Нездарма апошнім часам пра Саламею Русецкую, дзённік якой захоўваецца ў Народным музеі ў Кракаве і ўпершыню прачытаны ў 1896 годзе, з'явілася ў беларускай прэсе і літаратуры некалькі твораў, і трэба думаць, з'явяцца яшчэ.
Са славутых людзей Навагрудка гэтага стагоддзя — акадэмік Міжнароднай Акадэміі астранаўтыкі Барыс Кіт, які цяпер жыве ў Франкфурце-на-Майне, навучэнец Наваградскай Беларускай гімназіі, якая дала шмат слынных людзей для Беларусі, была адкрыта тут у час апошняга раздзелу нашай зямлі ў 20—30-ыя гады коштам і адвагай энтузіястаў беларускай справы. Пра многіх з іх расказваюць стэнды Навагрудскага краязнаўчага музея, яго экспанаты.
Пабыўшы ў Навагрудку, нельга не паехаць на казачнае возера Свіцязь непадалёк ад горада. Возера гэтае, як мы казалі, было не раз апетае Адамам Міцкевічам. Яно сапраўды незвычайнае, у ім сустракаюцца вельмі рэдкія, унікальныя расліны — напрыклад, прыгожая белая архідэя пад назвай Cephalantera longifolia. Дарэчы, непадалёк адсюль, у Карэліцкім раёне, у старыцы знайшлі ўпершыню балатвацветнік шчылісты (Nymphoides peltatum) — лічылася, што яго няма на Беларусі.
Вада возера настолькі мяккая, што можна мыць галаву без мыла. Размешчанае сярод лясоў, таямнічае, яно ў даўнія часы нарадзіла шмат легендаў. Найбольш часты матыў — дзяўчаты, якія засталіся ў горадзе адны, калі на яго знянацку напалі ворагі, вырашылі лепей пайсці пад ваду, чым памірыцца з чужынцамі. I цяпер выходзяць яны на бераг толькі апоўначы, водзяць карагоды і скардзяцца маладым падарожнікам на свой горкі лёс...
Тут, непадалёк ад возера, каля вёскі Валеўка, ёсць курган, дзе было язычніцкае капішча. Менавіта на гэтым кургане, адноўленыя, святкуюцца цяпер святы Купалы, сустракае моладзь світанак і паліць вогнішчы.
Таму — прыязджайце да нас у гэты чароўны дзень — калі самая кароткая ноч, калі ў лясах цвіце папараць-кветка і можна знайсці закапаны некалі багаты клад... I калі можна ўдосталь наглядзецца на прыгожыя мясціны Наваградчыны, якую некалі называлі беларускай Швейцарыяй.
Герб Навагрудка стаў іншым, чым «Пагоня»,— у чырвоным полі постаць воіна ў чорным узбраенні з крыламі за спіной. У правай руцэ воіна — меч, у левай — вагі. Атрыманы 18 сакавіка 1595 года.
Шмат перажыў гэты горад — і набегі крымскіх татараў у 1505 годзе, і Паўночную вайну, і страшны пажар у 1751 годзе. Але ён застаўся не толькі горадам, дзе вянчаўся кароль, дзе праходзілі ажно да 1775 года пасяджэнні Галоўнага трыбунала Вялікага княства Літоўскага. Ён застаўся горадам вялікага паэта, горадам-легендай, авеяным духам рыцара, што навекі застаўся на ягоным гербе.
Нясвіж
Гэты горад, што знаходзіцца за 112 кіламетраў на паўднёвы захад ад Мінска — горад-рамантык. Нягледзячы на ўсе прыкметы сучаснасці, ён, здаецца, так і не адпусціў ад сябе цені тых, хто некалі тут жыў, панаваў, займаўся асветніцтвам, пакутаваў... Ім валодаў род Радзівілаў, і можа, менавіта тут найбольш выразнымі рабіліся рысы характару кожнага з іх, якія накладвалі глыбокі адбітак на лёсы навакольных людзей і сталі здабыткам гісторыі.
Хаця першае дакументаванае ўпамінанне пра Нясвіж адносіцца да 1446 года (тады вялікі князь Казімір перадаў яго Мікалаю Яну Неміровічу) і сярод яго ўладальнікаў славутыя магнаты Мантыгірды і Кішкі, аднак да самых апошніх дзён 1939 года, калі войска Чырвонай Арміі ўвайшло ў замак і ён перастаў быць магнацкім горадам, а стаў звычайным заштатным гарадком, Нясвіж звязаны з Радзівіламі, і таму, хацелі б мы гэтага ці не, размову пра горад пачнем з палаца.
Дакладна вядомы год закладкі мураванага палаца —1583-і. Тады, вярнуўшыся з Рыма, дзе ён быў захоплены прыгажосцю і веліччу «вечнага горада», магнат Мікалай Крыштоф Радзівіл (Сіротка) запрасіў у Нясвіж італьянскага архітэктара Дж. Марыю Бернардоні дзеля таго, каб тут, у сваіх уладаннях, будаваць горад, варты велічы магнацкага роду. Сам ён застаўся ў гісторыі культуры як мецэнат і аўтар кнігі «Мікалая Крыштофа Радзівіла падарожжа ў Святую зямлю», выдадзенай на лаціне ў 1601 годзе. Гэтае падарожжа паспрыяла яшчэ і выгнанню з горада пратэстантаў, якім ён раней шмат дапамагаў, як і ягоны бацька.
На месцы першага драўлянага жытла неўзабаве вырас палац, які цудоўна гарманіраваў з акаляючым асяроддзем і, нягледзячы на тое, што быў абкружаны высокім, да 20 метраў, земляным валам з валунамі і своеасаблівымі «вартаўнікамі» — бастыёнамі, а таксама ровам, які запаўняўся вадой, стаўся не абарончым збудаваннем, а перш-наперш жытлом магнатаў.