Нарэшце яны заўважылі мясцовасць, якая ім здалася ўжо знаёмай. Гэта было тое месца, дзе яны ўбачылі першых яхаў. Толькі цяпер дзеці прыляцелі сюды з процілеглага боку, на той бераг возера, дзе яны першы раз бачылі яха з вязанкамі кактуса на спіне.
— Вось тут прыйдзецца спыніцца, — сказаў Светазар. — Трэба праверыць, ці захавалі яхі агонь.
Машына спынілася ля знаёмага ўвахода. Яхі мігам акружылі яе, вясёлыя, радасныя, многія з іх смяяліся.
— Значыцца, справы добрыя, — сказаў Светазар. — Агонь, відаць, не згас.
Прыемна было бачыць гэтых ашчасліўленых істотаў, але вельмі не хацелася лезці да іх у бярлогу. Тым больш, што надта рупіла вяртацца дадому.
— Ну, добра! Жывіце шчасліва, — сказаў Светазар, не вылазячы з машыны.
І яны зноў зніклі з вачэй яхаў. Што думалі гэтыя бедныя стварэнні, як яны сябе адчувалі — ніхто не ведае.
Справаздача «камандзіраваных» унукаў свайму дзеду працягвалася некалькі дзён. Увесь расказ, усе падрабязнасці Пётр Трафімавіч старанна запісаў у свой сшытак і быў вельмі задаволены.
— Я ведаў,— казаў ён, паціраючы рукі,— што прыблізна гэтак і павінна быць. Адкуль там цывілізацыя, вышэйшая за нашу, калі прырода такая неспрыяльная? Добра ўжо і тое, што там сякое-такое жыццё ёсць. Добра і тое, што развіццё жывых стварэнняў дасягнула такой ступені, як у гэтых яхаў. Навука даўно ўжо ўзяла пад сумненне каналы Скіяпарэлі, і мы цяпер бачым, што ніякіх каналаў на Марсе няма. Хутка прыйдзе час, калі ўся навука будзе вывучаць тое, што адкрылі вы. А пакуль… пакуль прыходзіцца маўчаць. Да таго часу, калі многія вучоныя змогуць сваімі вачыма ўбачыць тое, што бачылі вы. А цяпер рыхтуйцеся да найбольш важнага падарожжа. Падарожжа на такую планету, як наша Зямля. Я ўжо казаў вам, што сярод мільярдаў планет нашай Галактыкі такая планета абавязкова знойдзецца. Сілаю фантазіі можна яе знайсці і азнаёміцца з ёю.
1955 г.