Выбрать главу
Такая размалёўка, жэсты ў іх такія, Што ледзь не загавораць зараз, як жывыя.
Якое ж іх значэнне, госці ўсе пьггалі, Дык Войскі мовіў, як прыціхла трохі ў залі (Якраз разносілі гарэлку ў той часіне): «З дазволу ўсіх гасцей, што расказаць прасілі Пра гэты вось натоўп пярсон размаляваных, Скажу, што сеймік польскі тут адлюстраваны, — Галасаванне і трыумф, нарады, звады. Я ўсё тут разгадаў і растлумачыць рады.
Вось тут направа бачым шляхты згуртаванне, Відаць, што склікана яна для частавання; Чакае стол накрыты, ды гасцей не садзяць, Яны пасталі купкамі, аб чымсьці радзяць. Глядзіце, ў кожнай купцы маем чалавека, 3 якога вуснаў, рук, адкрытых воч, павекаў Відаць, што прамаўляе, слухачам тлумачыць І пальцам на далоні нешта цвёрда значыць: Вядзецца агітацыя за кандыдатаў, Ды з розным вынікам, не кожны ўсіх раскратаў.
У гэтай тутка купцы слухаюць ахвоча, Той вуха прыхіліў, пачуць дакладна хоча, Той з даланёй ля вуха, каб дакладна ўцяміць І пільна нанізаць пачутае на памяць. Прамоўца рад, што мова гэтак іх займае, Дык гладзіць кішаню: іх галасы ўжо мае.
У трэцяй групцы ўжо зусім другія справы, Прамоўца слухачоў хапае за рукавы, Глядзіце! Рвуцца, чымсьці ўгневаныя, пэўна. А гэты во, глядзіце, як надзьмуўся гнеўна, Руку узняў, заткнуць прамоўцы вусны рвецца, Бо той праціўніка стаў выхваляць, здаецца. А гэты, быццам бык, нагнуўся злы і строгі, Сказаў бы, што прамоўцу хоча ўзяць на рогі, А тыя гэтых гоняць шаблямі з дарогі.
Адзін стаіць між групак шляхціц адзінокі, Відаць, пгго баязлівы ён і недалёкі. За кім падацца? Сам змагаецца з сабою, Дык справу вырашыць надумаў варажбою, Зажмурыўся і пальцам хоча ў палец цэліць, Пакажа лёс, каго ён голасам абдзеліць: Як пальцы сыдуцца, дык дасць афірматыву, А калі не, тады укіне негатыву.
А тут другая сцэна: ў манастырскай залі, Якую для нарадаў сёння скарысталі, Старэйшыя сядзяць, малодшыя таўпяцца, І ўсе к сярэдзіне стараюцца прабрацца, Дзе з урнай у руках стаіць маршалак І правярае колькасць там сабраных галак, Апошнюю вось вытрас. Возныя чакаюць І імя новага ўрадоўца аклікаюць.
Адзін, з ухвалаю агульнаю не згодны, Глядзіце, выткнуў з кухні галаву, нягодны, І пазірае смела, вылупіўшы вочы, Разінуўся, як быццам з’есці залу хоча. Згадаць не цяжка, што выкрыквае ён „Veto!“ Глядзіце, як рвануліся к дзвярам на гэта, Як ціснуцца на кухню! Тыя ўсталі з лавы, Там шаблі вынялі — пачнецца бой крывавы.
Але на калідоры, вунь з канца другога, Праіпу, паны, заўважыць там ксяндза старога — Ігумен гэта, ён Santissimum выносіць, Хлапчына ў белым звоніць — расступіцца просіць. Хавае шляхта зброю, хрысціцца набожна, А ксёндз туды ідзе, дзе ўсё яшчэ трывожна, Пакуль пяройдзе, верне ўсіх да супакою.
Вы не знаёмыя ўсе з справаю такою, Калі да шляхты самаўладнай, неспакойнай Не трэ’ было паліцыі ніякай збройнай. Пакуль жыла ў ёй вера і пашана права, Была свабода з ладам і з багаццем слава! А на чужыне, чую, ўрад трымае драбаў, Жандараў, паліцэйскіх, розных там канстабаў. А дзе парадкі толькі меч аберагае, Свабода ў краі тым, мяркую я, благая».
Тут з табакеркі звонам мовіў Падкаморы: «Пан Войскі, адкладзіце вашы нагаворы На потым. Згодзен я, што сеймік той цікавы, Ды мы галодныя, пара ўжо ўносіць стравы».
На гэта Войскі адказаў: «Шаноўны пане, Прашу, дазвольце скончыць мне апавяданне, Вось сцэну растлумачу, і мой сказ гатовы. Тут на руках прыхільнікаў маршалак новы З сталовай вынесен, і ўся вакол нарада Кідае з крыкам шапкі ўгору, вельмі рада. А воддаль — пераможаны ў галасаванні Стаіць адзін, відны яго перажыванні. Насустрач жонка выйшла, праўду адгадала I, бедная, на рукі пакаёўкі ўпала. Ах, бедная, хацела быць яснавяльможнай, А зноў трэ’ быць вяльможнай, як шляхцянцы кожнай». Тут Войскі скончыў сказ і апускае посах. Ўваходзяць парамі лакеі, на падносах Трымаюць пачастункі: боршч, што царскім звецца, За ім расольнік старапольскі падаецца, Ў які пан Войскі, маючы свае сакрэты, Укінуў колькі перлаў і са дзве манеты (Такі расольнік чысціць кроў, здароўю служыць). Далей другія стравы. Хто ж бы мог падумаць Запомніць невядомыя ўжо ў нашы часы Кантузы розныя, аркасы і блямасы, Пінэлі і памухлі ці там фігатэлі, Цыбэты, піжмы і драганты, і брунелі. А рыбы! Той ласось вядомы дунаецкі, Ікра вянецкая і асяцёр турэцкі, Шчупак галоўны, падгалоўны і лакетны, І камбала, і карп стары, і карп шляхетны! Ўканцы сакрэт кухарскі: рыбіна старанна З канца падсмажана, а далей запякана, А пры хвасце, як заліўная, зрыхтавана. А госці не пыталі, як завуцца стравы, Зусім іх не крануў і той сакрэт цікавы, На ўсё салдацкія былі ў іх апетыты, Абы часцей венгерскім келіх быў наліты.