Выбрать главу

Ад Мінска, як промні, разбягаюцца дарогі ў іншыя старадаўнія сталіцы Беларусі — Полацк, Вільню (цяпер гэта літоўскі Вільнюс), а таксама ў Навагрудак — першую сталіцу Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага.

Запрашаем вас па гэтаму шляху ў цікавае падарожжа...

Полацк (Полацак)

Фатографы і кінааператары любяць здымаць Полацк з берага Заходняй Дзвіны, насупраць Сафійскага сабора. Белыя сцены і крыжы гэтага старэйшага на беларускай зямлі мураванага збудавання, што стаў сімвалам беларускай культуры, прыгожа адлюстроўваюцца ў кіпучых водах Заходняй Дзвіны, нібыта на плёнцы Вечнасці. Заснаваны недзе ў 1044 годзе князем Усяславам, адным з наймудрэйшых людзей свайго часу, ён ужо з XI стагоддзя стаў цэнтральным у Полацку, сімвалізуючы самастойнасць Полацкай зямлі.

Нашы продкі бачылі яго іншым. Спалены і разбураны, ён упарта аднаўляўся. Зберагліся тры ягоныя апсіды, некаторыя фрэскі. Спачатку праваслаўны, ён быў і уніяцкай барочнай базілікай, але нязменным заставалася захапленне, якое ён выклікаў і выклікае ў кожнай душы, што чуйна адгукаецца на прыгожае. Можа, у ім нейкім таямнічым чынам захавалася захапленне Усяслава, нездарма празванага сучаснікамі Чарадзеем. У славянскім фальклоры ёсць легенды і паданні пра гэтага князя, а ў «Слове аб палку Ігаравым» — поўныя ўзнёсласці словы. Паводле легендаў, ягоная маці панесла яго ад змея, і дзіця нарадзілася «з язвеном» на галаве, або, як раней гаварылі, «у кашульцы». Ад змея, ад чараўнічых сіл захавалася ў князя здольнасць ператварацца ў іншыя істоты, напрыклад у ваўкалака: «Усяслаў князь... у начы воўкам рыскае... Яму ў Полацку пазвоняць заютрань у святой Сафіі рана, а ён у Кіеве звон чуе. Хаця і вешчая душа ў целе, але часта ад бяды пакутуе. Таму вешчы Баян і першую прыпеўку гаворыць: ні хітраму, ні памыснаму, ні мудраму суда божага не мінуці».

У рускіх легендах ёсць мудры «Волх Усяславіч» — магутны чарадзей, і даследчыкі прасочваюць гэтае імя ад беларускага Усяслава.

Але Усяслаў быў не першым вядомым нам князем Полацкай зямлі — калыскі нашай Беларусі, бо менавіта адсюль ішоў наступ крывічоў на балцкія землі. Гэты наступ даваў сплаў балтаў і крывічоў, якія пазней сталі называць сябе ліцвінамі — па назве пераплеценай у адну дзяржаву Літвы і крывічоў-беларусаў.

Першым вядомым па летапісных крыніцах князем Полацкай зямлі быў Рагвалод, і першае пісьмовае ўспомненне пра Полацк (Полацак, Полцеск, або, паводле скандынаўскіх сагаў, Palltesjuborg) адносіцца да 862 года, калі ён княжыў у Полацку.

З гэтым жа князем звязаны першыя трагічныя падзеі на гэтай зямлі, што ляжыць на раздарожжы гістарычных шляхоў і прымае на сябе агонь варожых памкненняў. Нагадаем тыя падзеі.

...Малады княжыч пасватаўся да дачкі Рагвалода, полацкай князёўны Рагнеды. Але тая адмовіла па прычыне таго, што Уладзімір — сын рабыні. Да таго ж, да яе ўжо пасватаўся старэйшы брат Уладзіміра — Яраполк, чыёй маці была князёўна. Падбухтораны дзядзькам Дабрыняй, Уладзімір сабраў вялізнае войска і пайшоў на Полацк. Аблога працягвалася доўга, але ўрэшце Полацк быў захоплены. Далейшыя падзеі адбываюцца цалкам у духу дзікага язычніцтва: у прысутнасці бацькі і двух братоў Рагнеды Уладзімір згвалціў яе, а пасля забіў мужчын. Гордую князёўну павезлі ў Кіеў як ваенную здабычу, дзе яна пасля нарадзіла свайму заваёўніку шасцёра дзяцей, адзін з якіх Яраслаў, стаў вялікім князем кіеўскім, вядомым у рускай гісторыі як Яраслаў Мудры. Рагнеда была не адзінаю жонкай князя-язычніка. Гэта пасля свайго хрышчэння ён прапанаваў ёй выйсці замуж за аднаго з военачальнікаў, але полацкая князёўна адмовілася. Болей таго — вырашыўшы расквітацца з Уладзімірам за ўсе свае крыўды, яна падняла на яго меч, калі ён быў у ложку. Разгневаны Уладзімір хацеў забіць жонку, але пасля вырашыў судзіць яе ў прысутнасці баяр.

Кароткія дакументальныя радкі летапісаў малююць нам трагічную сцэну: Рагнеда, прыбраўшыся ў лепшае адзенне і прыгатаваўшыся да смерці, як загадаў ёй вялікі князь, чакае ў сваёй спальні баяр. А за завесай стаіць яе адзінаццацігадовы сын Ізяслаў, якому яна даверыла абараняць сябе. Прыходзяць баяры, князь, і тут хлопчык выходзіць да бацькі і просіць захаваць маці жыццё... Баяры адступілі. Параіўшыся, яны прапанавалі Уладзіміру выслаць Рагнеду разам з сынам у родную ёй Полацкую зямлю. Іх выслалі — на самую ўскраіну, пад сённяшні Мінск, дзе быў заснаваны горад, названы ў гонар хлопчыка-князя — Ізяслаўлем. Сёння яго называюць Заслаўе. Тут ёсць рэчкі Княгінька і Чарніца, «Магіла Рагнеды», возера Рагнедзь... I яшчэ існуе паданне: нібыта напярэдадні вайны з гары Рагнеды, якая ёсць ля ракі Дрыса на Віцебшчыне, з'язджае на белым кані магутны, увесь закуты ў панцыр коннік. Тут жа ў Заслаўі захавалася памяць аб тым, як пастрыгалася яна ў манашкі і, перамяніўшы імя, стала з Рагнеды-Гарыславы Анастасіяй. Сын яе, Ізяслаў, празваны кніжнікам, памёр хутка, затое другому сыну Яраславу было наканавана доўгае, слаўнае жыццё ў Кіеве. Адна з дачок Рагнеды, Прадслава, паўтарыла яе лёс і стала наложніцай польскага караля Баляслава, які спачатку таксама сватаўся за яе, а пасля атрымаў як ваенную здабычу...