Выбрать главу
* * *
Як я апавядаў пра свой залішні спех, Смяяўся Грышка, саркастычны быў той смех, За звычаем п'ючы з бутэлькі паляўнічай, Дадаў: «Ласі не верабейкі?! Так, панічу?»

III. Перад куццёй

«Куцця, паночку, заўтра, трэба ў поле рушыць, Вялося так спрадвеку». — «З дому йсці не мушу: Мароз вялікі, вецер, дзе ні стань — шарпак, Псы лапы зраняць». Як сказаў я, Грышка так І пляснуў у далоні з роспачы, няйначай. «Паночку! што я чую?! Што ўсё гэта значыць? Якая завіруха нават ні была б, А трэба йсці. Няхай не слухае пан баб! Ад іх, ад гэтага стварэння, шмат ліхога, Не абышлося й тут без языка даўгога: Зашкодзіць! — ляп! няможна! — ляп! абы мянціць. Цьфу! — заўтра з паляўнічых дома хто сядзіць? У дзень куцці паўсюдна ловы ладзяць людзі. Як заўтра пан заб'е, дык цэлы год біць будзе, Як пудла дасць, пасля і ўлетку, і зімой Натрапіць… стрэліць… папакруціць галавой! Шарак, забіты заўтра, многае пакажа, — Як лось, казуля ў іншым часе, столькі ж важыць. Ну хоць дразда забіць, хоць амялушкі дзве, На птаства будзе шчасціць, і не дзе-нідзе. Нам конча трэба йсці!» — «Ат! слухаю пустое! Лухта! Стары, а шчэ ўсё верыш у такое». — «Лухта? Паночку!.. Вось жа ў недалёкі час Базыль з Крывога Логу ў дзень куцці якраз Ваўка і не забіў. Такі стралец!.. год цэлы Пасля партач быў з партачоў, а ўсюды смелы. Сам бачыў, схібіў у дзіка — хоць бы кусток, Пытаюся: мо хворы?.. мо п'яны, браток? Панурыўся, стаіць ён як дурны, аж шкода, Мне ў дзень куцці той, кажа, воўк папсуў. Я згодны. Забіў тады… аж радасна на сэрцы мне! Клаў звера!.. хоць на крокаў сто і хвасянеш. Пасыпалася шчасце мне, як з меха зерне. Сава! — гляджу раз… луп!.. а падае цяцерка. Абход удачлівы. Нагледжу свежы след І адгадаю месца звера, ўвесь сакрэт». — «Ну, досыць!.. Заўтра йдзем куды на паляванне?» — «Ў лазняк». — «А там ці знойдзем?» — «З-пад зямлі дастанем!» — «А потым?» — «Праз хмызняк, што справа ад сяла, З другога боку трэ заняць. Хрысту хвала!»