Энергія, якая вылучаецца ў працэсе работы нашага мозгу, вядома, непараўнальна меншая за энергію радыёхваляў, але затое мы цяпер маем сілу непараўнальна большую за электрычнасць — атамную энергію. Гэта энергія можа зрабіць тое самае з імпульсам нашага мозгу, што робіць электрычнасць з імпульсамі радыёстанцыі. Гэта значыць, выконваць усё тое, чаго жадае наш мозг, іначай кажучы, наша фантазія. Ну, светлячкі, ці зразумелі вы што-небудзь?
— Трохі зразумелі,— прамовіў Светазар, гледзячы на дзеда шырока раскрытымі вачыма.
— А хіба можна гэта зрабіць? — ціха спытала Святлана.
— Цяпер усё можна, — сур'ёзна адказаў дзед. — Сучасны стан нашай навукі, асабліва атамнай, дазваляе гэта. Я ўжо даўно займаюся гэтым пытаннем і спадзяюся зрабіць вам такую машыну.
Такія аўтарытэтныя і сур'ёзныя словы вучонага прымусілі дзяцей паверыць у сапраўднасць усёй справы. Яны тут жа пачалі марыць.
— Я паляцеў бы на Месяц або на Сонца, — сказаў Светазар.
— А я спачатку аб'ехала б увесь наш Саюз, — сказала Святлана.
Яны нават пачалі спрачацца, куды ехаць, і выдумлялі ўсё новыя і новыя маршруты. А дзед глядзеў на іх і, пасмейваючыся, ківаў галавой.
— Так, так. Добра, добра. Бачу я, фантазіраваць вы ўмееце. Зараз паглядзім, якую энергію мае ваша фантазія.
Ен устаў з крэсла, падышоў да шафы, дзе блішчалі розныя складаныя прылады, і ўзяў адну рэч з цыферблатам, які быў прымацаваны да шырокай круглай падстаўкі з выемкай унізе, нібы перавернутая міска. Падышоўшы да ўнукаў, дзед прыклаў прыладу да галавы спачатку аднаму, а потым другому, наглядаючы за стрэлкай. Потым весела сказаў:
— Вельмі добра! Гаручага хопіць на якія хочаце падарожжы.
Раптам ён зрабіўся сур'ёзным, вочы яго пагаслі і, здаецца, не бачылі ўжо ўнукаў. Ён сеў у сваё мяккае крэсла і апусціў галаву. Светазар і Святлана зразумелі, што дзеду трэба адпачыць, і ціхенька выйшлі з пакоя.
Калі першае ўражанне ад дзедавай гутаркі прайшло, Светазар і Святлана пачалі думаць, што дзед жартаваў, расказваў адну з тых навуковых казак, якія яны чулі ад яго ўжо не раз. І раней часта бывала, што не разбярэш, дзе канчаецца навука і дзе пачынаецца казка.
— Навуковыя казкі,— казаў ён, — адрозніваюцца ад народных тым, што ў народных непраўдападобнымі звычайна бываюць усе факты, а ў навуковай можа быць непраўдападобным які-небудзь адзін, асноўны. Возьмем, напрыклад, вядомую казку «Канёк-Гарбунёк», там у аснове непраўдападобны сам Канёк-Гарбунёк, Іванка, які едзе на ім, сустракае і непраўдападобнага кіта, і ярша, і непраўдападобную Жар-птушку, і наогул усе падзеі ў казцы непраўдападобныя. У навуковай казцы «Плутонія» нашага вучонага Обручава непраўдападобна толькі тое, што ў наш час чалавек трапіў у нейкае царства дапатопных звяроў. Затое ўсё далейшае апісанне зусім правільнае: каб чалавек сапраўды мог трапіць у такое царства, ён убачыў бы акурат такіх самых жывёл, у такім царстве яны былі б у сапраўднасці!
Успамінаючы гэтыя словы, Светазар і Святлана задавалі сабе пытанне: мусіць, і тут была навуковая казка? Мусіць, і тут які-небудзь пункт няправільны? Але які? І чаму дзед казаў так, нібы сапраўды можа зрабіць машыну?
— А навошта нам ламаць галаву? — нарэшце вырашылі яны. — Калі гэта была казка, няхай будзе казка, а калі сапраўднасць, то самі ўбачым.
На дзедавай верандзе стаяла маленькая чырвоная машына, падобная і на аўтамабіль, і на падводную лодку, і на самалёт, бо збоку былі маленькія крылы, як у птушкі, якая нарыхтавалася ўзляцець.
Унізе ледзь вызначаліся маленькія колы. Спераду быў невялікі прапелер з адхіленымі назад лопасцямі; у такім выглядзе ён трохі нагадваў свердзел. Ззаду, дзе ў аўтамабілях часта прымацоўваюцца запасныя колы, таксама быў не то прапелер, падобны на вентылятар, не то вентылятар, падобны на прапелер. Па баках было напісана «ФЦ-1».
Пасля таго ўнукам доўгі час не даводзілася сядзець у дзеда і гутарыць з ім.
Ен быў вельмі заняты, нават выязджаў некуды; потым да яго прыходзілі нейкія людзі, нешта прыносілі, майстравалі там наверсе. Уніз дзед спускаўся рэдка і ні на каго не звяртаў увагі.
Але ніхто гэтаму не здзіўляўся: ён часта быў такім, калі быў надта захоплены сваёй работай, і вось аднаго разу дзед сказаў:
— Ну, светлячкі, ідзіце прымайце сваю машыну. Маці, якая таксама была тут, сказала свайму бацьку з дакорам:
— Ці варта было столькі турбавацца дзеля такой цацкі? Яна ж, мусіць, і дорага каштуе. Замест яе лепш было б веласіпеды ім купіць. А гэту штуку і не скарыстаеш ніяк…
— Эх, маці! — сказаў стары з дакорам. — Не скарыстаеш! А ты ўжо забылася, як сама калісьці скарыстоўвала нават перавернутае крэсла для падарожжаў па ўсім свеце? І, здаецца, была ўпэўнена, што гэта ёсць сапраўднасць.
— Дык то была дзіцячая фантазія, — адказала дачка.
— Вось мы і скарыстаем гэтую дзіцячую фантазію. Толькі не так, як вы калісьці, а па-навуковаму.
— Ну, гуляйце сабе па-навуковаму, — абыякава сказала маці і пайшла ўніз.
— А што азначаюць літары «ФЦ»? — пацікавілася Святлана.
— Гэта фабрычная марка, — засмяяўся дзед. — Чытаецца так: «Фантамабіль Цылякоўскага», выпуск 1. А цяпер сядайце ў свой фантамабіль. На галаву надзеньце гэтыя шлемы. Ад іх вось ідуць правады да гэтага апарата (за іх спіной было нібы акенца з сеткай). Тут і знаходзіцца, так сказаць, сэрца машыны. Як я ўжо казаў, рухаць машыну будзе ваша фантазія. Гэта значыць, што можна выканаць кожнае ваша жаданне. Паўтараю — кожнае. Значыцца, ніякага іншага кіравання не трэба, і вы можаце сядзець спакойна і фантазіраваць. Каб пусціць машыну ў ход, трэба націснуць вось гэтую кнопку. Тут яшчэ ёсць цыферблат са стрэлкай, дык вы яго пакуль не чапайце: я потым скажу вам, як ім карыстацца. Хуткасць вашага «фантамабіля» ў прынцыпе павінна быць такая самая, як хуткасць фантазіі, гэта значыць, неабмежаваная. Але ў прыродзе мы яшчэ не ведаем хуткасці, большай за хуткасць святла, гэта значыць, трыста тысяч кіламетраў у секунду. Навука лічыць, што наогул большай хуткасці не можа быць, як не можа быць холаду, большага за дзвесце семдзесят тры градусы. Ну што ж, калі не ўдасца нам падняць хуткасць машыны да хуткасці фантазіі, то хопіць вам і хуткасці святла, з якой вы зможаце апынуцца, напрыклад, на Месяцы праз адну і тры дзесятых секунды або за адну секунду аб'ехаць вакол Зямлі сем з паловай разоў. Памятайце толькі, што перад пасадкай трэба загадзя зменшыць ход, каб не расплюшчыла вас інерцыя. Тое самае трэба мець на ўвазе і пры павелічэнні хода. Але паколькі ўсё гэта залежыць ад вашага арганізма, то я ўпэўнены, што ён інстынктыўна будзе сам рэгуляваць хуткасць, як і рэгулюе раўнавагу ў часе хады. Пакуль вы знаходзіцеся ў машыне, ніякая небяспека вам не пагражае, бо вы можаце ў кожны момант накіраваць яе прэч. Вось пакуль што і ўсё.
Унукі не ведалі, што і думаць. Розум падказваў ім, што гэтага не можа быць. Але дзед казаў зусім сур'ёзна, верыць яму ўнукі прывыклі з самага маленства. Да таго ж яны ведалі, што ўвесь свет лічыць іхняга дзеда вялікім вучоным. Як было не верыць?
Тады Святлана без усякіх хітрыкаў задала яму адно пытанне:
— А вы самі, дзядуню, ездзілі на такой машыне? Дзед шчыра рассмяяўся.
— Правільнае пытанне, Святланачка! — сказаў ён праз смех. — Або, як кажуць, правакацыйнае пытанне. Але на яго ёсць вельмі просты адказ: у сталага чалавека, а тым больш у такога старога, як я, фантазія зусім не тая, што ў дзяцей. Ці магла б, скажам, цяпер ваша маці, як вы чулі, фантазіраваць, як у дзяцінстве, ездзіць па ўсім свеце на перавернутым крэсле? Не, на нашай фантазіі далёка не паедзеш, а вось на вашай… Націскайце кнопку — і ў дарогу!