Выбрать главу
Ах, колькі ў духмяных, рыпучых вазах Правезлі мы летаў і зім! I мудрае іншым паспелі сказаць. А трэба б — Сабе самім.
* * *
Здавалася, Што лязгатам метала Зацюканае, хмарнае жыццё Адкінула, Змяло I растаптала Да каранёў бацькоўскіх пачуццё.
I можна жыць без голасу матулі, Без блытанай суседскай гаманы, Хаваючы ў шматвярховы вулей Сакрэты, Недарэчнасці I сны.
Але яно пакліча, Так, пакліча Непераможнай цягаю зямной, Лясной крынічкай Ці старой каплічкай, Ці курганком за вёскай пад сасной.
I набяжыць скупой слязой на вочы На згубленай і знойдзенай вярсце — I з каранёў загубленых аднойчы Зялёнаю націнкай прарасце.
* * *
Якая яна гаючая — У цёплых сонечных пырсках, Якая яна пявучая — У коніках і чмялях, — Зялёная наша калыска, Чароўная наша зямля!
Зямля не бывае бруднай — Чорнай зямля бывае. Зямля не бывае шэрай — Пыльнай зямля бывае. Зямля не бывае беднай — Яна неўрадлівай бывае ...
Няўтульнай і непрыгожай Зямля быць ніколі не можа.
Бруднай, Шэрай I беднай Робіць яе чалавек.
* * *
Слава — Марская вада, Якой не прагоніш смагі Ні конаўкаю з вядра, Ні глыткамі з біклагі.
Хоць ёлкая соль пячэ, Ды, Злавіўшы струменьчык цёплы, Просіць душа: — Яшчэ! Хоць кроплю, Хаця б паўкроплі...
Не гасіць агонь вада. Ад спёкі язык бялее. А ў мора Дна не відаць — Святы, Піры, Юбілеі...
Колькі ні пі віно, Колькі зорак сабе ні прывінчвай, А вуснам усё адно Трэба Вады крыйічнай.
* * *
Наказ бацькоўскі я збярог На Полаччыне і Палессі: Не трэба мудраваць у лесе, Шукаць нязведаных дарог.
Тут столькі ўжо людзей прайшло I непрыкметных, I вялікіх, Што ў памяці лясной на ўліку I камень кожны, Iдупло.
Вядуць сцяжынкі Да палян, Да такавішчаў, Да крыніцаў. У лесе можна заблудзіцца, Хіба што ўлезшы ў дурнап'ян.
Тут хтосьці да цябе хадзіў, I след яго ляжыць гадамі... Пакуль дарога пад нагамі, Ты ў гэтым лесе не адзін.
* * *

Памяці Максіма Танка

Зноў пацямнеў наш родны небасхіл — Упала зорка зыркая ў знямозе. I сэрца, што ўжо больш не мела сіл, Раптоўна спатыкнулася ў дарозе.
I выпала пяро з халодных рук. I анямела белая папера... Няўмольнасці бязлітасны павук Закратаваў навек зямныя дзверы.
Жыццё пражыта. У сівой траве Згубілася паніклае калоссе... Ды ўсё навокал дыхае, жыве. Усё на гэтым свеце засталося.
Няма канца пракладзенай вярсце. Яна вядзе ў прастор, як і ў пачатку... I зорка, як бяссмертнае зярнятка, На беларускай ніве прарасце.
* * *
Лес яшчэ не ўвесь павысякалі. I каля наезджаных дарог Грыбнікі гуляюць касякамі, Топчучы сухі ссівелы мох.
Хай сабе набытак не шыкоўны — Сыраежка, Чашчавік, Казляк... Ды пад вечар будзе кошык поўны I настрой — Як прасвятлення знак.
Павядзе дамоў сцяжынка ў жыце, Камары зазвоняць талакой. I на сэрца зноў, Што ні кажыце, Сыйдуць ачышчэнне і спакой.
I так лёгка будзе скінуць змору I не сумнявацца ні на міг, Што сцяжынак, Лесу I прастору Хопіць на зямлі яшчэ для ўсіх ...
* * *
Ліпеньскі малюнак незвычайны Нечакана позірк мой спыніў — Лётае разгубленая чайка Над разлівам недаспелых ніў.