Выбрать главу

Полацк — горад князя Усяслава. Але ён таксама і горад першай святой на ўсход-неславянскіх землях — Ефрасінні Полацкай у дзявоцтве князёўны Прадславы.

Праўнучка Усяслава, яна ўжо з дванаццаці гадоў стала задумвацца аб сэнсе быцця і вырашыла прысвяціць сябе Богу. Светлае, ціхае дзіця, да якога з самых ранніх гадоў сталі прысылаць сватоў са спакуслівымі прапановамі, яна, аднак, пайшла ў манастыр і прымусіла бацькоў змірыцца з такім рашэннем.

За сваё даволі доўгае жыццё яна была манашкай, пасля ігуменняй; нейкі час, паводле некаторых звестак, правіла горадам, але галоўныя справы яе жыцця — заснаванне Полацкай бібліятэкі, школак пры манастыры і будаўніцтва храмаў.

Стаіць на беразе невялічкай ракі Палаты беласнежны храм — Спаса-Ефрасіннеўская царква, каля якой пазней узнік манастыр. Узвёўшы гэты храм, народжаны яе воляй і талентам полацкага дойліда Іаана, Ефрасіння нібыта адгарадзіла яго ад войнаў і знішчэння — можа, таму, што найболей любіла. Да самай вайны (апошняй, 1941-1945 гадоў) у беларускіх музеях захоўваўся крыж, зроблены па яе заказу другім геніем полацкай зямлі — майстрам-ювелірам Богшам. Гэты крыж — ювелірны цуд. На ім было напісана закляцце — абярог ад злодзея, які кране яго. I крыж захоўваўся. Але цяпер, як лічаць некаторыя даследчыкі, сляды яго прамільгнулі недзе ў Амерыцы. Можа, вернецца славуты крыж Ефрасінні Полацкай на радзіму?

Тое, што захавалася ад XI-XIII стагоддзяў, гаворыць нам пра высокі, вельмі высокі ўзровень тагачаснай беларускай культуры. У свеце сёння ведаюць Наўгародскую школу жывапісу — такая ж, не горшая, існавала і ў Полацку. Сюды прывезлі да Ефрасінні, якая была родзічкай візантыйскага імператарскага дому Комнінаў, абраз Эфескай Божай маці. Але фрэскі, зробленыя тут і захаваныя на сценах яе царквы, даюць магчымасць ганарыцца і мясцовымі майстрамі...

Ефрасіння Полацкая памерла ў Ерусаліме, куды яна паехала ў 1173 годзе пакланіцца Труне Гасподняй. Вяртанне яе мошчаў на Радзіму было вялікім святам, і сёння яны ляжаць у царкве, якую яна задумала і ўзвяла на радасць нашчадкам...

Пазней другой сталіцай нашай зямлі стаў горад Наваградак. Але Полацк заўсёды заставаўся разам з Вільняй духоўнай сталіцай Беларусі.

Недзе каля 1490 года тут, у Полацку, нарадзіўся вялікі асветнік Францішак Скарына.

Сёння за яго спрачаюцца дзве канфесіі, высвятляючы, чаму ён насіў каталіцкае імя і ажаніўся з каталічкай, а кнігі выдаваў на беларускай мове і для люду праваслаўнага. Некаторыя даследчыкі лічаць, што так адбылося таму, што сям'я Скарыны была праваслаўнай, а сам ён вучыўся на каталіцкім Захадзе і там прыняў каталіцтва. Для нас важна не тое — важна, што гэты сын Полацкай зямлі, які атрымаў у Падуі (Італія) дыплом «у лекарскіх навуках доктара» і стаў гонарам Падуанскага універсітэта, за што ўвекавечаны ў фрэсцы на сцяне гэтага універсітэта, гэты доктар філасофіі, астраном, асветнік, надрукаваў у Празе ў 1517-1519 гадах 23 кнігі Бібліі (яго пераклад з'явіўся раней за нямецкі пераклад Бібліі Лютэрам) на беларускай мове, а пасля абсталяваў у Вільні сваю друкарню, дзе працягваў выдаваць кнігі «для простых людзей».

Яго запрашаў да сябе ў Кёнігсберг герцаг Альбрэхт, ён служыў прыдворным лекарам і сакратаром у няшлюбнага сына караля Жыгімонта — біскупа Яна, але мірское жыццё яго было цяжкім і пакутным.

Беларускія астролагі лічаць, што Скарына, які, падобна ўсім вялікім дзеячам і вучоным Сярэднявечча, быў астраномам, ведаў свой лёс. Цікава, ці прадбачыў ён, што ягонае імя на радзіме нейкі час будзе не зусім пажаданым, што яго будуць замоўчваць, назавуць «буржуазным апалагетам»? I што пасля зорка яго заззяе ярка і, як мы верым, навечна, таму што тое, што зрабіў гэты чалавек, пад сілу толькі генію. Аздобленыя ўласнымі гравюрамі, ягоныя пераклады сталі ўзорам сучаснай яму мовы, увайшлі ў залаты фонд сусветнай культуры. Для гісторыі ўсходняга славянства сапраўдны першадрукар ён, а не Іван Фёдараў, бо апошні надрукаваў свае кнігі на некалькі дзесяткаў гадоў пазней, чым гэта зрабіў Францішак Скарына з Полацка...