Выбрать главу

Г.Б.: Нет!!!

V.L.: Можа проста нагу яму адрэзаць?

A.P.: А потым жорстка забіць.

V.L.: Не, навошта садызм? Сэнс прапановы ў тым, каб не забіваць, а толькі адрэзаць нагу, таму што гэта больш гуманна!

A.P.: Ну можна атруціць.

V.L.: Ты крыважэрны, усё б табе забіваць!

A. P.: Гэта мне кажа чалавек, які хоча адняць нагу герою. Смерць - так лепш для героя і для чытача

V.L.: Калі ён памрэ, ён будзе без усіх ног, усіх рук і ўсёй галавы, а я прапаную толькі нагу адрэзаць.

A. P.: Ён будзе цэльнамёртвы, а чытач задасца вечнымі пытаннямі

П.А.: Nielha, bo atrymajecca “Повесть о настоящем человеке”.

І фота з кацейкамі вывешваць не трэба.

Хаця не, фота з кацейкамі ўсё роўна сабрало б больш водгукаў.

А на могілках, як у моргу. Халадавата... Цені даўжэюць і зліваюцца ў восеньскі вечар. Добра, што чорнае паліто сваё ўлюбёнае апранула.

На шэрым някідкім помніку напісана: “Рут Уолес”. Маладая амерыканка пасля вайны прыехала сюды з місіяй ЮНРА. Гуманітарная дапамога. Беларускі хлопчык пачаў тануць, яна выратавала. Застудзілася і памерла. Муж вярнуўся дахаты, яна засталася ў беларускай зямлі. Цікава, ці жывы той хлопчык? Ці носіць ён або ягоныя нашчадкі сюды кветкі?

Смартфон зноў задрыжэў, мусіць, ад жаху перад негуманнасцю маіх фрэндоў.

J.A.: Забіваць)

Т.Б.: Адпраўце ў псіхушку

K.K.: А які герой? Харошы ці не?)

А.А.: Лепш на катарзе згнаіць.

I.K.: А ён яшчэ не шкадуе, што на першай старонцы не загінуў?

A. T.: Пакінуць для працяга наступнага рамана.

N.M.: Не!

Л.Д.: Не, хай жыве!

U.K.: Пытанне, на мой погляд, недарэчнае. Зрабіце галасаванне тады. Падзеі ў рамане адбываюцца пад уздзеяннем вобраза, які, у першую чаргу, сам іх і дыктуе. Творца проста іх фіксуе. Тут больш інтуіцыя. Хаця зараз галоўнае большасці дагадзіць.

B. П.: Нее!

A. D.: Так.

Сама не заўважыла, як, чытаючы каменты, прайшла некалькі крокаў назад да брамы. Яшчэ адзін някідкі помнік... Іван Пуліхаў. Тэрарыст, рабіў замах на генерал-губернатара Курлова... Яго катавалі, цела павесілі на браме Пішчалаўскага замка... Помнік паставіла таварыства паліткатаржанаў. Цікава, калі б Іван, недавучаны студэнт, канспіратыўная мянушка “Вася”, дажыў да трыццаць сёмага, ці мела б помнік ягоная магіла? Ад палкіх рэвалюцыянераў пасля пераможнай рэвалюцыі пазбаўляліся. Адна з паплечніц Пуліхава, нязломная Аляксандра Ізмайловіч, дачка генерала, адбыла адзінаццаць гадоў на Нерчынскай катарзе, а ў трыццаць сёмым сасланая ў ГУЛАГ, у сорак першым па загадзе Сталіна расстраляная дзесь у лясах пад Арлом...

Няма ў свеце іншага жывёльнага віду, які б так нішчыў сам сябе.

S.Z.: Кожны чалавек памрэць, калі прыйдзе ягоны час, лiтаратурны персанаж таксама. Таму пытанне ня ў тым, забіваць яго ці не. Пытанне ў тым, калі завяршыць раман.

I. K.: Гэта проста тэст на крыважэрнасць :)

Е.К.: Калі шчыра чую такое пытанне ўпершыню ў жыцці... Галасую за...

B. Т.: Пашкадуйце!

М.М.: Так, але не боляче, щоб, раптом що, він міг викарабкатися...

H. К.: Не!

V.T.: Не сьмяротнаму пакараньню! А герой станоўчы?

S.H.: Пасачыце. Там бачна будзе ))

A. D.: Забіць нельга памілаваць.

А.Ю.: Пакіньце надзею на працяг..... ён загінуў... мізіньчык варухнуўся....

К.П.: Паспытайце ў героя)

П.С.: не трэба

A. D.: Забіць дзеля чытача, ці дзеля аўтара?

Е.М.: Сам умрет... это ж ясно.

C. И.: Только если он погибнет смертью храбрых!)

I. S.-S.: Забіваць

S.S.: Кніга-гульня! Калі вы хочаце, каб герой памёр перайдзіце на старонку 150, калі хочаце, каб выжыў на старонку 170 :)))

Н.К.: Только в том случае, если в этом есть историческая необходи­мость. ))

А.Ф.: ТАК!!!

Ж.Р.: Пра што раман і хто галоўны герой?

A. С.: А напішы так, каб было незразумела і адначасова ўсім дагадзі: тым хто хоча, каб ён жыў і тым, хто разумее, што станоўчаму не выжыць...

B. Р.: Ні ў якім разе не забіваць!

М.С.: Ну пакалеч крыху, калі ўжо зусім ня можаш стрымацца...

Л.С.: Няхай жыве і мяняецца да лепшага

Я.М.: Сама не забівай - грэх вялікі! А героі рамана падчас напісання разбяруцца, натхненне прадыктуе... Ужывайся ў сюжэт асцярожна!

В.К.: Не!!!!

I. M.: Хай ще трйшки поживе.

Л. В.: Кубик бросить, здесь не отвечать - тянуть интригу))

0. Т.: На мой погляд, калі ён будзе далей мучыцца, пасля завяршэння раману, то хай жыве. А калі яму трэба памерці, тады можна.

Я зноў схавала смартфон і збочыла з асфальтавай сцежкі на вільготную глебу... Тут як ні намагаешся не наступіць на чыюсь магілу - усё роўна не атрымаецца. І ў мазгу ўвесь час круціцца “Выбачайце... Прабачце...”, нібыта ў набітым аўтобусе прасоўваешся да выхаду, мімаволі штурхаючы спадарожнікаў.