Выбрать главу
Падчашыч аб’явіў, што новыя рэформы Праводзіць будзе, дасць жыццю другія формы, Тлумачыў, што ў той час французскія пісакі Адкрылі, быццам людзі між сабой аднакі, Хоць гэта сказана даўно ў святым законе І кожны ксёндз гаворыць тое ж на амбоне. Тут справа не ў навуках, але ў іх здзяйсненні! Але ў той час былі ўсе ў.гэткім зацямненні, Што ўжо ніхто не верыў ні ўва што на свеце, Пакуль таго ў французскай не чытаў газеце. Падчашыч, пры ўраўненні, тытул меў маркіжа, А тытулы, вядома, прыбылі з Парыжа, А ў той час самы модны тытул быў маркіжа. Пазней, па новай модзе, тытул той быў зняты, І пан маркіж прысвоіў тытул дэмакрата, А ўрэшце, новай модай, за Напалеонам, Прыехаў дэмакрат з Парыжа ўжо баронам. Каб жыў даўжэй, дык можа б новай альтарнатай Перахрысціўся б потым зноўку ў дэмакрата. Парыж мяняе моду і хвалу ёй трубіць, А што француз змудруе, тое ў нас палюбяць.
Дык дзякуй Богу, што калі ў нас хто за межы Сягоння выязджае, дык не для адзежы, Не ў пошуках законаў на чужых паліцах Ці, скажам, вымаўлення па кафэ вучыцца. У Францыі сучаснай, пад Напалеонам, Няма дзе зараз разгуляцца пустазвонам, Там — зброі гук, і нашы сэрцы б’юцца жвава. Што зноў ідзе па свеце пра палякаў слава. А слава ёсць, дык будзе і Рэч Паспаліта! Бо дрэва волі ў лаўр бывае апавіта. Ды сумна, што час цягнецца марудным крокам, Бяздзейна, а яны ўсё так ад нас далёка! Чакаць дадзела. Рэдка можна ўчуць навіну! Вы, ойча Робак (зніжыў голас к бернардыну), Я чуў, ізноў з-за Нёмна вестку атрымалі. Мо вам сябры пра войска наша напісалі?» «Ды не, — ксёндз Робак у адказ скрывіўся горка (Відаць, што не цікавіла яго гаворка). — Палітыкай нуджуся, а калі з Варшавы Прыходзіць ліст, дык манастырскія ў ім справы, Не след аб іх размову весці пры вячэры, Ды ёсць тут свецкія, ім што да той паперы?»
Так кажучы, скасіўся трохі ўбок, дзе ў ліку Гасцей сядзеў маскоўскі капітан, пан Рыкаў. Стары салдат, ён быў у вёсцы на кватэры; Суддзя праз ветлівасць прасіў яго к вячэры. Еў Рыкаў смачна, у гаворку не мяшаўся, Ды на ўспамін Варшавы зараз адазваўся: «Пан Падкаморы! Ой вы! Пан усё цікавы Пра Банапарта. Цягне ўсё вас да Варшавы! Айчына! Га! Не шпег я, хоць па-польску ўмею. Айчына! Я ўсё гэта добра разумею! Я — рускі, вы — палякі, зараз не ваюем, Бо — амністыцыюм, дык разам п’ём, балюем. На фронце ў нас з французам часта, як брат з братам, Гарэлку п’юць. А — ўра! — пачнуць страляць з гарматаў. У нас ёсць прыказка: з кім б’ёмся, тога любім, Або сказаць інакш: як любім — дык і чубім! Вайна, па-мойму, будзе ў нас, бо да маёра Плута прыбыў са штаба ад’ютант заўчора: Да маршу рыхтавацца! Пойдзем ці пад турка, Ці на франдуза. Ох, той Банапарт — фігурка! А без Суворава ён можа нас патузаць. У нас расказвалі ў паходзе на француза, Што Банапарты чараваў, так і Сувораў[8] Стаў чараваць супроць французскіх загавораў. Аднойчы ў час бітвы знік раптам Банапарты, А ён, бач, лісам стаў. Уцяміў тыя жарты Сувораў,— стаў хартом. Пачуў француз пагоню, Катом зрабіўся, наш тады змяніўся ў поні. Дык гляньце ж, як закончылася гэта справа…» Тут Рыкаў закусіў, і тут з чацвертай стравай Слуга ўвайшоў, і дзверы адчынілі справа.
Ўвайшла прыгожая і маладая госця. Сваім з’яўленнем нечаканым, прыгажосцю Звярнула вочы ўсіх. Усе яе віталі, Апроч Тадэвуша, відаць, здаўна ўжо зналі. Яе і постаць зграбную, і бюст прывабны Сціскаў ружовай сукні матэр’ял ядвабны. Глыбокі горс, карункавы каўнер, рукаўкі Кароткія. Круціла веер для забаўкі (Бо душна не было), той веер залацісты Пры кожным руху сыпаў зорак дождж іскрысты. А ў косы, што сышліся ў круг, і ў завітушкі Былі уплецены ружовыя істужкі, З-паміж якіх брыльянт выглядваў ненарокам I, як з каметы зорка, ззяў іскрыстым вокам. Зусім парадны выгляд! Шэптаў адгалоскі Пайшлі, што шыку лішне буднім днём для вёскі. Не ўбачыш ножак, хоць кароткая сукенка, Так хуценька перастаўляла іх паненка І сунулася, быццам лялечка з батлейкі, Якой, схаваўшыся, штукар кіруе нейкі. Усіх паклонам лёгкім, бегучы, вітала, Заняць жа тое месца, што яе чакала, Было нялёгка. Нехапіла многім крэслаў, Дык чэлядзь да сталоў чатыры лавы ўнесла. Выходзіла: рад рушыць ці скакаць праз лаву. Ўшчамілася між радам і сталом і жвава, Заваяваўшы шлях сабе нялёгкі гэты, Як шар більярдны, пакацілася да мэты, Тадэвуша кранула, бо ў адно імгненне, Заблытаўшы фальбану ў нечыя калені, Нязручна паслізнулася і ў той хвіліне Знайшла сабе апору ў маладым хлапчыне. Перапрасіўшы ветліва, на месца села Між ім і дзядзькам, але есці не хацела. Ківала веерам у розныя кірункі, То зноў каўнерыка брабанцкія карункі Пагладжвала, то лёгкім дотыкам далоні Кранала валасы і стужкі каля скроні.
вернуться

8

Шмат кружыць аповесцяў сярод простых рускіх людзей пра чары Банапарта і Суворава.