край”, а таксама ў харкаўскай перыёдыцы — газеце “Губернские ведомости” і “Южный край”. Некаторыя свае артыкулы падпісваў псеўданімам Мрачный.

У 1893 годзе ў Харкаве Кандрат Лейка выдае сваю першую кнігу “Русская азбука. Учебник родной грамоты для классного и домашнего употребления”. Сярод педагагічных матэрыялаў на сённяшні дзень удалося адшукаць яго артыкулы “Экскурсия воспитанников и воспитанниц Харьковского училища слепых в Киев”, “Подвижник народной школы”, “Основа”, Письмо в редакцию”, “О правовом положении слепых в России”. Дарэчы, апошняя праца нашага земляка выдавалася асобнаю кнігаю ў бібліятэчцы часопіса “Слепец” у Пецярбургу ў 1906 годзе. Нядаўна яе ўдалося мне адшукаць і набыць на Украіне.