Выбрать главу

Люба. Ах, залаценькая мая, Марта!.. Ну, буду сьпяшацца! (Бяжыць у свой пакой).

Зьява 2

Марта (адна).

Марта. Добрая дзяўчына, шкада мне яе, няхай уцякае адгэтуль… А яму я колькі разоў казала, што гэтыя яго міністраўскія фанабэрыі да дабра не давядуць. Вось, ляжыць цяпер хворы. ні рукой, ні нагой… Ну, але добра тое, што ў міністры не прынялі, зноў, прынамсі, чалавекам будзе. (Раптам успомніла). А ключы трэба ізноў ціханька палажыць пад падушку, бо як прачхнецпа і заўважыць, што ключоў няма, дык будзе бяда. (Ідзе ў пакой Філімона).

Зьява 3

Люба (адна).

Люба (праходзіць з чэмаданчыкам, які пакідае на сцэне). Ну вось я ўжо злажыла свае рэчы… Трэба цяпер паклікаць Міколу. (Бяжыць на балькон, пляскае тройчы далонямі і кліча): Мікола, Міколка! прыдзі ціханька ўзяць мой чэмаданчык… Я ўжо хутка буду гатова… Толькі ціханька!.. Дзьверы будуць адчынены. (Бяжыць да дзьвярэй і адчыняе іх).

Зьява 4

Люба і Марта.

Марта (ўваходзіць). Цяжка дыхае і нешта мармыча, але здаецца, што сьпіць. Няхай сьпіць! Сон — гэта найлешая лякарства… Ну, цяпер іду прасаваць тваю блюзачку… (ідзе ў кухню).

Люба. Я табе памагу, Марта!.. (ідзе за ёю).

Зьява 5

Мікола (адзін).

Мікола (ўваходзіць асьцярожна, агдядаючыся наўкола). Любачка! (д. с.). Каб толькі, прыпадкам, не наскочыць на Пупкіна!.. (пабачыўшы чэмаданчык). А вось, гэта мусіць яе чэмаданчык, трэба яго ўзяць. (Бярэ чэмаданчык і выходзіць).

Зьява 6

Філімон (адзін).

Філімон (уваходзіць у шляфроку, з абвязанай ручніком галавой). Правалілі… правалілі… правалілі… (ня прытомпа): Кажуць: не беларус… што: беларус?… хто — беларус?.. Племя… нарэчые… Рэспубліка!.. гм!.. падумаеш!.. А «всѣ ручьи сольются въ русском морѣ»… «Единая недѣлимая матушка»… — вось сіла!.. вось ідэал!.. Уся гэтая беларуская мода хутка кончыцца, а тады йзноў будзем з цьвёрдымі знакамі… Правалілі… правалілі…

А Любачка-ціпачка кажа, што стары… Хто стары?.. Скакунчыка табе захацелася нейкага маладога? Паскача-паскача, а дзела ня зробіць… «Любви всѣ возрасты покорны»… — вось і паскачы!.. (слабы, бясьсільны сядае на канапе і далей мармыча гэткія-ж бязьзьвязныя фразы).

Зьява 7

Філімон і Мікола.

Мікола (ўваходзіць, ня бачачы Філімона). Любачка! ці ты ужо хутка?… (Убачыўшы Філімона, спыніўся). А!..

Філімон (спалохаўшыся). Хто гэта? Чаго? (спазнаўшы). А! гэта вы!.. Сьвятляк!.. Прыйшлі сьвяціць… Ня трэба мне вашага «сьвятла». Ужо ня трэба!.. ІІравалілі… А мы ўсё такі будзем з цьвёрдымі знакамі!.. Ага! Любоў — радасьць багоў… ага! з хвосьцікам?.. Брэшаш! Гэта толькі чорт з хвосьцікам… Я бачыў… ведаю… У! вон пайшоў, злодзей гэтакі!

Мікола (дагэтуль, гледзячы на Філімона, стаяў як акамянеўшы, цяпер скрануўся). Пане Пупкін! што вы?!. як вы сьмееце!..

Філімон (няпрытомна). Злодзей! Душы чалавечыя крадзеш і у торбу, ў торбу сабе хаваеш. Душы аддай! — яны жывыя! Жывыя душы аддай!

Мікола. Пане Пупкін! Вы, як бачу, хворы. Вы ня ведаеце, што гаворыце. Вам трэба легчы ў пасьцель.

Філімон. А! ведаю! Каб ключы узяць! Я ведаю!.. выцягвалі ключы з пад падушкі… Я ўсё ведаю!.. Нашто ключы бралі?

Мікола. Я ня ведаю, я ня браў ніякіх ключоў.

Філімон. А правалілі… беларус… Беларусь… Дзе Беларусь?… Хто беларус?…

Мікола. Пане Пупкін! Мне вельмі вас шкада, як старога, хворага чалавека, але я павінен сказаць вам пару слоў праўды… Вам, каторы дагэтуль ня меў нічога супольнага з беларускім рухам, цяпер, калі на пебасхіле нашага жыцьця зазіхацеў праменьчык лепшай долі, раптам нахацелася стаць на чале беларускага народу… Але, пане Пупкін! Наш многапакутны народ, ускалыхнуўшыся пасьля векавога сну, ведае ўжо, хто можа быць яго павадыром. А вы, «тоже» беларус сёньняшняга дня, захацелі схапіць у свае рукі народную справу!.. А тады, як нас сьмехам аплёўвалі, як нас, за нашу беларускасьць, у турмы садзілі, як усялякі зьдзек над намі рабілі — дзе вы тады былі? Дзе вы былі, пане Пупкін, калі мы хадзілі галодныя ды абадраныя, з зайздрасьцю паглядаючы на багатыя сталы ў іншых?… А цяпер, як ёсьць магчымасьць пры нашым полымі зварыць і сваю кашу, вы прыходзіце да нас і велікадушна ахвяроўваеце нам сваю асобу. Спазьніліся, пане Пупкін! Трэба было з намі, з народам, ісьці тады, як мы вас клікалі: хадзеце да нас, памажэце нам рабіць нашу справу! Тады вы былі глухія ды сьляпыя. Цяпер наш народ будзе глухі на ваш крык і наша адраджэнская хваля пройдзе міма вас, або праз вас. Народ наш стопча, здратуе вас, як сухую, непатрэбную траву… Спазьніліся, пане Пупкін!.. (выходзіць).