Выбрать главу

Трошкі фантазіі — і можна ўявіць сабе па летапісах і дзень 23 сакавіка 1270 года, якраз на тыдні Вялікага паста, калі ўранку, каля паловы дзевятай, пачалося зацьменне сонца, і ўсе, купцы і пакупнікі — немцы, балты, палачане, глядзелі на неба і, мабыць, думалі аб сваіх грахах, а пасля паспяшаліся ў цэрквы. Для гасцей працавалі тут і іх уласныя, іншай веры храмы...

Не ўсё было гладка ў гандлёвых варунках. Граматы даносяць да нас скаргі як рыжан, так і палачан, а ў 1406 годзе вялікі князь Вітаўт нават патрабаваў ад рыжскіх купцоў, каб яны пакінулі Полацк на працягу чатырох тыдняў — і прымусіў магістра лівонскіх крыжакоў заплаціць за страты, зробленыя рыжанамі. Цікава чытаць пералік тавараў, якія сюды прывозіліся: сукно, арэхі, цытварны корань, гваздзікі, шафран, фігі і разынкі... Вывозілі ж — воск, кажухі сабаліныя, янотавыя, а таксама паташ і дзёгаць...

Заходняя Дзвіна цячэ, як і стагоддзі таму. Нават яе магутным хвалям не дадзена было змыць словы, якія некалі выбіў на некалькіх велічэзных валунах у XII стагоддзі полацкі князь Барыс, у той час як рассыпаліся ў друз многія слаўныя пабудовы гэтага самага старажытнага горада Беларусі. «Госпадзі, дапамажы рабу свайму Барысу» — гэтыя словы паўтараліся на пяці сёння вядомых нам камянях — а можа, іх было і болей? Барыс Усяслававіч — сын Усяслава Чарадзея, і, калі бацька ягоны болей звяртаўся, мабыць, да таямнічых сіл прыроды, то сын яго — да Бога. Розны лёс напаткаў гэтыя камяні, якія за столькі стагоддзяў займелі нават свае імёны. Не захаваліся — Пісанік, альбо Барысаглебскі, Волат і Сцяпан (або Кравец), перавезлі ў Маскву камень з надпісам «Сулібор хрэст» (цяпер ён знаходзіцца ў музеі-запаведніку «Каломенскае»). Побач з гарадскім пасёлкам Друя, у месцы ўпадзення ракі Друйкі ў Дзвіну, знаходзіцца яшчэ адзін Барысаў камень без назвы.

З кожным з гэтых камянёў звязана тая ці іншая легенда. Напрыклад, пра камень, які насіў назвы Сцяпан або Кравец расказваюць, што калі папрасіць, каб ён пашыў адзенне, і пакласці сукно пад камень, то ён да раніцы рабіў заказ. Толькі не трэба было гаварыць, як шыць,— камень сам ведаў гэта лепей за заказчыка і рабіў толькі тую вопратку, якая пасавала да чалавека. У легендзе пра другі такі ж камень-«Кравец» гаворыцца, што адзін нядобры чалавек вырашыў пажартаваць: кінуў на камень палатно і папрасіў: «Пашый мне ні тое, ні сёе». Што ж — і пашыў чароўны камень такое, што ні апрануць, ні прымерыць,— рукаў на плячы, другі — на прыполе, а галаву няма куды прасунуць. I з таго часу перастаў шыць увогуле... У другой легендзе камень пакрыўдзіла жанчына, якая накідала на яго гною дый папрасіла новыя чаравікі. У гэтым выпадку камень не проста пакрыўдзіўся — злую жанчыну скруціла хвароба, і невядома, ці вылечылася яна ўвогуле...

На Полаччыне захаваліся традыцыі Усяслава Чарадзея: праз столькі стагоддзяў у кожным раёне знойдзеш варажбітку альбо дзеда-ведуна. Чаго толькі не робяць! I прысушаць добрага малайца, і ў вадзе пакажуць дзяўчыне злую суперніцу, і здымуць укус змяі каляровымі каменьчыкамі ды невядомымі навуцы замовамі. Сама аўтар не раз з гэтым сустракалася і, як і сучасныя навукоўцы, нічога не можа растлумачыць, а толькі засведчыць — такое жыве, ёсць і, напэўна, будзе, якія б дзівосы ні вырабляла сучасная навука...

Нядаўна памёр дзядуля Алесь з Полацкага раёна, які, як і славутая Ванга, «працаваў» з цукрам — гэты кавалачак цукру трэба было перад прыездам пакласці пад падушку на ноч. I, патрымаўшы белы драбочак у старэчых вузлаватых руках, дзед дакладна расказваў мінулае і нешта раіў на будучае, а яшчэ гаварыў, што і як трэба лячыць. Чаму пра іх, такіх ведуноў, так мала вядома? Нашы людзі не любяць расказваць пра свае здольнасці, і шмат намаганняў трэба, каб дазволілі прыехаць і каб прынялі, хаця ў апошнія гады з гэтым лягчэй. А тады, яшчэ дзесяць гадоў таму, маглі так «упіліць» гэтаму дзеду, што дзесятаму заказаў бы...

Некалі на Полаччыне было шмат паганскіх капішчаў. Дасюль сярод язычніцкіх звычаяў успамінаецца свята Воласа (бога Вялеса), якое адзначаюць на масленічным тыдні і падчас якога трэба аб'ездзіць маладых бычкоў і коней, дагледзець жывёлу, смачна яе накарміць і ўвогуле аказаць ёй увагу, бо Вялес — бог свойскай жывёлы і любіць, каб яго шанавалі. Прыпеўкі да песень, якія выконваюцца ў гэты час, таксама нагадваюць пра багіню кахання — Ладу: «Ой, лада маё, лада!».

Вера ў камяні захавалася ў беларусаў, як і ў іншых паўночных народаў. Нейкія водгукі паданняў пра славуты камень Ірландыі, які ўскрыкваў, калі пад ім праходзіў той, хто рабіўся пасля каралём, адчуваюцца ў беларускай легендзе пра Дажбогаў камень. Ён быў пакладзены ў кут падмурка хаты і стаў сырым, стаў «Плакаць», так што пачаў гніць дом. А пасля папрасіў уладальніка хаты, каб яго адвезлі назад. I той — павёз у густы лес на палянцы, дзе камень ляжаў спрадвеку...