Выбрать главу

А вось і той помнік, які я шукала. Не мармур, не граніт, сціплы бе­тон. У дробных трэшчынках пасяліўся мох. Ні агароджы, ні кветак, нат збуцвелых штучных. “Люцыян Станіслававіч Корвус”. Даты нараджэння і смерці няма. Ведалі б фрэнды, якія зараз пішуць мне парады, што імя таго, пра каго яны спрачаюцца, выбітае на гэтым сціплым помніку...

Вырасціць “чароўны крышталь”, які я атрымала ў падарунак падчас акцыі на карысць сучбелліту, можна, толькі падставіўшы звычайныя кардонныя палоскі. Вылітае на іх з пластыкавай бутэлечкі рэчыва выпростваецца цвёрдымі сняжынкамі.

Я мусіла даведацца пра рэальны лёс чалавека, на якім збіралася вырасціць “чароўны крышталь” персанажу. Мне бракавала фактаў. Таму і ўзнікла дыскусія ў сеціве. Таму я зараз і мерзну на гэтых могілках.

Д.К.: Можна закруціць інтрыгу, як у серыяле, што ён памёр, а потым выявіцца - што не)

AX: ЗАБІ!

Я.К.: АДЧУВАЮ СЯБЕ ГЛЕДАЧОМ У КАЛІЗЕІ.

В.Ц.: Забіць! Але жорстка)

M.B.: Смерць ачышчае.

1. -D. R.: Не

M.B.: Яшчэ як. Ачышчае сюжэт ды жыццё.

В.Г.: Забіць! Але так, каб чытач жахнуўся, а пасля падумаў: а я ж трупа не бачыў, дык можа - жывы?

Т.Б.: Калі стары - забівайце, калі ў яго ёсць дзеля чаго/каго жыць, то хай жыве.

A. Я.: ЗАБІВАЦЬ!!!! І ЖОРСТКА!!!!!!!

Л.М.: Пусть умрет неожиданной нелепой смертью.

Z. J.: “Рэйхенбахскі вадаспад”.

V.M.: Жэстачайшэ

Я.Я.: Прыбіць) цвікамі да сцяны)))

B. Ч.: Ні ў якім разе не забіваць. Канцоўка з жывым гг вымагае ад аўтара большай мужнасці ды майстэрства, чым кікнуць персанажа ў спадзеве на чытацкі катарсіс. А вось як так зрабіць, каб канцоўка аказалася сапраўды моцнай, як у добрым вершы - асобнае пытанне.

Е.Р.: Смерть ему!

А.М.: Не забіваць! Хочацца пазітыву!

А.К.: Можна скарыстацца прыёмам Фаўлза (“Каханка французскага лейтэнанта”, шматварыянтавы фінал), ці паўтараў хто такі ход у беларускай літаратуры?

Н.К.: Не забіваць!

L.S.: Не, не забіваць! Вунь Роўлінг ледзь не ўсіх станоўчых герояў пазабівала... Будзьце міласэрныя да чытачоў

О.Г.: Калі забіць, то працягу не будзе(((

A. Н.: Канешне не забіваць!

Г.Б: Неяк вельмі жорстка. А калі думкі матэрыялізуюцца?

Г.Б: Ну, проста суд тройкі.

B. К.: Очень странно... Очень странно, когда автор пишет роман, не зная его сюжет. Хотя вот есть „Дом-2“, там голосованием можно спасти героя.

C. М.: Галаву адсекчы.

Y.D: Убить нельзя помиловать.

В.В: Лепш не пішыце...

О, апошні камент - самы слушны... Наколькі б жыццё спрасцілася...

Калі шэры туман і дробны дождж з’ядналіся ў адно халоднае і мярзотнае сутонне, а надмагіллі ў прыцемку нібыта пачалі пагойдвацца і вырастаць, я нарэшце пабачыла дзве постаці, што набліжаліся ад царквы сюды, лавіруючы між помнікаў пад чорным ветразем парасону. Плячысты хлопец у чорнай скуранцы і клятчастай хустцы вакол горла, русявыя валасы забраныя ў хвост, і дзяўчына ў кароткім і шырокім чорным палітончыку, доўгія ногі ў берцах, рудыя валасы ў дрэдах... Дурніца, напэўна. Таму што прыгожая. Такая, ведаеце, вытанчаная гожасць з паштовак эпохі арт-нуво. Калі дапускаць, што ў такой прыгажуні ёсць мазгі, можна давесці свой узровень самаацэнкі да крытычнага. Тым больш спадарожнік час ад часу паглядаў на яе, як на боства, якое зрабіла літасць на нейкі час спусціцца да яго, нявартага. Я адмахнулася ад рытуалу вітанняў.

- Вы знайшлі патрэбныя матэрыялы, Мацей?

Хлопец кіўнуў і дастаў з кішэні памаранчыкавую флэшку. На яго руцэ, якая трымала парасон, мезенец быў з абрэзанай апошняй фалангай, а запясце абвівала цэлая калекцыя фенечак.

- Тут усё, што здолеў здабыць. Спісы расстраляных, спісы супрацоўнікаў НКУС, следчыя справы, прысуды... Спадзяюся, вы разумееце, што, па-першае, гэта незаконна - я ж хакнуў расійскі закрыты архіў, і ў адкрытым доступе вы гэтыя матэрыялы не размесціце. А па-другое, гэта кропля ў моры. Толькі тое, што адлічбаванае.

- Дзякую!

Мне казалі, што Мацей Саламярэцкі, калі захоча, залезе хоць у сістэму Пентагону.

- Не хвалюйцеся. Я ж мастацкі твор пішу, выкарыстаю факты так, што ніхто не прычэпіцца.

- Хадзіла я нядаўна ў оперу, - раптам азвалася дзеўка, імейка ў яе было

- Вірынея. - Кармэн такая ўся гламурная, з прыгожа размаляванымі кастаньетамі, вытанцоўвае перад Хазэ... А ў Мэрымэ яна ў тым эпізодзе за няйменнем кастаньетаў разбівае талерку і таньчыць, выбіваючы рытм аскалёпкамі.

На жаль, не дурніца. Маю на ўвазе Вірынею.

- Зразумела намёк. Але прыкрашаць нічога не збіралася. Хаця і не ўсё можна вываліць на чытача... Ён проста не паверыць.

Дзяўчына скрывіла куточак рота, і Мацей зараз жа паўтарыў яе міміку.