Выбрать главу

Людзі, вайна ідзе! Бязглуздая, несправядлівая, крывавая... Вы апраўдваеце яе ўра-патрыятычнымі лозунгамі. Вы глядзіце ў інтэрнеце відэаролікі пра чужыя смерці, заядаючы чыпсамі. Вам не хочацца думаць, што вы ў чымсьці вінаватыя. Вам хочацца зоны камфорту. І вуаля - вашу ўвагу паглынае раман між тыграм і казлом.

Цікава, ці пішуць фанфікі пра Амура і Цімура? Мае аўтары маглі б раскруціць сюжэт. У логвішчы Урабораса ёсць такі Fairy, ён мог бы пасяліць у цела Амура дух бога Тора, а ў Цімура - дух валькірыі... Але не, Fairy любіць катэгорыю слэш, таму ў казла ўсяліўся б Локі. А рамантычная Fljor Delakur, студэнтка-біёлаг з Баранавіч, якая працуе ў рэйтынгу джэн (без эротыкі), жанры “раманс” і катэгорыі “гет” (традыцыйная арыентацыя герояў), сачыніла б, што тыгр і казёл - пярэваратні. Разлучаныя злой вядзьмаркай закаханыя па начах вяртаюцца ў свае абліччы. Толькі ў яе застаюцца рогі, а ў яго - паласаты хвост. А можа, наадварот, мужык у яе казёл. А аматар сцёбу і сцімпанка Grjaznyj Ubljudok, пра якога я не ведаю нічога, акрамя ніка, прыдумаў бы, што казёл і тыгр - мутанты, вывучаюць людства на прадмет заваяванняў і самі пішуць пра сябе скандальныя навіны ў сацыяльных сетках.

Прыкрываю вочы - перад павекамі разыходзяцца жоўтыя колы, адлюстраванне беднага майго сонца на паверхні лужыны. Побач агідна запіпікаў кампутар, быццам сігналізацыя аўто. Кідаю погляд направа, дзе за маніторамі дзяжурыць Паша. “Рубят лес мужики”, - ціха напявае брутальны карузлік з Пашавага кампа, не зважаючы на віск сістэмы. Малады бялявы мент вяла калупае пластыкавым відэльцам катлету. Ейны пах з’ядноўваецца з пахам майго хека ў смяротна-смуродны дуэт. А на маніторах рухаюцца чорна-белыя людзі.

Кожны экран падзелены на шэсць квадрацікаў, па колькасці камер. Здаецца, над пасажырамі станцыі праводзяць пачварны эксперымент, рассадзіўшы па шкляных скрынях.

Адкідваюся ў крэсле, каб лепей бачыць: відовішча заварожвае... Потым зноў адварочваюся да свайго манітора... Пакуль па каменнай падлозе штось не загрукатала. Аказалася, Паша скінуў бляшанку “Фанты”... Мой погляд зноў чапляецца за карцінкі знізу... Якраз у гэты момант адзін з мінакоў, што пакідае станцыю, падымае галаву і чамусьці глядзіць уверх, проста ў камеру... Нядоўга, на адно імгненне, ягоныя вочы ўзіраюцца ў мяне... Палец нервова трэ лоб, наўскос, нібыта намацвае шнар, як у Гары Потэра...

Гэтага імгнення хапае, каб і відэлец выпаў з маёй рукі, і ад сутаргавага руху на падлогу, пад якой ездзяць цягнікі і ходзяць шэратварыя зомбі, пляснуўся хек у цесце разам з дзвюма лыжкамі парашковага бульбянога пюрэ.

Я глядзела, як на правым маніторы ў скрайнім верхнім квадраціку аддаляецца постаць у чорнай скураной куртцы, з наматаным на шыю доўгім піжонскім шалікам, і спрабавала ўдыхнуць прапахлае мазутам паветра, бо яно чамусьці не ўдыхалася.

Бо мужчына ў чорнай куртцы з шалікам, з моднай хіпстэрскай бародкай і паголенай галавой быў Віталь Корвус.

Мой муж.

Якога, між іншым, прызналі мёртвым.

Па рэйках метрапалітэна прагрукатаў Белы Трактар.

Раздзел другі. КУДЫ НЕ ДАЙШОЎ ФРАНЦЫСК АСІЗСКІ

Сайт “Пад знакам Урабораса”.

Назва фанфіка: Ордэн захавальнікаў.

Фандом: арыджынал.

Жанр: агнст.

Памер: максі.

Статус: у працэсе.

Рэйтынг: NC-17.

Катэгорыя: гет.

Аўтар: Grjaznyj ubljudok.

Бета: шукаю.

Папярэджанні: асабліва жорсткія сцэны.

Анатацыя: Ты думаў, што ты на дне, але нехта пастукаўся знізу.

Раздзел 1

Альберт Вялікі сцвярджаў у сваім трактаце, што калі хочаш вызваліцца з нейкіх путаў, трэба знайсці гняздо сарокі з птушанятамі. Залезь да таго гнязда і абвяжы яго спрэс вяроўкамі. Сарока прыляціць, пабачыць, што справы дрэнь, і прынясе чароўную траўку, якая разарве ўсе абвязкі. Не забудзься толькі пасцяліць пад дрэвам анучу, на якую павінна ўпасці выкарыстаная чароўная расліна, альбо жабер-трава, і з ёю ты заўжды вольны!

Гэх, не пашкодзіла б цяпер тая траўка - на горшы выпадак. Сарокі вунь скачуць з елкі на елку, стракочуць у прыцемку ды золі, так і чуваць у іхнім пранізлівым голасе лаянку “Каб вам духі выперла, як вы праз наш лес прэце! Каб вас спруткавала, чалавекі, як вы адзін аднаго пруткуеце!”

Рэм падпёр нагой у брудным боце галаву Люцыяна. Непрыемна глядзець, як ківаецца з боку ў бок на дошках кузава, калі грузавік падскоквае на выбоінах і карэннях. Каб была тут Малгося, прысела б з непрытомным чалавекам побач, паклала галаву яго сабе на калені, абцерла запечаную кроў... Але Рэм абедзвюма рукамі ўчапіўся ў борт кузава, каб не вылецець на дарогу - Малгося была ў кабіне і гнала машыну, як авадзень ашалелае жарабя. Нічога, не да сантыментаў. На фронце ды ў партызанцы звыклі да бруду і крыві. Урэшце, усё, што сёння можна было ўтварыць з абліччам спадара Люцыяна Корвуса, зроблена, страшней не стане. Пазнаць іхняга былога настаўніка біялогіі можна цяпер хіба па шнары на шчацэ, які нагадвае абрысам птушку ў палёце. Калісьці яны, дзевяцікласнікі Старавежскай сярэдняй школы, гадалі, адкуль у іх новага выкладчыка, маладога, але з пасівелымі скронямі, загадкава-змрочнага, гэткае ўпрыгожванне, тады яшчэ барвовага колеру. Жэнька Равіновіч, ужо тады закаханая ў старшыню школьнай камсамольскай ячэйкі Рыгора Самуся, высунула зусім дэкадэнцкую версію. Шнар - першая літара імя нешчаслівага кахання таварыша Люцыяна Станіслававіча. Той у адчаі сам выразаў на сабе літару “Л”, каб вечна помніць здрадлівую альбо памерлую Лену, Лілю, Лізавету.