Выбрать главу
Вас усіх збяру да кучы, Засядзімся да расы, Самагонкаю пякучай Падагрэем галасы.
Я дарую ўсім няўвагу I знявагу праглыну. У старэнькую біклагу Капну кроплю палыну,
Каб у далечы заморскай Мне напомніў пра выток Нашай роднай, нашай горкай Светлай памяці глыток...
* * *
Вы мяне не клічце, не завіце У заакіянскі край прыгожы. Я не буду, як былінны віцязь, Доўга разважаць на раздарожжы.
У мяне даўно адна дарога Вызначана памяццю бяссоннай — Да кутка азёрнага, ляснога, Дзе мае зялёныя Расоны.
Так ужо мне вызначана лёсам, Так мне на зямлі наканавана, Што не трэба казачных дзівосаў, Цёплага, чужога акіяна.
Я прыду ссівелым і стамлёным Да маёй любімай Беларусі, Паздароўкаюся з кожным клёнам, З кожнаю бярозкай абдымуся.
* * *
Не сціскай маё сэрца скрухаю, Мітуслівы, куслівы дзень... Дай я неба начное паслухаю, Дзе смуга, Як кругі па вадзе.
Можа, Там мая ўтома згубіцца, Лёгка скоціцца з хворай душы I раскоціцца ўсцяж па бубачцы, I растане ў біблейскай цішы.
Там чужыя слязінкі бліскаюць, Непрытомна зрываюцца ўніз... Для мяне яны сталі блізкімі, Зразумелымі да драбніц...
У душы маёй разняволенай Нараджаецца мудры спакой... I маёю зоркай пасолена Чаша вечнай юдолі людской.
* * *
На дрогкіх выбоінах Шляху зямнога Згубілася многа, Забылася многа.
Ды помню: На печы У вечар зімовы Матуля шаптала Чароўныя словы.
Я помню ўсё добра, Я помню ўсё цвёрда: "Кацілася торба З высокага горба..."
I помніцца, Мроіцца, Чуецца мне Прытомлены шэпт: "Ішоў Бай па сцяне..."
Няма на зямлі ўжо Ні хаты, Ні печы. Унук У мяне на каленях Ляпеча. Яму я шапчу Таямніча і горда: "Кацілася торба З высокага горба..."
I разам з наследнікам Верыцца мне, Што Бай барадаты Ідзе па сцяне.
* * *
Прагульваецца ў небе летні гром, Пабурквае ляніва і пагрозна. I рэдкі дождж з высокіх боскіх стром Няспешна кроплі сыпле на бярозы.
Ён шчодра ласку ўсю сваю раздаў: Павесялелі мальвы каля хаты, I цягнуць дзюбкі жоўтыя з гнязда Няўцямныя малыя птушаняты.
З лістоў сцякае ўніз ліпучы пыл, У прахалодзе мыецца бяроста... Усё так светла, Хораша I проста — Гарачы дзень I чысты дождж сляпы.
Слімак
(іранічная ідылія)
Ля гарода Ляжыць калода. На калодзе сядзіць слімак. Для гарода I для народа Ён не робіць шкоды ніяк.
Сонны трошкі, Ён грэе рожкі. Не збіраецца саслізгнуць. Богам створан — Ніякі воран Не павінен яго крануць.
А вакол — Цішыня і згода, Як суладдзя нябесны знак. Ля гарода Ляжыць калода. На калодзе сядзіць слімак...
* * *
Бывае, Ледзь не плачу ад тугі я, Ад жалю, Што ў грудзях маіх пячэ... Ці проста ўзрост, Ці, можа, настальгія Па тым, Што не забылася яшчэ?
I хочацца мінулыя гады Вярнуць, Зрабіць усё, што не збылося, I пасяліць зноў залатую восень У гольія зімовыя сады.
I хочацца напіцца яшчэ раз Вясны Па-маладому ненасытна I беражна, Як праз густое сіта, Душой прасеяць Памяці запас...
Так хочацца, Пакуль яшчэ жыву, Не думаць пра апошняе расстанне, Каб не туга, А ціхае літанне Туманіла сівую галаву...
* * *
Песні адны мы спявалі калісьці, Чулі адзін аднаго ў шматгалоссі. Толькі аднойчы шляхі разышліся, З чарак сяброўскіх віно разлілося.