Выбрать главу

Мы паміраем на ноч, але не належым ночы,

уваскрасаем на дзень, але не належым дню.

Нашы малыя жыцці і нашы малым смерці выводзяць нас у наступнасць, дзе мы адчуваем-распазнаёмся, што мы тут ужо былі.

Як рухаецца па складах і па словах увага, каб прачытаць урэшце завершаны сказ, гэтак чытаем бесперастанку мы самі сябе, і як важна пры гэтым не схібіць, не зблытацца, не запнуцца, а ўсё прачытаць па парадку і цалкам засвоіць нам скіраваны змест.

З глыбіняў вякоў узнікаюць і зноўку знікаюць дарожныя знакі — людзі, што сустракаюцца нам на нашых шляхах.

ПАЭМЫ

Паэма пагашаных люстэрак
Мы гуляем у хованкі: сховы. Небяспечныя хлеб, вада. Праз парушаныя асновы прабіваецца лебяда. Як зіхцела жыццю звышмэта!.. Лета, чорнае ад пакут. Кожны кут абшукаю: дзе ты?!. Адгукаецца водгук: тут. Ношка цяжкая ураджаю. Нерухома стаяць сады. Хто каго з нас апераджае? Быццам веды — вядуць сляды. Асляпляльны дарунак боскі: не ўмясцілі календары. Сустракаюць пустыя вёскі, абязлюднелыя двары. Што вам згадваецца, раздарожжы? Што вы памятаеце, платы? Зазіраю ў люстэркі: можа, у якім засталася ты?!. Успаміны тлумачаць нешта, прагнуць будучыняю ўзысці. Каб успомніць цябе дарэшты, мушу зноўку цябе знайсці. То зацягваючыся імглою, то квітнеючы ззяннем, бярог свет свае таямніцы: малое — дарагое: ў найменшым — Бог. Расшчапіліся раптам хвілі — i адкрылася бездань сама. Мы з табою жыццё хвалілі. Без цябе мне жыцця няма. Кім былі, больш ужо не будзем, Толькі хмурнаю талакой знерухомелі стоды ў бязлюддзі, ўдалеч цягнучыся рукой. Мы жывілі ix: нашы творы, ушаноўвалі кагадзе. Але зрушылася прастора: тут — яны, ты — не кажаш — дзе. Што сабралася ў выніку — ў ношцы? Прысвячалі сябе, хто як мог, мы наступнасці. Пераможца — выракаюся перамог. Толькі б ты адшукалася — ў святы перайначаліся б часы... Уваходжу, вандроўца, ў хаты: ціша, змоўклыя га л асы. Тут жылі: ростань сніла сустрэчы. Без цябе — быццам птушцы без крыл. На фіранкі, на кнігі, рэчы асядае паволі пыл. Засяваўся насеннем скону (хлеб — гарчэча) спрадвечны аблог. Бы люстэркі, вісяць іконы, у іконах — распяты Бог. Па мяжы, што няўзнак дзяліла (што — ўнутры, што — знадворку) свет, бы па лініі небасхілу, я іду за табою ўслед. Ты ўзышла з маіх сноў: нявеста — каб не быў аніколі сам,— блаславёная скрытым зместам. Каб адкрыўся — карцела снам. I карцела лязу калізій ўцяцца ў думку i ў пачуццё. Homo sum — у Чырвонай кнізе прачытаю сваё жыццё. Бог пагібелі i ратунку таясамны. A крокаў шмат. Разыдуся па ўсіх кірунках. Сад, адняты ад птушанят. Што рабілі — тое губілі. Час, як рэчка, ў нябыт уцёк. Экскаватары, аўтамабілі пазакопваліся ў пясок. Кадры колішняй кінастужкі — нейчы спраўджваючы загад, паляцелі ў наступнасць птушкі... Не знаходзяць шляхоў назад. Ты была мне вяха i мерка. Даўніх воблікаў чарада. У пагашаныя люстэркі углядаецца лебяда. Узыходзілі знакі долі у няспынных жніве-сяўбе. Я табе аддаваў — не здолеў, каб аддаць назусім — сябе. Выгаворвалася ў гаворках незвычайнае. З-пад рукі мы ўглядаліся ўдаль... На ўзгорках крылы ўзмахваюць: ветракі. Голас нейчы ў бязлюддзі плача. Удыхаюцца сквар, імжа. Ты бліжэй да мяне, чым бачу. Перайшлася няўзнак мяжа. Мы з табою адзінаверцы. Будзь маёй назусім — прашу. Цела мёртвага Бога ў сэрцы: не памёршы — не ўваскрашу. О як лета цвіло!.. Ў абалонцы вокамгненнага міражу над зямлёю згарэла сонца. Цень, адкінуты на мяжу.