Выбрать главу
* * *
З усмешкай сумнай Па вясне Праводжу позіркам дзяўчатак, Што, Як касуль пудлівых статак, Бягуць імкліва паўз мяне.
Майму пахіламу плячу Плячо дзяўчына не падставіць. Я страціў даўнія падставы Аклікнуць тых, Каго хачу.
Цяпер я, Нібы папскі нунцый Ці нават сам суровы Бог, Адно, што маю, — Азірнуцца I ціха адысціся ўбок.
Ну што — Дажыўся, галубок?..
* * *
Адвярніся хаця б на хвілінку адну — I сум з вачэй маіх пацячэ. I я патану, Патану. Патану У ямачцы на тваёй шчацэ.
Твой смех на мяне абрынуў вясну, Нібы крыгалом на бурлівай рацэ, — I я навек патану, Патану У ямачцы на тваёй шчацэ.
Яшчэ не разбуджаную струну У сэрцы тваім закрануць я хацеў... Ды што тут хітрыць? Я даўно патануў У ямачцы на тваёй шчацэ.
* * *
Ты выйшла да мяне. Той ноччу зорнай Я верыў: Шчасце нас не праміне I ласка будзе доўгай, непаўторнай... Ты ж думала зусім не пра мяне.
Ты цалавала вуснамі сухімі, Няўцямна паўтарала, Як у сне, Каля майго пляча Чужое імя. Адкуль было ўсё гэта ведаць мне?
Са мной дзяліла ты адчай і стому, Са мной хавала смутак у віне. А паклялася ў вернасці другому... Чаму так доўга ты маніла мне?
I вось астаўся я, Табой пракляты, Адзін з халодным ценем на сцяне. I я ва ўсім, Па-твойму, Вінаваты? I гэта — Праўда, Слушная ўпаўне.
* * *
Дзе лагчына, Дзе ляшчына, За пагоркамі Ты нуду маю лячыла Прыгаворкамі:
"За пясчаным касагорам, Дзе крутыя берагі, Давай, мілы, пагаворым Мы з табою на мігі. Я сама табе пазычу Маладых вясновых чар. Я сама цябе паклічу У ядлоўцавы гушчар. Пад сасною залачонай Скіну страху паранджу, Да сябе касою чорнай Назаўсёды прывяжу.
Звонкім сокатам сарочым Смех твой хітры заглушу. Не скалечу, Не сурочу, Не ўкраду Тваю душу. Спакушальніца былая, Да ласункаў прывучу, Як лясунка, Залюляю, Зашапчу, Заказычу. Хай прарвецца праз ігліцу Мліва нуднага дажджу. Будзеш ты ка мне прасіцца, Ну а я дык пагляджу..."
... I твайго вядзьмарства сіла Сапраўды мяне тады Палячыла, Прыручыла, Прысушыла Назаўжды.
* * *
Усім Перад апошнім паваротам Закрэсліць мудрасць Крыўды і ныццё: Ніхто з людзей не будзе бессмяротны, Ніколі не памрэ Само жыццё.
Затопчуцца сцяжынкі і разоры. Вясёлая чаромха адцвіце. Ды застануцца Сосны і азёры I валуны на зубравай вярсце.
I пракрычу табе ажно з-пад сонца я Ці прашапчу аднойчы з-пад зямлі: — Не сумнявайся, Што жыццё — Бясконцае. Я рад, Што мы ў ім разам пабылі.
* * *
Хоць не закончаны раман, Ды мне фінал вядомы, — Што без цябе Мяне няма Ні ў прымаках, Ні дома.
Ці ў свеце лета, Ці зіма, Ці маразы, Ці спёка, — А без цябе Мяне няма Ні блізка, Ні далёка.
Ты добра ведаеш сама, Хоць і не кажаш гэта: I без мяне Цябе няма...
Такі вось паварот сюжэта.
* * *
Я думаў: Без кахання пражыву. Я верыў: Без цябе не засумую. Пайду да рэчкі, Лягу на траву, Знайду дарогу да нябёс прамую.
Жыць буду сярод кветак і стракоз У сінім свеце, Чыстым і прывольным. I шчасце мне падорыць мудры лёс. I буду я расхрыстаным і вольным...
Я быў саманадзейны і сляпы, Падсміхваўся над чарамі тваімі. А мне I тэлеграфныя слупы Гудуць тваім, Праклятым мною. Імем.