Я падняла на Мацея шчаслівыя вочы. Той змрочна кіўнуў.
– Вось ён, т-твой т-трактат… Зараз выведу, к-калі паперы хопіць…
Я ледзь не раздушыла мабільнік, калі пасылала эсэмэску… Усяго дзве літары: «ОК!»
Не паспела аддрукавацца апошняя старонка, у дом увайшлі. Трое самавітых мужчын у плашчах, пры гальштуках. Мацей быў зрабіў хуткі рух да флэшкі, што тырчэла ў худым баку ноўтбука, але адзін з прыхадняў яго апярэдзіў, прытрымаўшы за руку.
– Не спяшайцеся, Мацвей Аляксандравіч. А то яшчэ што-небудзь выпадкова можаце сцерці.
Саламярэцкі рэзка вызваліўся, так што фенечка садралася… Краем вока я заўважыла пад ёю доўгі белы шнар, быццам яшчэ адна фенечка, што ўрасла пад скуру. Асэнсоўваць, што адбываецца, не выпадала. Нехта абняў мяне за плечы і вёў да дзвярэй, нашэптваючы на вуха штось надзвычай захапляльнае… Я паспела яшчэ пачуць кінутае мне ў спіну горкае:
– Д-дарэчы, Ірынка, Віталя К-корвуса ніколі не існавала. Сп-пытай пра гэта ў спадара Яўгенія Кап-пытко.
Апошняе, што я ўсвядоміла, аказаўшыся за весніцамі, – са мной Віталь, які не збіраецца нікуды знікаць, а да грудзей я прыціскаю каштоўны трактат. Які ў мяне чамусь ніхто не парупіўся адабраць.
Над балотам да Волатавай пушчы поўз туман, нібыта вялізны прывід неахвотна вяртаўся да сваёй магілы.
Раздзел восьмы
Сцены Іерыхона
Сайт: «Пад знакам Урабораса».
Назва фанфіка: Ордэн захавальнікаў.
Фандом: арыджынал.
Жанр: агнст.
Памер: максі.
Статус: у працэсе.
Рэйтынг: NC-17.
Катэгорыя: гет.
Аўтар: Grjaznyj ubljudok.
Бета: Kobaabba.
Папярэджанні: асабліва жорсткія сцэны.
Анатацыя: Ты думаў, што ты на дне, але нехта пастукаўся знізу.
DoktorHaus: Памылка аўтара – занадта шмат персанажаў на пляцоўцы аднаго раздзела. Немагчыма запомніць і выпісаць. Мы так і не пабачылі ксяндза, рабіна і папа, якія ратуюцца ў лепразорыі ад савецкага таталітарнага рэжыму. А дзе адзіны пракажоны? Як аўтар выблытаецца? Пазабівае ўсіх?
Racionaclass="underline" А мне незразумелая роля магрэткі, пафасна аўтарам перайменаванай у чырвонага дракона. Занадта лабаво, калі вуаля – і гэта і ёсць той недастатковы інгрэдыент для лекаў, што вынаходзіў Корвус з калегамі.
Тор Магутны: Прыемна бачыць, што аўтар улічвае каменты. Сітуацыя з галеннем лагічна апраўдалася. Але сеанс псіхатэрапіі са збіццём доктара – наіў. Каб так посттраўматычны сіндром вылечваўся, псіхатэрапеўты былі б усе шматкроць згвалтаваныя і збітыя.
Fljor Delakur: здаецца, люцыян корвус усё-ткі падобны да снэйпа! grjaznyj ubljudok, рэспект!!!
Проста Локі: Распаўсюджаная памылка: падзеі бачацца спачатку вачыма аднаго персанажа, потым – другога, потым – самога наратара. Калі ўсё ўспрымалася праз забаўнага персанажа, недалёкага Ромку Цвічка, было цікава. Потым аўтар збіўся.
Тор Магутны: А вось тут не пагаджуся. Гэта таксама можа быць аўтарскім прыёмам. Адразу ацэньвае падзеі адзін персанаж, пасля – другі. Аўтар, пешы ісчо!
Трандуіл: хня фанф не панімаю што за пляскі вакол такой хні адмін выдалі фанф Grjaznyj ubljudok.
Тор Магутны: Адмін, выдалі адсюль усіх Трандуілаў. Хай трандуіляць пра серыял «Абшчага».
Fljor Delakur: Аўтар, не слухай!!! Твой арыджынал проста жэсць!!!!! Хутчэй пішы рэйтынгавую гетную сцэну!!!!!!!!
З плаката паглядаў белазубы калгаснік у заліхвацкай кяпурцы. За ягонай спінай бачыўся прыгожы дом, поле з раўнюткімі барознамі і бярозкамі, якія, здавалася, таксама бадзёра ўсміхаюцца ўсімі чорнымі плямінамі на кары. «Таварышы калгаснікі і калгасніцы перасяляюцца ў КФССР».
Пад плакатам, на адмысловай драўлянай падстаўцы, красаваліся брашуры «Памятка перасяленцу ў КФССР» і «Рэспубліка зямнога золата».
Бібліятэкар, блакітнавокі стары з сівымі пасмамі, у якіх яшчэ трохі ўгадваўся руды колер, і вечнай іранічнай усмешкай на сіняватых тонкіх вуснах, заўважыў позірк наведніка, што сядзеў па той бок стала, і коратка патлумачыў:
– Для правяраючых. Трэба ж быць палітычна граматнымі і ў лепразорыі.
– М-да… Палітычна граматныя пракажоныя – гэта правільна, – нейтральным тонам азваўся хударлявы мужчына гадоў сарака з перабітым носам і вельмі светлымі, трохі запалымі вачыма. Трохі прамарудзіў, быццам чагось баючыся, і акуратна разгарнуў фаліянт у чорнай скураной вокладцы, што ляжаў перад ім на стале, там, дзе бялела закладка – звычайная бібліятэчная картка.
– Беларусаў заўсёды перасяляюць, Саламон Барысавіч. У часы Аляксея Цішайшага колькі вывезлі рамеснікаў – у Маскву, у Пскоў, у Каломну. Пасля ўціхамірвання кожнага паўстання – вёскамі адпраўляліся ў Сібір. Пры Сталыпіне ў Прыбайкалле паўмільёна, мусіць, перасялілі. У часы першай сусветнай сотні тысяч беларусаў – у бежанстве. А цяпер, калі і так фашысты нас павыбілі, – заманьваюць у Карэла-Фінскую Рэспубліку, у Казахстан, у Краснаярскі край, на Сахалін…