– Магістр… Падобна, мы абое вылечыліся ад сваіх фобій. Радыкальнымі, так бы мовіць, метадамі.
– Давай праверым… – прашаптаў ён і пацягнуўся да яе вуснаў.
Нават ходзікі, здавалася, прыспешылі хаду ў такт двум сэрцам.
– І табе праўда не брыдка? – прашаптала яна. – Пасля таго як на тваіх вачах мяне… Утраіх…
Ён пасуровеў.
– Нават думкі такой не дапускай! Гэта мне мусіць быць невыносна сорамна – што нічога не зрабіў тады. Працягваў маўчаць…
– Ты шмат зрабіў… – тонкая рука пагладзіла яго па паголенай шчацэ. – Колькі табе з-за мяне перапала… Калі адцягваў на сябе ўвагу, спецыяльна злаваў следчых… А каб ты зламаўся, распавёў пра нашых нелегальных пацыентаў – усё намі перажытае страціла б цану. Ведаеш, некаторыя з тых, з кім я сядзела, кажуць, лепш усё забыць, – Жэнька апусціла сівую галаву. – Выкрасліць з памяці. Пачаць жыццё нанова. А мне здаецца, гэта несумленна. Як я магу забыць васьмідзесяцігадовую бабку, якую вадзілі кожны дзень на допыты і збівалі гумовымі палкамі, каб нагаварыла на кагось са сваякоў? У яе ўсё цела было сінім. Калі я забудуся на яе і на тых, хто яе збіваў, – гэта будзе паўтарацца, бо кáты і іх наступнікі ўпэўняцца: нічога ім не пагражае, а значыць, усё правільна. І я баюся, баюся забыць… І баюся насіць з сабою ў памяці…
– Распусці валасы… – раптам папрасіў Корвус. Яўгенія трохі прамарудзіла і пацягнулася рукой да вузла на патыліцы. Белыя пасмы ўпалі на плечы.
– Ты проста казачная прынцэса!
Ён асцярожна крануў гэтую бель.
– Здымі швэдар, Магістр… – яна не папрасіла – загадала. Ён паслухмяна сцягнуў праз галаву свае вязаныя «даспехі», застаўшыся ў белай кашулі, і цярпліва замёр пад вывучаючым позіркам. Жэнька павольна расшпіліла на ягонай кашулі верхні гузік, яшчэ адзін, агаліўшы ключыцу.
– Я памятаю, як у цябе з’явіўся гэты шнар…
– А я памятаю, як у цябе з’явіўся гэты…
Корвус крануў пальцам белы пасак ля краёчка яе рота.
– Нашы целы – як дзённікі, перажытае запісана на скуры…
За вакном зашамацеў вецер, быццам віж прабіраўся бліжэй да шыбы, за якой стваралася штось неналежна вольнае і светлае.
– Я не змагу нарадзіць дзіця, – горкі шэпт. – Ты мог бы з іншай… Тая сінявокая дзяўчыначка, Ліза… Яна так на цябе закахана пазірае…
– Гэта мы яшчэ паглядзім, пра дзяцей, – абарваў Корвус, цалуючы шыю сваёй Гаёўкі. – Я ж навуковы канкістадор, як мяне празвалі ў інстытуце. Вунь магрэтка чароўная дапаможа… А не атрымаецца – пражывем удвох… Доўга і шчасліва.
– Можа, нядоўга. Можа, не заўсёды шчасліва. Але ўдвох.
…Пад мікраскоп быў падкладзены яшчэ нечытаны часопіс «Новый мир». Гэта было няправільна, але гаспадар мікраскопа і часопіса славіўся сваёй апантанасцю падчас навуковых доследаў, ясна, што пад руку трапілася – тое і скарыстаў. Вока да акуляра, вусны падціснутыя, адна рука падкручвае колца прылады, другая спрабуе штось накрэмзаць на верхнім аркушы ў россыпе скрэмзаных, да таго ж захляпаных нейкімі рэактывамі і расчыннямі.
– Люцыян, хопіць! Пайшлі вячэраць!
Прыгожая, як кіназорка, жанчына ў бумазейным зялёным у белыя гарохі халаціку, цёмна-каштанавыя валасы, на карэньчыках якіх здрадліва паблісквала сівізна, заплеценыя каронай, ласкава правяла даланёй па напятай спіне даследчыка.
– Жэнька, ты не ўяўляеш… Гэта сапраўды выклікае паскораную рэгенерацыю клетак. Калі трохі павялічыць канцэнтрацыю… Ды каб абсталяванне сучаснае… Як прыедзем у Ленінград, першай справай у лабараторыі паўтару гэты дослед.
Мужчына мармытаў, не мяняючы позы.
– Магістр, ахалонь! – жанчына ўскудлачыла чуб мужчыны – скроні ў яго сівыя, але залысін няма, валасы светлай густой хваляй падаюць на лоб з невынішчальнай пячаткай вышэйшай адукацыі. – Калі ты так зацяўся з-за мяне… То супакойся: мой выпадак безнадзейны. Рэпрадуктыўная функцыя страчаная незваротна.
Апошняя фраза прагучала з выпакутаваным спакоем. Даследчык адразу павярнуўся і прытуліў жанчыну да сябе, прыціснуўся шчакой да яе жывата.
– Ніколі не гавары так. Я веру, што нават смерць не з’яўляецца незваротным працэсам.
– Самы раз з такімі думкамі – у Наўе, да айца Серафіма па духоўныя настаўленні… Ці лепш да ксяндза Станіслава? Кім хочаш быць – каталіком ці праваслаўным?
Жанчына гаварыла жартам, але мужчына адхінуўся, не выпускаючы яе з абдоймаў, і адказаў вельмі сур’ёзна:
– Вечны выбар беларуса. Здавалася б, на фоне ваяўнічага атэізму павінны суціхнуць спрэчкі… Аж не. Баба Параска на бабу Ядзвігу: «Пшэчка!», тая на яе – «Маскалька!» А абедзве спаконвек беларускія сялянкі, сем’і цераз адзін плот два стагоддзі ўжо лаюцца. Маці хрысціла мяне ў праваслаўе. Там і застануся. Не ўсё, што я назіраў за жыццё, усоўваецца ў матэрыялізм, Гаёвачка.